Святлацені майстэрства і дабрыні

Творчасць майстра заўсёды крыху чарадзейства: яна прыцягвае, здзіўляе, захапляе і выклікае неадольнае жаданне затрымацца побач з тым, хто адкрывае свету прыгажосць. Услухацца ў нетаропкую гаворку. Не адпачыць душой — наадварот, адчуць, як яна ў нейкі момант пачынае гучаць ва ўнісон са словамі суразмоўцы; дакрануцца да невыказнага, найвышэйшага, якое, насамрэч, і робіць нас людзьмі. А калі пашанцуе, то і павучыцца. Навучэнцам філіяла УА “БДТУ” “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж” у гэтым пашанцавала шматразова: тут працуюць сапраўдныя майстры.

— Мы імкнёмся захаваць культурную спадчыну нашых продкаў — самабытныя беларускія рамёствы, якія з’яўляюцца адной з ніцей, што звязваюць мінулае і будучыню народа, — расказвае старшыня цыклавой камісіі “Мастацтва і дызайн” Кацярына Галісянкова. — Час не стаіць на месцы. Развіваецца і мяняецца разам з ім і наша камісія. З 2014 года ўведзены новыя запатрабаваныя сёння на рынку працы спецыяльнасці: “Аператар камп’ютарнай графікі” і “Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ”. Падрыхтоўку спецыялістаў разам з выкладчыкамі агульнаадукацыйнага кампанента ажыццяўляюць 7 педагогаў спецыяльных дысцыплін і 7 майстроў вытворчага навучання. Сярод іх няма “выпадковых” людзей. Гэта настаўнікі па прызванні і мастакі па стане душы — і вучнямі іх можна ганарыцца. З 2012 года ў нас дзейнічае музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе прадстаўлены лепшыя ўзоры кваліфікацыйных і дыпломных работ — тут ёсць на што паглядзець і чым захапіцца! На нашай базе пастаянна праводзяцца экскурсіі для навучэнцаў і ўсіх жадаючых. Каледж плённа супрацоўнічае з Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. На вучобу да нашых майстроў з усёй вобласці прыязджаюць настаўнікі выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання, кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах. Нямала жадаючых набыць навыкі работы з глінай, упрыгожыць свой інтэр’ер батыкам, габеленам, саломкай, выканаць незвычайныя канструкцыі для ландшафтнага дызайну з лазы і іншых матэрыялаў сярод дарослых людзей, адукацыя якіх не звязана з гэтымі прафесіямі — і мы з задавальненнем даём ім такую магчымасць. Асабліва хочацца сказаць пра майстра вытворчага навучання Жанну Арэхва. Гэта педагог, які не ўяўляе сябе без любімай работы, жыве ў ёй. Калі вучні Жанны Сяргееўны ўдзельнічаюць у конкурсах, абавязкова будзе перамога або прызавыя месцы. Яе аўтарскія работы з саломкі і лазы вядомыя далёка за межамі горада; практычна ніхто з тых, хто пабываў на занятках у майстра, не застаецца абыякавым да старадаўняга і такога сучаснага мастацтва.
— Тварыць — гэта занадта гучна сказана, — разважае пра любімую справу Жанна Арэхва. — Хаця (у вачах майстра ўсмешка) вытвараць мы можам — значыць, недзе недалёка ходзім і ад творчасці. Проста працуем з матэрыялам. Матэрыял дыктуе ўмовы, мы ім падпарадкоўваемся. Прычым на занятках з навучэнцамі, нават калі ты, педагог, збіраешся штосьці новае зрабіць, неабходна быць вельмі ўважлівым, чуйным да меркаванняў дзяцей. Нас доўгі час вучылі таму, што настаўнік вядзе, а вучня вядуць. Пры гэтым гаварылі, канечне ж, пра тое, што гэта працэс, які развіваецца з двух бакоў, што гэта рух насустрач адно аднаму. Але паміж настаўнікам і вучнем павінна быць нешта, што іх аб’ядноўвае. Вось матэрыял — гэта якраз яно і ёсць. У прасторы майстэрні лаза — той праваднік, які звязвае зямлю, акружэнне, адносіны. Пляценне — гэта як канва адносін навучэнцаў і дарослых, а таксама сістэмы, якая забяспечвае нас матэрыялам, цеплынёй, утульнасцю, колеравай насычанасцю майстэрні, якая пастаянна аднаўляецца, рамантуецца. Канечне ж, у такіх умовах можна думаць пра творчасць. Згодна з пірамідай Маслоу, з усіх чалавечых патрэбнасцей у першую чаргу задавальняюцца фізіялагічныя, і толькі на 10 працэнтаў — патрэбнасці ў творчасці і самарэалізацыі. У нашай жа майстэрні, па-мойму, усё наадварот. Калі створаны спрыяльныя ўмовы, то ёсць магчымасць развівацца творча і дзецям, і нам, выкладчыкам.
Паркавая скульптура з натуральных матэрыялаў — адзін з самых актуальных напрамкаў сучаснага дызайну. Беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва мае тут цікавыя шматвекавыя традыцыі, якія сённяшнія майстры беражліва захоўваюць. І кожны надае ім арыгінальную аўтарскую трактоўку.
— Саламяная пластыка — адзіная ў свеце скульптура, якая робіцца толькі ў Беларусі. Салома — надзвычай пластычны матэрыял, але, як я думаю, больш устойлівы і арганічны з ландшафтам — лаза, — працягвае Жанна Сяргееўна. — Невыпадкова гэтаму матэрыялу найбольш падыходзяць хлопцы — па характары і паводзінах. Зрэшты, тут я магла кавалак сплесці, паказаць, як лепш, а работу ў асноўным выконвалі навучэнцы. Захацелі Лазавіка зрабіць. У беларускім эпасе гаворыцца пра тое, што той увогуле маленькі, меншы за пазногаць і ўваходзіць у хату праз адтуліну ў даху. Канечне ж, такі домік выканаць з лазы немагчыма. Але паспрабавалі сплесці так, як мы яго сабе ўяўляем. Атрымаўся абаяльны, усмешлівы, і вочы ў яго такія, ведаеце, не стацыянарныя, а каб бачыць усё навокал. Абавязковы яблык на талерцы, крылы, на крылах рыба — відаць, таму, што Лазавік часам можа запусціць у сажалку крыло і такім чынам рыбачыць. Насупраць размясцілася хатка Лазавіка са схаванымі ў лістоце птушкамі. Крыху яны непрычасаныя, гэтыя вырабы. Зроблена гэта знарок, каб відаць быў матэрыял. Ён можа ўвогуле ствараць сам па сабе лёгкую ўскудлачанасць, некаторую форму, нават пляцення неабходна мінімум — і вы бачыце, што тут скульптурныя формы не рэалістычныя, яны матэрыяльныя. Але гэтае слова тут азначае толькі прысутнасць і дыктоўку матэрыялу. Уяўляеце: мы не спісвалі, а працавалі пад дыктоўку! А тут, ля ўвахода ў майстэрню, прытуліўся Лось. Дзеці кажуць, што птушка, якая ў яго на галаве, яму вушкі чысціць, каб Лось мог у акружэнні гэтым жыць і прыслухоўвацца да таго, што нашэптвае прырода. Скульптуры літаральна просяцца на свабоду. У майстэрні няма такой прасторы, няма патрэбнага святлаценю, таму вырабы выглядаюць як у зняволенні. Вельмі прыгожа будзе, калі яны пераплятуцца з травой, і выдатна, каб былі камяні, ручай непадалёк — гэта будзе зусім па-іншаму выглядаць.
Мяркуецца, што з новым праектам Жанны Арэхва і яе навучэнцаў па ландшафтным дызайне віцябляне і госці паўночнай сталіцы змогуць бліжэй пазнаёміцца на традыцыйнай пляцоўцы ў “Горадзе майстроў” падчас правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.