Упрыгожыць дом сваімі рукамі

Чым старыя савецкія мультфільмы адрозніваюцца ад сучасных? Тым, што іх з задавальненнем глядзелі і дзеці, і дарослыя, а таксама тым, што іх ніколі не надакучвае пераглядаць. Ну вось, напрыклад, як мультфільм пра дамавічка Кузю. Такі ўжо ён, гэты Кузя, кранальна-пяшчотны і сімпатычны. А яшчэ, як вядома, добрыя дамавікі засцерагаюць дом ад розных нячысцікаў. Прапісаць такога дамавіка ў нашай хаце нескладана — трэба проста ўласнаручна зрабіць яго. Як? Навучыць Лілія Леанідаўна Анісімава, выкладчык спецдысцыплін у групах Цэнтра прафесійнай адаптацыі і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Любая жанчына жадае, каб яе жыллё было асаблівым, выглядала цёплым, утульным, светлым і камфортным. Бо менавіта гэтыя паказчыкі дома, як правіла, з’яўляюцца найбольш важнымі для яго жыхароў. Як гэтага дасягнуць, калі ўсе сучасныя кватэры падобныя адна да адной — тыпавыя канапы, гатовыя кухні, спальні і іншая мэбля. Добрая гаспадыня ведае адказ: хатняга цяпла дададуць розныя неардынарныя штучкі, зробленыя сваімі рукамі.

Некаторым з чытачак, магчыма, ужо захацелася перагарнуць старонку, у душы сказаўшы сабе, што рукадзелле зусім не яе прызначэнне. Не спяшайцеся гэтага рабіць! Запэўніваю вас – здольнасць упрыгожваць уласнае жыллё ёсць абсалютна ў кожнай жанчыны. І кожная — у душы майстрыха, неабходна толькі знайсці ў сабе крыху цярпення, уседлівасці, і ўсё атрымаецца. Да таго ж рукадзелле, як і любая творчасць, прыносіць дзіўнае эстэтычнае задавальненне, знімае нервовасць і стомленасць, назапашаную за дзень, адцягвае ад будзённых праблем і перажыванняў. Увогуле, прыемнае арганічна спалучаецца з карысным. Напрыклад, робячы насценнае пано або вышываючы карціну, назіраючы, як крок за крокам акрэсліваецца малюнак, адчуваеш сапраўднае задавальненне. А потым, калі гатовая работа павешана на сцяну, вельмі прыемна будзе і самой на вынікі працы палюбавацца, і атрымаць камплімент ад здзіўленых гасцей. Таму, калі вы вырашылі надаць свайму дому непаўторную індывідуальнасць, смела бярыцеся за справу.
Спасцігнуць асновы творчасці па ўпрыгожванні свайго жылля з дапамогай персанальнага майстар-класа нам дапаможа выкладчык спецдысцыплін у групах Цэнтра прафесійнай адаптацыі і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, а па сумяшчальніцтве яшчэ і надзвычай творчы, неардынарны чалавек — Лілія Леанідаўна Анісімава.
Любоў да творчасці захапіла Лілію Леанідаўну яшчэ ў дзіцячым узросце. І жанчына нясе гэтую любоў праз усё жыццё, пераконваючы, што мастацтва ствараць прыгожае — яе сапраўднае прызначэнне. Творчасць Ліліі Леанідаўны выяўляецца ў розных напрамках. Разьба па дрэве і пашыў мяккіх цацак, чаканка і жывапіс, фларыстыка і аплікацыя — для гэтай жанчыны няма мяжы творчасці. Са сваімі вучнямі яна пастаянна прымае ўдзел у конкурсах рознага ўзроўню. Сваю ўнікальную творчасць Лілія Леанідаўна прадстаўляла і на такіх вядомых фестывалях, як “Александрыя збірае сяброў” і “Дажынкі”. Работы, прадстаўленыя на рэспубліканскіх і абласных фестывалях і кірмашах-выставах, неаднаразова ўдастойваліся вышэйшых узнагарод. У скарбонцы Ліліі Леанідаўны асабліва дарагія ёй, атрыманыя за творчую работу, — грамата ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У тым, што Лілія Леанідаўна Анісімава неверагодна крэатыўны, улюбёны ў сваю справу чалавек, вы пераканаліся. Цяпер самы час чаму-небудзь навучыцца. Спецыяльна для чытачак “Настаўніцкай газеты” яна раскажа і пакажа, як усяго за адну гадзіну зрабіць незвычайна пазітыўную аплікацыю, якая ўпрыгожыць сцены любога дома.
Каб стварыць нашу аплікацыю, якая, акрамя таго, што жыллё ўпрыгожыць, можа паслужыць арыгінальным падарункам, вам спатрэбіцца: невялікая драўляная рамка, адрэз (пажадана натуральнай тканіны), клей (лепш за ўсё для нашых патрэб падыдзе ПВА), пэндзаль, высушаныя расліны (бутоны кветак, травінкі, лісце, мох, семечкі ад агародніны і садавіны і г.д.), а таксама кавалачкі рознакаляровай тканіны, стужкі, ніткі, матузы, карункі, пяро — увогуле ўсё, што знойдзецца пад рукой.

Крок № 1
Робім аснову аплікацыі. Для гэтага нацягваем тканіну на прыгатаваную рамку. На гэтым этапе варта ўлічыць вельмі важны момант. Адрэз тканіны павінен быць з запасам, крыху большы за памер рамкі, гэта значна аблегчыць вашу працу. Прамазваем рамку клеем, адступаючы ад яе ўнутранага краю 2-3 мм, што дазволіць пазбегнуць плям ад клею падчас фіксацыі тканіны. Прыклаўшы тканіну да аднаго з бакоў рамкі, старанна прыціскаем яе, далей нацяжку робім з процілеглага боку, і так да поўнай фіксацыі. Абавязковая ўмова: тканіна, якая служыць асновай аплікацыі, павінна быць нацягнута ў літаральным сэнсе, як струна, і вельмі шчыльна прылягаць да рамкі.

Крок № 2
Напэўна, у кожнай жанчыны калі-небудзь разбіваўся кубак, талерка ці іншы посуд. На шчасце, скажаце вы, рыхтуючыся выкінуць сапсаваны посуд. Аднак не спяшайцеся, бо непатрэбным асколкам можна падарыць другое жыццё. Адным з галоўных элементаў нашай аплікацыі паслужыць часцінка глінянага кубка, які мы акуратна прамазваем клеем і прымацоўваем знізу перыметра прыгатаванай асновы.

Крок № 3
Самы час прыступіць да афармлення галоўнай гераіні аплікацыі. У нас гэта будзе маленькая беларуская Яга. Дарэчы, ва ўсіх сваіх работах Лілія Леанідаўна Анісімава імкнецца выкарыстоўваць беларускія матывы. Такім чынам, крыху вышэй зафіксаванага асколка кубка прыладжваем Язе галаву, якую можна зрабіць з дрэва альбо пап’е-машэ. Потым апранаем яе ў яркі, стыльны касцюмчык. Для гэтага нам і спатрэбяцца рознакаляровыя кавалачкі тканіны, ніткі, стужкі і матузы. Бяром кавалачак тканіны і з аднаго боку збіраем гармонікам, пасля чаго перамотваем падыходзячай па тоне ніткай і з адваротнага боку фіксуем клеем. Затым прыклейваем атрыманую эфектную сукенку ўнутр нашага кубка, цяпер перакваліфікаванага ў ступу. Наступны этап у стварэнні Ягі — выраб рук. Адпаведныя па колеры сукенкі кавалачкі тканіны, толькі меншага памеру, згортваем трубачкай. Пасля гэтага адзін з бакоў атрыманых трубачак прамазваем клеем і камячым, фарміруючы плечы. Пры дапамозе клею фіксуем атрыманыя “рукі” да сукенкі, імкнучыся надаць ім натуральнае становішча. Асобна з маленькіх кавалачкаў светлай тканіны робім далонькі. Спосаб іх вырабу вельмі просты: паэтапна, прамазваючы кожны “крок” клеем, складзіце папяровы самалёцік — вось і далонька. Іх мы прымацоўваем унутр трубачак-рук і фігурка Ягі практычна гатова. Але, якая дзяўчынка без раскошнай шавялюры! Для нашай гераіні мы зробім не толькі шыкоўную прычоску, але і святочны бант. Возьмем звычайныя ніткі і складзём у пучок аднолькавай даўжыні, затым перавяжам іх пасярэдзіне і зафіксуем на галаве нашай Ёжкі. Гэтак жа робім бант.

Крок № 4
Упрыгожваем практычна гатовую аплікацыю элементамі дэкору. Якраз цяпер спатрэбяцца карункі і тасьма, што ляжалі да гэтага ў запасе. З дапамогай карункаў упрыгожым маленькай Язе ступу, а тасьмой з беларускім арнаментам дададзім яе строю нацыянальнага каларыту. Кавалачак тасьмы замацуем і ўнізе атрыманай карціны. Каб Яга стала нарэшце паўнацэнным казачным персанажам, дадзім ёй у руку мятлу, зрабіць якую можна з галінак пырніку. Дадаць лёгкасці ў аплікацыю дапамогуць бутоны сухіх кветак, трава, лісце і ўсё, што падкажа вам ваша фантазія.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.