Згадваючы тбіліскія ўражанні
Калі я збіралася ў непрацяглае па часе падарожжа ў Грузію, знаёмы, які раней вандраваў па гэтай краіне, падказаў: “Абавязкова знайдзі час і зазірні ў парк Мтацмінда! Не пашкадуеш!”
Нават за некалькі дзён знаходжання ў Тбілісі збіраецца столькі разнастайных візуальных уражанняў, што думаеш, як гэта паспець усё асэнсаваць. А наконт гары Мтацмінды сапраўды не пашкадавала, бо аб’ект вельмі арыгінальны: адначасова забаўляльны комплекс, выдатная аглядная пляцоўка, пантэон. У дадатак дае магчымасць смачна паесці і праехаць на фунікулёры.
У парк дабіралася на маршрутцы, якіх безліч у грузінскай сталіцы. Цікава, што ў Тбілісі зусім няма электратранспарту, ніякіх тралейбусаў і трамваяў. Пераважаюць маршруткі, часам трапляюцца аўтобусы. Прычым маршруткі ідуць патокам. Пакуль стаяла на прыпынку на праспекце Руставелі, іх прайшло, дакладней, праляцела, неймаверная колькасць! Чаму менавіта такі від транспарту? Усё лагічна. На дарогах шмат крутых паваротаў, частыя перапады вышыні, таму маршруткі запатрабаваны больш за астатні транспарт. А вось уніз з гары я спускалася на фунікулёры.
Парк у той будны дзень, калі ў школах ішлі заняткі, быў пусты, амаль бязлюдны. Дзе-нідзе прагульваліся прыезджыя. Уяўляю, колькі дзяцей прыходзіць сюды з бацькамі ці самастойна ў дзень выхадны або святочны…
Што здзівіла больш за ўсё? Прысутнасць нацыянальнага духу ва ўсіх без выключэння аб’ектах. Фотаздымкі могуць даць уяўленне пра парк Мтацмінда, які знаходзіцца ў Тбілісі на гары з такой жа назвай (яе вышыня — 740 метраў). З радасцю і захапленнем разглядаеш ля ўвахода велізарныя, менавіта казачныя збудаванні. Драўляныя, яны пафарбаваны ў незвычайны колер. Уражанне, што фантазіі ў тых, хто іх вырабляў, дужа багата. Тут — велізарная галава чараўніка, варажбіта (мо гэта пушкінскі Чарнамор, мо герой грузінскіх казак), і ў яго абліччы адчуваюцца рысы жыхара менавіта Грузіі.
Ідзеш па алеі далей, бачыш домікі — такія, якіх шмат у старым горадзе. Яны афарбаваны ў розны колер, пастаўлены адзін на адзін, як дзіцячыя кубікі. Атрымліваецца, што з дзяцінства малеча засвойвае на падобных прыкладах адметнасць нацыянальнай архітэктуры.
Пакуль выраслі ўласныя дзеці, колькі я пабачыла каруселей у розных парках! У Тбілісі і тут вынаходства: дах імітуе галінкі і бліскучае зялёнае лісце магнолій. Проста і арыгінальна! Кожны, у каго ёсць малыя дзеці, ведае, што любімы занятак бацькоў — мераць рост уласных нашчадкаў, маўляў, паглядзім, як ты падрос за месяц. У парку ўбачыла такі растамер, упрыгожаны выявамі жывёл, надпісы на ім па-грузінску і па-англійску.
Самае галоўнае — такі парк не зблытаеш ні з якім іншым. Ён застаецца ў памяці ў якасці ўзору таго, як на вялікай тэрыторыі можна стварыць сардэчную, цёплую, душэўную атмасферу; таго, як можна любіць дзяцей і колькі ўсяго прыдумаць для развіцця іх фантазіі, разумнай арганізацыі вольнага часу. І гэта не вымагае нейкіх неверагодных, астранамічных укладанняў.
Дарэчы, падчас вандроўкі даведалася, што пасля маршрутак канатныя дарогі — другі па папулярнасці від транспарту ў Грузіі. Галоўным чынам таму, што ў кожным грузінскім горадзе шмат перападаў вышыні. А фунікулёр дае цудоўную магчымасць убачыць горад з вялікай вышыні.
Калі ў парку Мтацмінда толькі спускалася на фунікулёры ўніз, то, каб убачыць зблізку крэпасць Нарыкала, ехала і ўверх, і ўніз. Канатную дарогу адкрылі ўсяго пяць гадоў назад, раней падарожнікі ўздымаліся пешкі. Маё ўражанне крыху псаваў дождж, бо ўвесь горад апынуўся ў шэра-жамчужнай смузе, кабінка знутры запацела, таму годныя фота зрабіць не атрымалася.
Магчыма, самыя яркія ўражанні чакалі мяне пасля спуску ад крэпасці Нарыкала. Кабінка фунікулёра ўнізе спыняецца ў парку Еўропы. Хацелася доўга з усіх бакоў разглядаць скульптуру “Дрэва”. Вынаходлівасці мастака не перастаеш дзівіцца. І ствол, і галіны зроблены з металу. На ствале, бліжэй да зямлі, шмат дзвярэй. Яны ўспрымаюцца як чароўны ўваход у іншую рэальнасць.
Яшчэ адно сапраўды магутнае ўражанне мост міру. Унізе — Кура і імклівы паток машын. Пешаходны мост хвалепадобнай формы быў пабудаваны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта краіны Міхаіла Саакашвілі. Мост шкляны, футурыстычны — быццам з’ява з будучыні. Па ім увесь час ідуць турысты, здымаюць відэа, робяць фота. -Аўтар канструкцыі італьянскі архітэктар Мікеле дэ Лукі накрыў шклом сталёвы каркас. Дадатковы эфект ствараюць 30 тысяч лямпачак. Мост адкрылі ў 2010 годзе, усяго сем гадоў назад. Шчыра кажучы, уявіць у Мінску падобны праект пакуль не атрымліваецца. Падчас будаўніцтва шмат жыхароў Грузіі выступала супраць такога праекта. Але мінуў час — і мост, які яднае гістарычную і новую часткі горада, успрымаецца як сімвал сучаснага Тбілісі.
Вядома, у новым горадзе заўсёды імкнешся ўбачыць і зафіксаваць у памяці (або ў мабільніку) тое, чаго няма або мала ў тваім горадзе. У гэтым сэнсе Тбілісі ўразіў велізарнай колькасцю вялікіх і малых помнікаў. Ідзеш па праспекце Руставелі — і час ад часу на невялікіх пастаментах вышынёй 70—80 сантыметраў трапляюцца скульптуры. Па стылі, манеры відаць, што і аўтары, і героі нарадзіліся менавіта ў гэтым горадзе, — такія яны каларытныя і душэўныя. Увогуле, Грузія дзівіць трапяткім стаўленнем да свайго мінулага. Напрыклад, да пяці культавых постацей сярэднявечча, сярод якіх Святая Ніно, Вахтанг Гаргасалі, Давід Будаўнік, царыца Тамара, Шата Руставелі. Самабытнасць у Тбілісі адчуваеш літаральна на кожным кроку. Здаецца, яна разліта ў паветры, якім дыхаюць.
Мне даўно хацелася ўбачыць наяве, як выглядае каларытны грузінскі дворык. Дзеянне фільмаў савецкага часу неаднойчы разгортвалася менавіта ў такой прасторы. У Тбілісі я жыла ў цэнтры, недалёка ад дзвюх станцый метро — “Плошча Свабоды” і “Руставелі”. Да гістарычнай часткі — хвілін 20 пешшу. І ў той жа час на дзіва ціха — вокны вялікага пакоя выходзяць у двор.
За вокнамі менавіта такі ж стары і ўтульны тбіліскі дворык, які неаднойчы бачыла ў кіно. Усё вельмі добра прадумана. Двор мае выезд на вуліцу, але фактычна гэта замкнёная тэрыторыя, што з пункту гледжання экалогіі вельмі прывабна. У цэнтры — высокі платан (дарэчы, іх шмат у Тбілісі). Тры паверхі пабудоў. Драўляныя балкончыкі і лесвіцы з розных паверхаў выходзяць унутр двара. Балконы шырокія і суцэльныя. На іх — выхады з кватэр, хоць лесвічныя пралёты ёсць і ў каменным доме. На балконах сушыцца бялізна, стаяць старыя шафы, захоўваецца непатрэбная мэбля. Акрамя іншага, гэта месца адпачынку, сустрэч, свят. Раніцай бачыла, як, спусціўшыся са сваёй лесвіцы, двое старшакласнікаў з розных кватэр з рукзачкамі за спінай адпраўляліся ў школу. Разы два і мне дапамаглі балконы, бо ўваходныя дзверы на паверх у праездзе былі зачынены. Паднялася на балкончык, прайшла па ім — аказалася, што трапіла на паверх вышэй. Спусцілася на свой.
…Па старым Тбілісі можна хадзіць бясконца, атрымліваючы асалоду ад вузкіх, часам крывых, але не менш арыгінальных вулачак, ад багацця і разнастайнасці візуальных вобразаў — помнікаў, вінных магазінаў, кавярань.
Мая выснова зусім не новая: падарожнікаў прывабліваюць горад і краіна найперш таму, што яны здолелі захаваць уласную самабытнасць.
Ірына АБРАМОВІЧ.
Фота аўтара.