Трапіць у незвычайны свет вырабаў з паперы ёсць магчымасць у наведвальнікаў гуртка “Папяровы свет”, які працуе ў Паплаўскім яслях-садзе — базавай школе. Кіруе ім настаўніца пачатковых класаў Алена Ляміна, якая і дапамагае дзецям развіваць мастацка-вобразнае мысленне і рэалізоўваць яго на практыцы ў цудоўных вырабах.
Гурток адкрыўся ў Паплаўскай школе нядаўна: працуе толькі другі год, але ўжо стаў адным з найбольш любімых і папулярных аб’яднанняў па інтарэсах. Яго наведваюць не толькі вучні пачатковых класаў, на якіх ён і разлічаны, але і пяцікласнікі, якія настолькі захапіліся паперапластыкай у мінулым годзе, што працягваюць займацца любімай справай і далей.
Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым Алены Аляксандраўны, якая ўмее зацікавіць школьнікаў сваім захапленнем.
Настаўніца пачатковых класаў мае і дадатковую спецыяльнасць — “Кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”, якую атрымала яшчэ ў час навучання ў педагагічным каледжы. І для яе гэта не проста дадатковая спецыяльнасць, а магчымасць рэалізаваць сябе ў творчасці, акунуцца ў свет прыгожага. Раней Алена Аляксандраўна займалася інкрустацыяй саломкай, а ў апошні час зацікавілася вырабамі з паперы. Яна адзначае, што папера вельмі выразны і пластычны матэрыял, з якога можна стварыць незвычайны “папяровы свет”. Да таго ж яна адносна танная і даступная для ўсіх. Сярод тэхнік, у якіх ствараюцца папяровыя вырабы ў гуртку Алены Лямінай, — аплікацыя, паперапластыка, выцінанка, квілінг, арыгамі і іншыя. Ідэі для новых вырабаў Алена Аляксандраўна і яе выхаванцы шукаюць у інтэрнэце і спецыялізаваных часопісах. Прычым вельмі часта дзеці самі прыходзяць з прапановамі зрабіць тую ці іншую рэч ці паспрабаваць новую тэхніку.
За час існавання гуртка ўжо было створана шмат прыгожых і незвычайных вырабаў з паперы. Выхаванцы гуртка пастаянна прымаюць удзел ва ўсіх раённых выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У раённым конкурсе “Калядная зорка” ў 2012 годзе выцінанкі выхаванцаў гуртка “Папяровы свет” занялі 1 і 3 месцы, а ў 2013 годзе тапіярый, выкананы ў тэхніцы паперапластыкі, таксама стаў пераможцам у сваёй намінацыі. Папяровая “Лялька Мары”, зробленая рукамі паплаўскіх школьніц, заняла 1 месца ў абласным конкурсе “Прывітанне, свет!” і ўдзельнічала ў рэспубліканскай выставе.
Удзельнікі гуртка, якім кіруе Алена Ляміна, арганізоўваюць выставы сваіх работ і ў роднай школе (на Дзень маці і 8 Сакавіка), займаюцца ўпрыгожваннем установы да навагодніх свят.
Асоба творчая, Алена Аляксандраўна заўсёды мае шмат ідэй, часта нестандартных, пастаянна шукае нешта новае, чым зацікавіць сваіх выхаванцаў і разам з імі спасцігаць свет прыгожага, створанага сваімі рукамі.
Вольга ХІЛЮТА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Паплаўскага ясляў-сада —
базавай школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.