Адрадзіць, каб захаваць

На Маларытчыне адраджаюцца традыцыі ткацтва. Калі раней гэтай справай займаліся толькі ў Маларыце і Дарапеевічах, то цяпер да іх далучыўся і Хаціслаў. Тут у сельскім Доме культуры пры школе народнай творчасці ўжо некалькі месяцаў працуе клас па ткацтве.

Адраджэннем і захаваннем ткацкіх традыцый у Хаціславе заняліся невыпадкова. Адным з ініцыятараў гэтай справы стала дырэктар Хаціслаўскага СДК Галіна Іванаўна Хомік, якая вырасла на памежжы Маларыцкага і Ратнаўскага раёна Украіны. Калі жанчына пераехала ў Беларусь, то захацела больш глыбока пазнаёміцца з невычэрпнай народнай культурай і, па магчымасці, захаваць яе для нашчадкаў. Для гэтага яна не адзін год па драбніцах збірала беларускі фальклор. Намаганнямі Г.І.Хомік ужо многае вернута з небыцця. Жанчына лічыць, што цяпер важна паспець сабраць, запісаць і апрацаваць належным чынам багатую фальклорную спадчыну, бо носьбіты культуры паступова адыходзяць.

— Нашы калектывы — узорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” (заслужаны аматарскі калектыў Беларусі) і народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне” — падчас выступленняў прапагандуюць пераважна мясцовыя песні, танцы, легенды, паданні, прыпеўкі… — гаворыць Галіна Іванаўна. — А можна паказваць таксама мясцовыя строі, іх багацце, каларыт. А дзе іх узяць? Выткаць самім! Хацелася, каб дзеці навучыліся і ткаць.

З 2017 года на Маларытчыне і Ратнаўшчыне пачаў рэалізоўвацца праект “Народная творчасць без меж” у рамках Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін “Усходняга партнёрства” Беларусь — Украіна пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. На праект, разлічаны да лютага 2019 года, выдаткавана каля 98,5 тысяч еўра (Маларытчына атрымае 59% ад гэтай сумы). Мэта праекта, у якім удзельнічае школа народнай творчасці Хаціслаўскага СДК, заключаецца ў фарміраванні культурнай ідэнтычнасці Палесся на аснове адраджэння традыцый ткацтва на тэрыторыі беларуска-ўкраінскага памежжа.

— Школа народнай творчасці дзейнічае ўжо 20 гадоў, — расказвае Г.І.Хомік. — Да ткацкіх сакрэтаў далучаюцца 15 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў — 14 дзяўчынак і хлопчык. Заняткі з імі тры разы на тыдзень праводзіць ткачыха Вольга Уладзіміраўна Смаль. Жанчына — вучаніца вядомай народнай майстрыхі Сцепаніды Сцепанюк. Сёння педагог з задавальненнем перадае набытыя веды і вопыт вучням.
У школе народнай творчасці трое кроснаў. Двое з іх раней належалі мясцовай жыхарцы.

— Існуе шмат розных ткацкіх нюансаў, пра якія я нават не здагадвалася, пакуль не села за кросны, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Падчас найбольш працаёмкай аперацыі — запраўкі станка — кожная з нітак асновы прапускаецца праз вузельчыкі аднаго з нітоў, прызначаных для прыпадымання ці апускання нітак асновы. Размеркаванне нітак па нітах вызначае малюнак будучай тканіны. Запраўка кроснаў выконваецца ўдваіх і патрабуе высокага майстэрства.

Хаціслаўскія школьнікі ахвотна наведваюць заняткі В.У.Смаль. Ім тут цікава. Пра тое, чаму ўжо навучыліся за некалькі месяцаў, яны з радасцю расказваюць гасцям.

Працуюць кросны: шумяць бёрды, бегае паміж нітоў чаўнок. Паступова атрымліваецца ўзор, закладзены ў нітах. Гледзячы на гэты цуд, складваецца ўражанне, што ткацкі станок нагадвае цудадзейную машыну часу, якая дазваляе на імгненне апынуцца ў мінулым, дакрануцца да яго і нават зрабіць немагчымае: уваскрэсіць былое, выткаўшы старадаўні ўзор на палатне. Адсюль, напэўна, і пачынаецца сапраўдная любоў да роднага і блізкага — да малой радзімы.

Многія дзеці, якія наведваюць заняткі па ткацтве, з’яўляюцца таксама ўдзельнікамі “Вясковай табалы”. Ім, вядома, ёсць у чым выступаць. Але дзеці мараць сваімі рукамі выткаць для сябе народныя касцюмы і выйсці ў іх на сцэну, каб парадаваць гледачоў, крануўшы іх і песняй, і танцам.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.