У Камянюцкай сярэдняй школе Камянецкага раёна, якую нядаўна наведалі супрацоўнікі нашай газеты ў рамках прэс-туру па Брэсцкай вобласці, нярэдка ладзяцца выставы творчых работ дзяцей з незвычайных матэрыялаў — і прыродных (балазе школа знаходзіцца літаральна ў Белавежскай пушчы), і, наадварот, той штучнай сінтэтыкі, без якой не абыходзіцца ў сваім жыцці чалавек, але якая не павінна забруджваць прыроду.
Камянюцкая школа даўно славіцца сваімі традыцыямі экалагічнай адукацыі і экалагічнага выхавання, і яе навучэнцы добра ведаюць, што навакольнае асяроддзе трэба захоўваць у чысціні і яго прыроднай прыгажосці, што да ўтылізацыі бытавых адходаў трэба падыходзіць з розумам, а можна нават і спалучыць яе з мастацкай творчасцю. У літаральным сэнсе ператварыць смецце, трэш… у мастацкі твор! Вось і гэтымі днямі ў фае на другім паверсе Камянюцкай сярэдняй школы можна ўбачыць выставу мастацкіх вырабаў, большасць з якіх створана ў кірунку артсайклінг — ад англійскіх слоў art (“мастацтва”) і cycle (“цыкл”), мастацкае пераўвасабленне выкарыстаных рэчаў. “Музычная сава” з бліскучымі круглымі вачыма, якія калісьці былі кампакт-дыскамі, вятрак, сабраны з пластыкавых шклянак і трубачак для піцця, “В’етнамская свінка” з празрыстым тулавам-бутэлькай, вясёлы вусень з расфарбаванай упакоўкі для яек, мэбляваны “Домік для лялькі” з ложкамі, вырабленымі з кавалкаў кардону ад каробак, і засланымі кавалачкамі штучнай шэрсці, адходамі швейнай вытворчасці… Фантазіі камянюцкіх школьнікаў сапраўды бязмежныя і “экалагічна чыстыя”, бо рэчы, з якіх яны стварылі свае мастацкія творы, не валяюцца недзе ў лесе напамінам пра безадказнасць чалавека, а знайшлі сваё другое — мастацкае — жыццё.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.