Чароўныя лялькі

Сёння рукатворная лялька перажывае другое нараджэнне. Людзі цікавяцца народнымі абрадамі, культурай і традыцыямі сваёй краіны. Старадаўнія побытавыя прадметы, вырабленыя рукамі і з душой, становяцца ўсё больш папулярнымі і запатрабаванымі.

Нашы педагогі актыўна далучаюць дзяцей да беларускай народнай культуры. Сярод іх — настаўніца абслуговай працы кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Чароўныя лялькі” Алена Леанідаўна Волкава.

Педагог прызнаецца, што спачатку было складана зацікавіць сучасных дзяцей шыццём і вышыўкай. Але калі яна занялася лялькамі, усё змянілася. Цяпер аб’яднанне наведваюць амаль усе пачаткоўцы, прычым не толькі дзяўчынкі. Дзіцячыя вырабы неаднаразова займалі прызавыя месцы на абласной выставе дзіцячай творчасці “Берасцейшчына: традыцыі і святы”, раённых конкурсах “Пазнай Беларусь” і “Прывітанне, свет!”.

Алена Леанідаўна ўпэўнена, што самыя таленавітыя стваральнікі лялек — дзеці, якія праз лялечны свет пазнаюць жыццё, засвойваюць маральныя каштоўнасці, натхняюцца і фантазіруюць.

— Лялькі ствараюцца па пэўных правілах, — гаворыць А.Л.Волкава. — Аснова лялькі заўсёды выконваецца ў светлых колерах. Ніткі трэба намот­ваць па ходзе стрэлкі гадзінніка, робячы цотную колькасць віткоў. Раней не дазвалялася рабіць лялькі ў сераду, пятніцу, нядзелю і царкоўныя святы. Самае галоўнае — ствараць ляльку з добрым настроем і любоўю. Заўсёды прытрымліваюся гэтых правіл.

Усе лялькі вырабляюцца безаблічнымі, як у даўнія часы. Лічыцца, што ў ляльку без твару не можа ўсяліцца злая сіла. Продкі шанавалі лялькі-абярэгі, не давалі іх чужым людзям, размяшчалі ў чырвоным куце каля абразоў. У кожнай было асаблівае прызначэнне. Рукатворная лялька з’яўлялася своеасаблівым родавым этнічным кодам, які паказваў арыенціры жыццёвага шляху.

Уражвае, як Алена Леанідаўна расказвае пра кожную ляльку, нібыта яна жывая і добрая знаёмая ёй. Адчуваецца, што ў вырабы ўкладзена шмат цяпла і любові. Вось прыгожая Беларусачка ў нацыянальным уборы. А вось Крупенічка (Зярнушка), лялька-абярэг на сытасць, дастатак у сям’і і гаспадарлівасць. Калі трэба памочніца ў справах, дапаможа народная абрадавая лялька Мнагаручка (на кожную ручку трэба загадаць жаданне-справу, у якой лялька павінна дапамагчы). Асноўнай лялькай лічыцца Берагіня, што аберагае хатні ачаг, прыцягвае шчасце і дастатак у дом.

У якасці матэрыялу для вырабу выкарыстоўваюцца бабуліны ручнікі, сурвэткі, яркія стужкі, даматканае палотнішча.

Багатая калекцыя лялек склала аснову школьнага музея “Нацыянальныя традыцыі ў лялечным абліччы”. Экскурсаводамі выступаюць вучні 5—6 класаў, якія разам з педагогам рыхтуюць займальныя гісторыі пра кожную ляльку, яе ролю ў жыцці продкаў. Музейныя заняткі выхоўваюць павагу да нацыянальных каштоўнасцей, традыцый і культуры ў цэлым. Усе ганаровыя госці музея атрымліваюць у падарунак любімую ляльку Алены Леанідаўны “На шчасце”.

Марына КЛІМАВЕЦ,
настаўніца англійскай мовы Кукаўскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.