Макрамэ — тэкстыльная карункавая тэхніка, у аснове якой — вузельчык. Інакш кажучы, гэта вузельчыкавае пляценне. З яго дапамогай можна ствараць бранзалеты, сумкі, дыванкі, бірулькі, пано, пакрывалы, фіранкі, чахлы, абажуры і інш. Гэта простая тэхніка, якая адкрывае шырокія магчымасці для самавыяўлення і творчасці. А актыўная работа кісцей рук і пальцаў развівае дробную маторыку, памяць і ўвагу.
Асаблівага росквіту макрамэ дасягнула ў 1970—1980-я гады. Рукадзельніцы стваралі ў гэтай тэхніцы розныя рэчы. Выдаваліся брашуры і кнігі, у часопісах друкаваліся схемы-ўзоры вырабаў, у школах арганізоўваліся гурткі па навучанні пляценню. У 1990-я — пачатку 2000-х гадоў пра макрамэ крыху прызабылі. Ім займаліся пераважна энтузіясты. Сёння адраджаецца папулярнасць гэтага віду дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усё часцей і часцей у інтэр’ерах можна ўбачыць прадметы, выкананыя ў тэхніцы макрамэ.
Больш за 30 гадоў кіраўнік узорнай студыі “Чараўніца” Людміла Уладзіміраўна Шакрота з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак плесці чароўныя вузельчыкі, ствараць прыгажосць сваімі рукамі.
Педагог пазнаёмілася з гэтай тэхнікай яшчэ ў маладосці. Таямнічыя вузельчыкі так захапілі, што яна вырашыла заняцца пляценнем сама. У выніку захапленне супала з прафесійнай дзейнасцю.
Спачатку выхаванцы плялі на занятках плоскасныя вырабы, традыцыйныя для тэхнікі макрамэ. Паступова сталі пераважаць аб’ёмныя работы, створаныя на бутэлечным каркасе. Пачыналі з адзінкавых экспанатаў — фігурак людзей і жывёл. Але імі педагог і навучэнцы не абмяжоўваліся: шукалі новых персанажаў з казак, дзіцячых літаратурных твораў, мультфільмаў. Так сталі ўзнікаць самабытныя сувеніры са сваім характарам і настроем: “Пірат”, “Баба Яга”, “Піліпка”, “Каваль”, “Шапакляк” і інш. Адзінкавыя экспанаты аб’ядноўваліся ў кампазіцыі “На кірмашы”, “Жылі-былі дзед і баба” і “Мастак”, якія затым аб’ядноўваліся ў больш буйныя формы. Сёння ў студыі звыш 100 фігурак людзей і жывёл, створаных па матывах народных казак, твораў беларускіх пісьменнікаў, сцэнак з жыцця.
Падчас навучання дзеці не толькі асвойваюць тэхніку макрамэ, але і знаёмяцца з народнай творчасцю. Так, студыйцы ствараюць аб’ёмныя вырабы з лёну ў нацыянальным стылі. Пад кіраўніцтвам педагога выхаванцы ўвасабляюць у творчых работах вобразы айчыннага фальклору, надаючы ім нацыянальны каларыт. Так, у фігурцы “Беларуса” можна знайсці рысы “песняра” Уладзіміра Мулявіна, а ў “Дырыжоры” — Міхаіла Фінберга.
Многія работы студыйцаў адзначаны граматамі і дыпломамі раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў і конкурсаў. Сярод іх — праекты “Карцінкі з жыцця беразаўчан” з некалькіх самабытных кампазіцый (“Аднавяскоўцы”, “Ранішнія клопаты”, “Бабуліны абаранкі”, “Хор”, “Гаспадар”, “Суседкі”, “Дзед Барадзед”, “Дзядуля, бабуля і ўнук”, “Каравай, каравай, каго хочаш выбірай) і “Усе мы родам з дзяцінства” з аб’ёмных сюжэтна-тэматычных кампазіцый (“Сям’я”, “Школа”, “Партрэт з дзядулем”, “Крылатыя арэлі”, “Бабулін кот”, “Сяброўкі”, “У двары”).
Сёння ў студыі займаюцца 36 навучэнцаў ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Аднойчы трапіўшы на заняткі, хлопчыкі і дзяўчынкі застаюцца тут надоўга. Пасталеўшы, многія не забываюцца пра дзіцячае захапленне.
Л.У.Шакрота бясконца ўлюбёная ў сваю справу. Яна выхоўвае ў дзяцей акуратнасць, цярпенне і працавітасць, дапамагае бачыць незвычайнае ў штодзённым жыцці і ўвасабляць гэта ў адметных работах. На занятках пануе добразычлівая атмасфера, кожнае дзіця адчувае ўвагу і падтрымку педагога.
Вырабы, створаныя з цяплом і любоўю, прыносяць радасць не толькі іх стваральнікам, але і тым, каму яны іх дораць. Педагагічнае крэда Людмілы Уладзіміраўны: “Усё, што схавана — знікла, а ўсё, што аддадзена — тваё”. Л.У.Шакрота шчодра дзеліцца талентам, майстэрствам, душэўным цяплом і аптымізмам з іншымі.
Ірына ЖУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы.