Праца ў прыродзе — адзін з кірункаў экалагічнага выхавання дашкольнікаў. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава з удзелам педагагічных работнікаў, выхаванцаў і іх бацькоў ажыццяўляецца работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі, дзеці далучаюцца да працы, пазнаюць прыроду.
Цікавы гістарычны факт. Нямецкі педагог Ф.Фробель вялікую ўвагу ўдзяляў ролі прыроды ў развіцці дзяцей, рэкамендаваў часцей выводзіць дзяцей на прыроду і знаёміць з раслінамі. Аднойчы прагулка Ф.Фробеля па маляўнічых месцах прывяла яго да думкі назваць дашкольную ўстанову “дзіцячым садам”. Ён меў на ўвазе, што дзеці вялікую частку часу будуць праводзіць на адкрытым паветры, у садзе, пад непасрэдным уплывам прыроды. У пераносным сэнсе ён лічыў, што ў дзіцячым садзе будзе арганізаваны такі ж догляд дзяцей, як у добрым садзе — раслін. У дзіцячым садзе ён прапанаваў арганізаваць сад для дзяцей. Важнасць гэтага саду Ф.Фробель убачыў у тым, што з’яўляецца магчымасць пастаянна з дзецьмі назіраць прыроду, даваць ім паняцце аб батаніцы, вывучаць садоўніцтва і агародніцтва, выхоўваць правілы грамадскага жыцця.
У нашым дашкольным цэнтры мы стварылі 12 экастанцый, якія дазваляюць дзецям атрымаць новыя ўяўленні пра аб’екты жывой і нежывой прыроды, пра асаблівасці пасадкі і росту кветак, кустоў, дрэў, раслін агарода, лекавых раслін.
Перш чым адправіцца на канкрэтную экастанцыю, дзеці знаходзяць экасумку з пазначэннем экастанцыі і рознымі інфармацыйнымі, мастацкімі і нагляднымі матэрыяламі (ілюстрацыі, загадкі, вершы, прыказкі, гульні і інш.). Для таго каб работа была цікавай, педагагічныя работнікі пасялілі на кожнай экастанцыі гаспадара, які там жыве, расказвае аб прыродзе, з дапамогай дзяцей сочыць за парадкам, дае даручэнні, прапануе заданні. Гаспадар экастанцыі “Вітамінныя градкі” — слімак, станцыі “Лекавыя расліны” — пчолка, станцыі “Лісцевыя дрэвы” — бусел, станцыі “Экапалянка” — вожык.
Пры выкананні працоўных даручэнняў дзеці адчуваюць важнасць свайго ўдзелу, неабходнасць падтрымліваць чысціню і парадак, пераконваюцца ў карысці калектыўнай працы. Іх працоўная дзейнасць ацэньваецца і заахвочваецца ад імя кожнага гаспадара экастанцыі, і гэта значна для асобаснага развіцця выхаванцаў.
Настасся ДОБЫШ,
педагог сацыяльны дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава Гродзенскай вобласці.