Іх норавы: народныя святы і звычаі шведаў

На факультатыве шведскай мовы ў гімназіі № 2 Віцебска мы вывучаем не толькі мову, але і багатую народную культуру, традыцыі і звычаі далёкай скандынаўскай краіны. Гэта духоўна ўзбагачае навучэнцаў і стымулюе цікавасць да вывучэння прадмета. Разам з гімназістамі мы робім інсцэніроўкі шведскіх нацыянальных свят. Народныя звычаі зусім не такія статычныя, як можа выглядаць падчас фальклорных пастановак, — наадварот, яны маюць вельмі жывыя формы, якія пастаянна мяняюцца. Мне хацелася б крыху расказаць пра некаторыя самыя яркія святочныя звычаі Швецыі.

Свята сярэдзіны лета

Вялікае гадавое свята летняга сонцастаяння Midsommar бярэ свой пачатак з язычніцкіх часоў. Шведы спраўляюць яго ў найбліжэйшыя да 24 чэрвеня — Дня святога Яна — выхадныя. Святкаванне вельмі нагадвае беларускае Купалле. Шматлюднае народнае гулянне, у цэнтры якога красуецца “майскае дрэва” (Majstång), право­дзяць у кожным горадзе і паселішчы Швецыі. На вялікай паляне накрываюць доўгія сталы з традыцыйнымі пачастункамі: падаюць свежую бульбу, звараную ў кропе, розныя гатункі селядца ў дамашнім кісла-салодкім марынадзе, зялёную цыбулю са смятанай. Да ежы падаюць лёгкае піва і сідр, а на дэсерт ядуць клубніцы з марожаным і ўзбітымі вяршкамі або клубнічны торт. Пасля абеду звычайна надыходзіць пара традыцыйных гульняў і танцаў у коле пад жывую музыку фальклорных аркестраў, і гулянне працягваецца да позняй ночы. На гэтае свята шведы звычайна апранаюцца ў народныя касцюмы (folkdräkter), а на галовах ва ўсіх: а ў дзяўчат, і ў хлопцаў — красуюцца вянкі з травы і кветак (sommarkransar).

Свята ракаў

У жніўні ў магазінах Швецыі наплыў тавараў, на розныя лады ўпрыгожаных выявай ракаў. Гэта і нагрудныя фартушкі, і папяровыя шклянкі, талеркі і сурвэткі, таксама пацешныя папяровыя каўпачкі, не кажучы ўжо пра вялікія папяровыя ліхтары і гірлянды, з якіх усміхаецца блакітнавокая прыгажуня Поўня. Такога культу ракаў вы не ўбачыце ні ў адной іншай краіне! Застолле з ракамі праходзіць у трэцяй дэкадзе жніўня. Яно су­праваджаецца рознымі аксесуарамі, спевамі застольных песень пад баян, пажадана на адкрытым паветры і пры святле поўні. Трэба адзна­чыць, што звычай не такі ўжо старажытны. Узнік ён з прычыны ўказа, згодна з якім 100 гадоў назад была накладзена забарона на лоўлю ракаў на працягу ўсяго года, акрамя двух восеньскіх месяцаў, бо ракаў у вадаёмах станавілася ўсё менш і менш з-за празмернага адлову. Так нарадзілася традыцыя застолля з ракамі ў канцы лета як свята вяртання любімай стравы на стол. Па-шведску яно называецца Kräftskiva. Над сталамі развешваюць мноства гірлянд і папяровых ліхтарыкаў з выявай Поўні, а ўсе прысутныя за сталом апранаюць спецыяльныя каўпачкі і фартушкі з выявай любімай стравы. Сталы літаральна ломяцца ад ракаў, амараў, крэветак. Есці ракаў па-шведску не так проста, гэта спецыяльны кулінарны рытуал. На сталах ляжаць песенныя зборнікі, зноў жа размаляваныя ракамі. Усе ядуць і спяваюць да позняй ночы: гэта свята развітання з кароткім шведскім летам.

Свята Люсіі — пачатак Каляд

Італьянцы, напэўна, вельмі дзівяцца, калі бачаць, як пышна лютаране-шведы святку­юць 13 снежня — Дзень каталіцкай святой Лючыі. Але не рэлігія звязвае шведскую Люсію з яе італьянскай цёзкай, а толькі імя. “Святая Люсія, у цудоўным мігценні ў зімовую ноч падары нам ззянне святла!” — так са шведскай мовы перакладаюцца словы “Sankta Lucia, ljusklara hägring, sprid i vår vinternattglans av din fägring!” з папулярнай неапалітанскай песні. А Люсію святкуюць у Швецыі як на афіцыйным узроўні, калі даюцца канцэрты ў цэрквах і тэатрах, адбываюцца шэсці па цэнтральных вуліцах гарадоў, так і ў менш фармальнай атмасферы — у школах, дзіцячых садах, дамах састарэлых, клубах, а таксама ў сем’ях. Традыцыйна на Люсію накрываюць стол з кавай і здобнымі шафранавымі булачкамі (lussekatter), і ўсе госці ся­дзяць у цемры ў чаканні, калі ж пачуюцца лёгкія крокі Люсіі… Нарэшце яна з’яўляецца ў белым адзенні, з цудоўнай каронай, са свечкамі ў валасах… Прыгажуня крочыць са світай, якая складаецца з дзяўчынак у белым адзенні і сярэбраных вяночках і Стафанаў — “зорных хлопчыкаў”, у іх таксама белае адзенне і каўпачкі з зоркамі. У руках Люсія трымае свечку і паднос з перцавым печывам (pepparkakor), а яе світа спявае песню “Санта Люсія”.Так песенным карагодам увахо­дзяць яны ў цёмны пакой і спяваюць… а пасля запальваецца святло! Хор Люсіі доўга спявае калядныя песні, паколькі хутка насту­пяць Каляды (Jul). Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Велікодныя бабкі

У Швецыі людзі не праяўляюць асаблівай цікавасці да царквы, але традыцыя святкавання Вялікадня выдатна захавалася. Магазіны запоўнены разнастайнымі велікоднымі куранятамі, трусамі, ягнятамі і вельмі сімпатычнымі ведзьмамі. Традыцыйным упрыгажэннем шведскага дома на свята з’яўляюцца жоўтыя нарцысы і галінкі бярозы, аздобленыя рознакаляровымі пёрамі. Дамінуючы колер — жоўты, бо ён асацыіруецца з куранятамі і яйкамі, якіх у гэтыя дні можна ўбачыць неверагодную колькасць: ад сапраўдных да пластыкавых і кардонных, якімі, як навагоднюю ёлку, упры­гожваюць кусты ў садзе. “Glad Påsk!” — “Радаснага Вялікадня!” — віта­юць шведы адно аднаго ў гэтыя дні. Для святочнага стала прынята фарбаваць яйкі. На Вялік­дзень ёсць у шведаў цікавая традыцыя. Маленькія дзяўчынкі, твары якіх размаляваны вялізнымі яркімі вяснушкамі, з макіяжам у выглядзе чырвоных шчок, у бабуліных ху­стках і доўгіх спадніцах ходзяць па дамах з кафейнікам, кошыкам і венікам у руках. Яны прыносяць з сабой велікодныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі, і до­раць іх гаспадарам. А тыя, у сваю чаргу, частуюць дзяцей прысмакамі. Гэта так званыя велікодныя бабкі (påskkärringar), інакш — велікодныя ведзьмы (påskhäxor). Назва нагадвае пра народнае павер’е, што ўсе ведзьмы зляталіся на Вялікдзень у чацвер да Лысай гары. У некаторых мясцовасцях Швецыі вельмі папулярныя народныя гулянні на Вялікдзень — вясёлыя парады велікодных ведзьмаў пад аркестр з танцамі, гульнямі, конкурсамі і пацешнымі забавамі.

Некаторыя шведскія звычаі настолькі старажытныя, што ніхто ўжо і не памятае, адкуль яны з’явіліся. Але ўсё роўна шведы прытрымліваюцца іх, бо спрадвеку гэта рабілі: яны ім падабаюцца, сталі часткай народнага побыту, надаюць каларыт іх жыццю і даюць адчуванне часу, а году задаюць звыклы рытм.

Таццяна СІНІЦА,
настаўніца шведскай мовы гімназіі № 2 Віцебска.