Карыкатура — гэта сур’ёзна

Шматгадовае сяброўства і добрасардэчныя адносiны iснуюць памiж Беларуссю i Румынiяй. А сумесныя праекты ў галiне культуры — цудоўнае пацвярджэнне гэтага. У год 100-годдзя Вялiкага аб’яднання румынаў у адзiную дзяржаву ў Румынii была aрганiзавана мiжнародная выстава карыкатуры, прысвечаная гэтай падзеі. У ёй прадставіла нашу краiну вядомая мастачка-карыкатурыст Марына Гарэлава. Таксама ў юбiлейны год у Румынii адбылася яе персанальная выстава сатырычнай графікі пад назвай “Карыкатура — гэта сур’ёзна”.


Правядзенне гэтай выставы стала магчымым, бо ў мiнулым годзе Марына стала лаўрэатам мiжнароднага фестывалю сатырычнай графікі i літаратуры ў Румынii — яна заняла 3-е месца. А ў гэтым годзе адбылася яе персанальная выстава ў музеi горада Гура Гумарулуi, дзе экспанавалася 35 твораў аўтара, у тым лiку карыкатуры, якiя атрымалi ўзнагароды на прэстыжных конкурсах i фестывалях у Балгарыi, Румынii, Харватыi, Боснii i Герцагавiне, Карэi, Кiтаi, а таксама новыя работы.

Мастачцы хацелася паказаць, што карыкатура — гэта не толькi жарты i лёгкi гумар, але i фiласофскае асэнсаванне жыцця. Праз прызму iронii i дасцiпнага погляду яна закранае вельмi сур’ёзныя праблемы рэчаiснасцi, такiя як экалагiчныя катастрофы, ваенныя канфлiкты, пагроза тэрарызму, сацыяльна-эканамiчныя ўзрушэннi.


Румынам было вельмi цікава, што хвалюе беларусаў, над чым яны жартуюць, а таксама адчуць бачанне аўтара, як праз свае малюнкi мастак разважае і вядзе дыялог з гледачамi, якiя завiталi на выставу.

На выставе “Карыкатура — гэта сур’ёзна” прысутнічалі мэр горада Гура Гумарулуi спадар Марыус Урсачук, дырэктар фестывалю сатырычнай графікі прафесар Эльвiра Раманюк, дырэктар музея прафесар Север Думiтрачэ, куратар праекта Роберт Галаван, сусветна вядомы мастак-карыкатурыст ганаровы грама-дзянiн 26 гарадоў Румынii Стэфан Попас, аматары мастацтва.


Малюнкi лёгка ўспрымалiся гледачамi, дзякуючы дасцiпным вобразам i дакладна вывераным кампазiцыям. За шмат гадоў удзелу ў еўрапейскiх фестывалях i конкурсах мастачка добра авалодала мiжнароднай мовай карыкатуры, таму ўсе яе малюнкi, якiя экспанавалiся на вернiсажы, былi зразумелы без перакладчыка, у адрозненне ад карыкатур з тэкстамi, якiя звычайна друкуюцца ў перыёдыцы. Як вядома, зараз майстэрства карыкатурыста даказваецца здольнасцю ствараць карыкатуры “без слоў”. Гэта дае магчымасць спрасцiць мiжнацыянальнае ўспрыманне.

У арсенале мастачкі шмат выстаў у Беларусi, але вельмі добра, калi ў беларускiх мастакоў з’яўляецца магчымасць супрацоўнiчаць з еўрапейскiмi ўстановамi культуры i ладзiць цiкавыя выставы ў замежжы. Гэта зблiжае людзей з розных краiн у разуменні мастацтва, дае большую магчымасць мастаку праяўляць індывідуальнасць, спрыяе ўзмацненню зацiкаўленасцi да Беларусi i жадання наведаць яе.

Антанiна ПАЎЛОВIЧ.