Квітнее ў сэрцах Перамога

Эстэтычнае выхаванне вучняў звязана з успрыманнем і разуменнем імі прыгожага, магчымасцю атрымліваць асалоду ад навакольнага свету. Гэта не толькі развіццё літаратурнага густу, музычных здольнасцей ці навучанне правілам этыкету, а яшчэ спасціжэнне матэрыяльнай і духоўнай культуры, творчая праца ў прамым сэнсе, якая працягваецца і на канікулах. Летам вучняў чакаюць не толькі школьныя аздараўленчыя летнікі, загарадныя санаторыі, але і магчымасць падзарабіць на прыродзе, сумясціўшы прыемнае з карысным, а яшчэ прадэманстраваць пачуццё любові да роднай установы адукацыі, яе традыцый і патрэб, аздобіўшы другі дом, напрыклад… арыгінальным кветнікам. 

У сталічнай школе № 21 у маі і чэрвені працавала брыгада другаснай занятасці пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Ганны Іванаўны Кенда. Вучні 8—9 класаў ахвотна ўключыліся ў стварэнне кветнікаў, разам з адміністрацыяй і педагогамі займаліся добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі. Наша ўстанова адукацыі штогод вынікова прымае ўдзел у конкурсе “Формула саду”. Сёлета было вырашана паспрабаваць сілы ў намінацыі “Мая вясна, мая Перамога” з тэматычным кветнікам “Расцвела салютами Победа”. Канечне, паслугамі ландшафтнага дызайнера мы не карысталіся, а стварылі творчую групу, якая распрацавала макет кветніка з улікам палажэння конкурсу, а таксама спецыфікі выхаваўчай работы ў школе. З матэрыяламі і саджанцамі дапамаглі выпускнікі і іх бацькі.

Паколькі школа носіць імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Гастэлы, то нам захацелася ўпрыгожыць тэрыторыю самалётам — сімвалам памяці нашчадкаў пра загінуўшых герояў-лётчыкаў і чырвонай зоркай — сімвалам перамогі савецкага народа над ворагам. Дарэчы, аснову для зоркі змайстраваў настаўнік працоўнага навучання А.В.Марцінкевіч, а кветкамі яе рупліва засаджвалі педагогі і вучні. Нам удалося паказаць, як над беларускім партызанскім лесам (яго склалі мнагалетнія расліны ды кусты) ляціць да Перамогі савецкі самалёт, а ўдалечыні пералівамі бягоній ужо 75 гадоў зіхаціць мірная зорка. Так, на тэматычным кветніку адбылося ўдалае спалучэнне гераічнага мінулага Бацькаўшчыны і мірнага блакіту сучаснасці.

Прыемна бачыць, як вучні, госці школы ці нават прахожыя атрымліваюць асалоду ад сузірання жывой прыгажосці. Кветкі патрабуюць догляду, пяшчотных, клапатлівых рук, добрага слова. Так і людзі. Мы ствараем сад у сваёй душы, імкнёмся да гармоніі. І адной важнай прыступкай на гэтым шляху з’яўляецца светлая памяць, якой непарыўна звязаны пакаленні нашых продкаў і сучаснікаў, што завуцца беларускім міралюбівым народам-вызваліцелем. 

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска.