Наша спадчына

За многія стагоддзі беларускі народ стварыў багатую і самабытную культуру, увасобленую ў духоўных традыцыях, звычаях і абрадах. Менавіта таму з мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання моладзі, адраджэння і зберажэння мясцовых традыцый на базе Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна дзейнічае апорная пляцоўка “Выкарыстанне рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці”.

Пляцоўка цесна ўзаемадзейнічае з установамі адукацыі Піншчыны і арганізацыямі, дзейнасць якіх накіравана на захаванне народных традыцый і абрадаў, што маюць культурна-гістарычную каштоўнасць.

Промыслы і рамёствы займаюць важнае месца ў сістэме культуры і ў народнай жыццядзейнасці. ­Адзін з напрамкаў дзейнасці цэнтра — знаёмства вучняў з рамёствамі рэгіёна. Так, на адным з пасяджэнняў рэсурснага цэнтра з удзелам метадыста Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.К.Кахновіч і майстра народнай творчасці А.В.Смужэвіч прайшоў майстар-клас па саломапляценні для дзяцей і настаўнікаў.

У Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Сваю гісторыю яно вядзе ад старадаўніх абрадаў, звязаных з культам хлеба і саломы. Нашы продкі верылі ў іх боскую сілу, бо асабліва шанаваўся апошні сноп, сабраны з поля, які захоўваўся ў доме да новага ўраджаю. Саломай пакрывалі дахі хат. Яна ішла на подсціл і корм жывёлам, абувала і апранала чалавека, служыла пасцеллю, а ў неўраджайныя гады яе падмешвалі ў хлеб.

З саломы выраблялі галаўныя ўборы, цацкі і ўпрыгажэнні. Вялікая ўвага ­ўдзялялася зберажэнню і ўпрыгожванню першага (зажыначнага) і апошняга (дажыначнага) снапоў.

Фігуры з саломкі — не проста цацкі, а сімвалы-абаронцы. Такіх саламяных фігурак нідзе, акрамя Беларусі, не робяць. Адзін з такіх сімвалаў — саламяны павук. Ці чулі вы што-небудзь пра яго?

Для вырабу павука адбіралі найлепшую салому з апошняга снапа, сабранага з поля. Продкі верылі, што салома захоўвае сілу прыроды і перадае яе гаспадарам дома. У павуціне заблытваецца ўсё негатыўнае, што магло б перашкодзіць шчаслівай плыні сямейнага жыцця.

У канцы года старога павука спальвалі і плялі новага, каб у доме заўсёды панавалі мір і дабрабыт.

Традыцыі саломапляцення не страчаны. Заняткі ім не выклікаюць вялікіх цяжкасцей. У гэтым пераканаліся і дзеці, і педагогі, спасцігаючы сакрэты пляцення саламянага павука.

Майстар народнай творчасці адзначыла, што, на першы погляд просты ў выкананні залацісты павук насамрэч патрабуе шмат часу. Каб зра­біць прыгожага павука, спатрэбіцца ад аднаго да трох месяцаў.

Аляксандра КУЦЭВІЧ,
кіраўнік апорнай пляцоўкі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.