Ноўтбук ад “Поля цудаў”

Менавіта такі падарунак атрымала на расійскай тэлепраграме “Поле цудаў” выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна Данута Іванаўна Дамянюк. Разам з ёй у Маскву адправілася і група падтрымкі: родная сястра — загадчык ДЦРД Леакадзія Іванаўна з мужам Ільёй Іванавічам і пляменнік Аляксей.

Данута Іванаўна (злева) і Леакадзія Іванаўна з вядучым Леанідам Якубовічам.

Пра тое, як стаў магчымым удзел у перадачы і як усё адбывалася, мы папрасілі расказаць Л.І.Цімафееву:

— Калі перадача “Поле цудаў” адзначала 25-годдзе свайго існавання і запрашала гледачоў расказаць пра моманты, падзеі, звязаныя з гэтай лічбай, то і ў нашай сям’і год быў юбілейны. Нашай дашкольнай установе спаўнялася 25 гадоў, і ў гонар гэтай падзеі на тэрыторыі заклалі дэндрарый з 25 дрэў і кустоў. Столькі ж гадоў і мы з Данутай тут працавалі. Адаслалі ліст, у якім расказалі пра вынікі працы, узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў і асяроддзем, — падзялілася Леакадзія Іванаўна. — Ішоў час і, шчыра кажучы, нават ужо і не спадзяваліся на вынік. Але верыць у цуды трэба і дзецям, і дарослым. Мы плённа працавалі над новымі праектамі і ажыццяўлялі планы, і калі 28 лістапада мінулага года (акурат у гэты дзень у нас праходзіў семінар для загадчыкаў і намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці дашкольных устаноў Гродзенскага раёна) раздаўся званок з запрашэннем прыняць удзел у перадачы, спачатку не паверылі, нават разгубіліся. Гэты званок стаў сюрпрызам напярэдадні Новага года. Параіліся і вырашылі — прымем удзел.

Пачаліся прыемныя клопаты. Часу было мала, каля дзесяці дзён. Прадумаць і падрыхтаваць падарункі, музычны нумар, забяспечыць пражыванне для групы падтрымкі, набыць білеты…

Калі з музычным нумарам справіліся хутка (яго прадстаўляў мой сын Аляксей Дамянюк, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, настаўнік Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнароднага конкурсаў), то на падрыхтоўку падарункаў спатрэбілася больш часу. Падарункі размясцілі на дэкаратыўны ручнік. Беларуская лялька-спадарожніца, зробленая выхавальніцай Ларысай Іванаўнай Ігнаткевіч, вышыўка цягніка з размешчанымі вакол маркамі з краявідамі Парэчча ад настаўніка-дэфектолага Таццяны Уладзіміраўны Швядко, драўляны малюнак чыгуначнага вакзала рамесніка з Парэчча Сяргея Іосіфавіча Абухоўскага, сувеніры ад выхаванцаў цэнтра ўпрыгожылі ручнік. Не змаглі абысціся без мінеральнай вады з Парэчча і, канечне, без падарунка вядомага амаль па ўсёй Беларусі вырабу кандытарскага цэха — торта. Важыў торт каля 8 кілаграмаў. Быў створаны па праекце дызайнера з удзелам уласнікаў пякарні Ганны Георгіеўны і Аляксандра Леанідавіча Бычкоўскіх. Тут і зімовая хатка, горка, на якой бавяцца дзеці, і, вядома, вобраз вядучага перадачы Леаніда Якубовіча, што не пакінула яго раўнадушным.

Добразычлівасць, павага, радасць і іншыя добрыя пачуцці перапаўнялі ў студыі. І хоць нумар Дануты Іванаўны быў трэці ў трэцяй тройцы, ход да яе дайшоў. Часу было няшмат, але ўдалося, хоць і коратка, расказаць пра Парэчча, нашых людзей і перадаць прывітанні.

Выпаў сектар “+”, а затым падарунак. Данута Іванаўна ўзяла прыз — ноўтбук. Дапоўнілі добрыя ўражанні цудоўныя кветкі, кубак з фотаздымкам вядучага і мультыварка. Але ж незабыўныя пачуцці ад сустрэчы, магчымасці паслухаць і пагаварыць з вядучым, пазнаёміцца з яго камандай і ўдзельнікамі перадачы надоўга застануцца ў памяці ў нас, групы падтрымкі, і, канечне, нашых прадстаўнікоў, для якіх удзел у перадачы супаў з уласнымі святамі — пяцідзесяцігоддзем Дануты Іванаўны і дваццаціпяцігоддзем Аляксея.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.