Падарунак з цеста

У нашай групе створаны ўсе неабходныя ўмовы для творчасці дзяцей, у тым ліку выкарыстоўваюцца разнастайныя матэрыялы: пластылін, гліна, воск і г.д. Але найбольш упадабаным стала салёнае цеста.

Неабходныя для цеста інгрэдыенты лёгкадаступныя: соль, мука і вада заўсёды пад рукой. Замясіў — і можна ляпіць, колькі хочаш. Да таго ж салёнае цеста — экалагічна чысты матэрыял, які дае бясконцыя магчымасці для творчасці дзяцей, і яго смела можна даверыць любому выхаванцу.

Лёгкае дакрананне дзіцячых рук — і салёнае цеста ажывае, ператвараецца ў розныя прадметы і істоты, якія размалёўваюцца рознакаляровымі фарбамі, упрыгожваюцца бліскаўкамі, пацеркамі, прыродным матэрыялам. Вырабы атрымліваюцца цікавыя, выразныя, даўгавечныя. Яны дэманструюцца на выставах, імі ўпрыгожваецца наша група, дашкольная ўстанова. Падчас свят мы дорым гэтыя вырабы малодшым дзеткам, а таксама мамам, татам, гасцям.

Лепка з салёнага цеста не проста развівае ў дзяцей уменні і навыкі, яна дапамагае адчуць сябе творцам.

Яніна СЫМАНОВІЧ,
выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.