Тэдзі, я цябе люблю…

Канец 2000-х. Стомлены і шчаслівы, я пераступаю нарэшце парог сваёй кватэры пасля тыднёвай камандзіроўкі ў Берлін. Скідваю ў вітальні красоўкі і куртку, іду з рукзаком у пакой і пачынаю раскладваць на канапе берлінскія “трафеі”: цукеркі, бутэлькі, магніцікі, нават джынсы Mustang — created in Germany, але made in Thailand… У апошнюю чаргу выкладваю з рукзака плюшавага мішку — сімвал Берліна, Teddybär. Прадстаўляючы яго сваёй пяцігадовай дачцэ, цытую чамусьці Коласа з яго катком: “Нос чарнявы, хвост бялявы, задзірасценькі; кіпцік-шчыпчык заграбасценькі; лапкі-драпкі машастовыя, а шарсціначкі шаўковыя”.


А яна яго схапіла так хутка, што я і не агледзеўся, прыціснула да грудзей, шэпчучы: “Тэдзі, Тэдзі, мой Тэдзі…”, — і знікла з ім у сваім пакоі.

Адкуль яна тады ўжо магла ведаць, што яго завуць Тэдзі? Адкуль яна магла тады ведаць, што плюшавыя мішкі Тэдзі вось ужо на працягу некалькіх пакаленняў з’яўляюцца абярэгамі тых, у каго яны ёсць? Адкуль яна магла ведаць, што гісторыя Тэдзі пачалася ажно ў 1902 годзе? Тады амерыканскі прэзідэнт Тэадор Рузвельт падчас палявання адмовіўся страляць у маленькага амерыканскага чорнага мядзведзя, загнанага сабакамі, паўжывога.


Тэадор не стрэліў. У Washington Post на наступны дзень выйшла карыкатура са спагадлівым амерыканскім прэзідэнтам і ўратаваным мядзведзікам. А потым знайшоўся нейкі Морыс Мічтам, ён жа ўраджэнец Расіі Міхаіл Міштым, уладальнік цацачнага магазіна: яго жонка, хатняя гаспадыня, сшыла такога ж самага мядзведзіка, які быў на карыкатуры ў Washington Post, і выставіла яго на вітрыну. Пакупнікам гэта спадабалася. Заказы пайшлі на ўра. А потым прэзідэнт Тэадор Рузвельт зняў трубку і пачуў ад Морыса Мічтама: “M.President, вы ведаеце, мы нават не чакалі, што вашы мішкі будуць карыстацца такім поспехам! Ці можна назваць нашага фірменнага мядзведзя вашым іменем — Тэадор?” Тэадор Рузвельт спачатку нават разгубіўся, прызадумаўся на хвіліну, а потым адказаў: “Я не зусім упэўнены, што выкарыстанне майго імя прынясе поспех вытворчасці плюшавых медзведзянят, але калі вы так настойваеце… Калі ласка, можаце назваць яго маім іменем — Тэдзі”.

З таго часу, з пачатку ХХ стагоддзя, мінула ўжо больш за сто гадоў. Тэдзі-манія сёння лічыцца маскультам: 16-гадовыя хлопчыкі дораць плюшавых мішак на 14 лютага сваім 16-гадовым дзяўчатам, у інтэрнэце ёсць адмысловыя Тэдзі-супольнасці (як шыць, дзе браць узор, ці можа Тэдзі быць сумным), выпускаюцца адпаведныя Тэдзі-часопісы (з выкрайкамі, парадамі, Тэдзі-анекдотамі), ладзяцца міжнародныя Тэдзі-выставы (самая галоўная з іх — TEDDYBÄR TOTAL — штогод адкрываецца ў нямецкім Мюнстэры і цешыць сваіх наведвальнікаў). А на шафе ў пакоі маёй дачкі, якой ужо чатырнаццаць, а не пяць, па-ранейшаму ўсміхаецца той берлінскі Тэдзі ў атачэнні тузіна сваіх суродзічаў з Варшавы, Вены, Рыма, Парыжа, Будапешта, Прагі, Осла, Стакгольма, Хельсінкі… Часам я заўважаю за ёй, дарослай, што яна здымае з шафы берлінскага і ціхенька кладзецца спаць у абдымках з ім. Што ён гаворыць ёй перад сном? У чым прызнаецца яна яму? Ведае толькі Тэдзі. А ў мяне перад вачыма па-ранейшаму стаіць гэтая карцінка: мая пяцігадовая дачушка ўбачыла Тэдзі, схапіла яго, абхапіла абедзвюма рукамі, прылашчыла, нешта яму шапнула і пабегла з ім у свой пакой…

І ў калекцыянера антыкварных і вінтажных мядзведзяў, рэстаўратара і майстра цацак у стылі Тэдзі, мінчанкі Вольгі Дзеранчук была ў жыцці свая знакавая гісторыя, звязаная з плюшавым мішкам. Ёй было ўсяго паўтара годзіка, калі яна з бацькамі зайшла ў цацачны аддзел універмага, убачыла там на паліцы Тэдзіка (гэта была цацка вытворчасці Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі), які па памерах быў большы за яе саму, сцягнула яго з паліцы і… панеслася з ім да выхаду. Гэта былі познія савецкія часы, канец 80-х: яшчэ не было відэакамер, пішчалак на выхадзе. Усё трымалася на савецкіх “дзякуй” і “на здароўе”. Гогалеўскую нямую сцэну тады парушыла толькі касір: “Мядзведзік, канечне, харошы, але ж трэба за яго заплаціць”. Мама Волечкі стала ў даўжэзную чаргу да касы, а тата пабег дадому за грашыма…

Чытач ужо, мабыць, здагадаўся: тое раптоўнае дзіцячае захапленне нямецкім плюшавым мішкам не прайшло міма і дарослага жыцця Вольгі Дзеранчук. Ужо ў сталым узросце яна ўсур’ёз аддалася Тэдзі-маніі: пачала збіраць мішак Тэдзі з усіх куткоў свету — па інтэрнэце, па аб’явах, на выставах, перад кожнай сваёй чарговай турыстычнай паездкай вывучала найперш магчымыя “мядзведжыя” маршруты, замаўляла плюшавых мядзведзікаў сябрам і знаёмым, а аднойчы (дзякуй богу, у Вольгі на той час ужо быў вопыт рэстаўратара лялек) пачала ствараць аўтарскіх Тэдзі. Уласнымі рукамі — без дапамогі швейнай машыны. Уласным мастацкім уяўленнем — без дапамогі чыіх-небудзь выкраек і фантазій.

За гэты час у Вольгі назапасілася і шмат цікавых гісторый, звязаных з Тэдзі. Напрыклад, для таго, каб выратаваць адно плюшавае медзведзяня 50-х гадоў выпуску, якое вывалілася з рук адной непаваротлівай швейцарскай дзяўчыны, матросу нямецкага крэйсера прыйшлося кінуцца з карабля ў адкрыты акіян і ледзь не з дна дастаць яго, каб толькі тая не плакала наўзрыд на ўвесь крэйсер… Вялікага мішку Маскоўскай алімпіяды 1980 года Вользе пашчасціла набыць за вялікія грошы не ў Маскве, а… на аўкцыёне ў Германіі.


Сёння ў калекцыі майстра — больш за паўтары тысячы мядзведзяў — аўтарскіх, вінтажных, антыкварных. І толькі каля двухсот з іх мы можам бачыць гэтымі днямі ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Дом-музей І з’езда РСДРП” (экспазіцыя працуе да 28 мая). Усе экспанаты адмысловыя, унікальныя, сабраныя цягам настойлівых пошукаў у свеце антыкварыяту або створаныя сёння па ўлюбёным прынцыпе Вольгі оne of a kind (адзін у сваім родзе). Выключэнне майстар аддае хіба толькі выкрайкам 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі іх удаецца знаходзіць.

“Натхненне вельмі цікавая рэч, — дзеліцца сваімі думкамі Вольга Дзеранчук у першым беларускім чэлендж-блогу “Беларускія майстрыхі”. — Часам гэта ранішняе сонейка, усмешка сына, прыгожы кавалак тканіны, маленькі гузік з блышынага рынку, старадаўнія карункі, мая калекцыя мядзведзяў… Натхненне ідзе знутры. Я заўсёды кажу, што шые мая душа, а рукі толькі дапамагаюць ёй. Таму я ніколі не працую на заказ. Мае мядзведзі — гэта адлюстраванне маёй душы. Я шчаслівы чалавек! Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, у мяне ёсць свой казачны свет, маё плюшавае царства. Тут я сама ствараю і магу падзяліцца гэтай казкай з іншымі”.
Трапляеш на экспазіцыю “Мая плюшавая любоў” у Доме-музеі І з’езда РСДРП — і літаральна патанаеш у гэтым мілым плюшавым царстве. Прызнаюся шчыра, у маім уяўленні нарадзіліся нават і эратычныя карцінкі: дзяўчына ў мядзведзіках… Дзе вы, фатографы?


Зрэшты, былі ў маім уяўленні і іншыя карцінкі. Не выходзіў з памяці тэлеэпізод пра адзінаццацігадовага ўкраінскага хлопчыка, які хацеў пакарміць мядзведзя ў заапарку, а той адарваў яму дзве рукі…

Прыйшоўшы дадому і пачакаўшы момант, калі мая дачка пайшла гуляць са сваімі сяброўкамі, сцягнуў з шафы берлінскага мішку. Абняў яго, прашаптаў: “Тэдзі, я цябе люблю… Я ўвесь свет люблю. Усіх людзей і мядзведзяў”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.