“Ты ж мая перапёлачка…”

На Брэстчыне працягвае рэалізоўвацца сацыяльны праект “Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве”, ініцыіраваны грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы” ў партнёрстве з Брэсцкім аблвыканкамам пры фінансавай падтрымцы дабрачыннага фонду The Coca-Cola Foundation. У лік лепшых бізнес-ініцыятыў трапілі 5 бізнес-праектаў з Маларытчыны. Фінансавую падтрымку атрымала настаўніца англійскай мовы і літаратуры А.А.Няхаева з Маларыцкай раённай гімназіі.

У вольны час жанчына любіць гатаваць, маляваць алоўкамі і акрылавымі фарбамі, упрыгожваць дом і прысядзібную тэрыторыю. А некалькі месяцаў назад Алена Аляксандраўна вырашыла адкрыць сваю справу, да чаго падштурхнула аб’ява, прачытаная ў адной з сацыяльных сетак. Запісалася на курсы.

— Бізнес-ініцыятыва “Уласная падсобная гаспадарка “Перапёлка” прадугледжвае вывядзенне і продаж перапёлак, іх яек і мяса, — расказвае А.А.Няхаева. — Канечне, гэта не куры, вырошчваць якіх значна прасцей. Каб перапяліная сям’я добра расла і была здаровай, неабходны спецыфічны падыход і пэўныя веды. Перапёлкі вельмі няўстойлівыя ў стрэсавых сітуацыях, якія ўплываюць на пладавітасць. Птушкі вельмі палах­лівыя. Але цяжкасці мяне не пужаюць. Папаўняць веды дапамагае інтэрнэт. Развядзенне перапёлак — гэта занятак для душы, ад якога атрымліваю задавальненне і радасць.

Перапяліныя яйкі багатыя на вітаміны і бедныя на халестэрын. Мяса гэтых птушак далікатэснае, тлустае. Маладых перапёлак лепш запякаць, старых — тушыць, худых рэкамендуюць шпігаваць, тлусцейшых — запякаць.

У асобе мужа жанчына набыла аднадумца і памочніка, які майструе клеткі для перапёлак, уладкоўвае новы птушнік. Агульная справа аб’яднала сям’ю. Без справы не засталіся і дзеці, якія ахвотна завіхаюцца з бацькам.

А.А.Няхаева папярэдне вывучыла попыт на перапёлак, іх яйкі і мяса. Жанчына ўпэўнена, што ў яе бу­дзе шмат пакупнікоў і цяжкасцей са збытам прадукцыі не ўзнікне.

Алена Аляксандраўна плануе паступовае пашырэнне асартыменту. Спачатку яна будзе выводзіць і прадаваць куранят і гусянят розных відаў, іх мяса, а потым зоймецца развядзеннем трусоў і ягнят, продажам іх мяса. А ў перспектыве, магчыма, удасца набыць домік у вёсцы і адкрыць аграсядзібу.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.