Вам шах! Абараняйцеся!

20 ліпеня 2019 года, у Міжнародны дзень шахмат, у БДПУ прайшоў сеанс адначасовай гульні міжнароднага гросмайстра Барыса Абрамавіча Гельфанда з юнымі шахматыстамі Беларусі ў рамках сумеснага спартыўна-адукацыйнага праекта БДПУ і Беларускай федэрацыі шахмат “Шахматны дэбют”.

Ад вядучай педагагічнай УВА Беларусі ў мерапрыемстве паў­дзельнічалі рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, дэкан факультэта фізічнага выхавання Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч, ад Беларускай федэрацыі шахмат — намеснік старшыні федэрацыі Аляксандр Ігаравіч Шамко і Мікалай Мікалаевіч Зарубіцкі.

— Вельмі рады быць у Мінску і даць сеанс адначасовай гульні для юных шахматыстаў, — расказаў пераможца Кубка свету 2009 года прэтэндэнт на званне чэмпіёна свету ў 2012 годзе Барыс Абрамавіч Гельфанд. — У нас расце добрае пакаленне, і мне хочацца дапамагчы школьнікам, каб яны дасягалі добрых вынікаў.

Канечне, пасля заканчэння гульні нікому з удзельнікаў не ўдалося абгуляць Барыса Абрамавіча. Праўда, двум з іх ён прапанаваў нічыю.

Пасля гульні рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук уручыў Барысу Абрамавічу на памяць фотаздымак з юнымі школьнікамі, а таксама памятныя сувеніры з сімволікай педагагічнага ўніверсітэта. Б.А.Гельфанд у сваю чаргу падарыў кнігі ўласнага аўтарства “Прыняцце пазіцыйных рашэнняў у шахматах” і “Прыняцце дынамічных рашэнняў у шахматах”.

— Сустрэча ў Міжнародны дзень шахмат з Барысам Абрамавічам запомніцца нашаму ўніверсітэту і юным школьнікам з усёй краіны, пераможцам сёлетніх рэспубліканскіх першынстваў па класічных шахматах, на ўсё жыццё, — падзяліўся А.І.Жук.

Дагавор аб рэалізацыі сумеснага спартыўна-адукацыйнага праекта “Шахматны дэбют” быў падпісаны паміж БДПУ і Беларускай федэрацыяй шахмат у маі 2019 года. Згодна з дакументам, студэнты факультэта пачатковай адукацыі, а таксама іншых факультэтаў і інстытутаў БДПУ будуць вучыцца асновам шахматнай гульні, методыцы яе выкладання. Атрыманыя веды маладыя педагогі змогуць прымяняць падчас правядзення заняткаў па шахматах для малодшых школьнікаў.

Святлана ШЫЯН,
Уладзіслаў ЛЯНІЎКА.
Фота Юліі СКУРАТОВІЧ.