Бо кожны ліст тут адгукаўся паланэзам

Магчыма, раней да гэтага месца госця падводзіла маленькая ўтаптаная сцежка, магчыма, наадварот, шырокая брукаванка. Сёння да сядзібы Агінскіх у вёсцы Залессе Смаргонскага раёна вядуць старыя ліпавыя прысады. Дрэвы зберагаюць памяць пра свайго сусветна вядомага гаспадара.

Радавое гняздо Агінскіх стаіць на адкрытай, залітай сонцам пляцоўцы. Некалі тут быў англійскі парк, а зараз у абкружэнні невысокіх таполяў буяюць кветкі. Гасцей сустракае вялізны валун з надпісам “Памяці роду Агінскіх”.

Кожны крок па тэрыторыі сядзібы суправаджаецца прысутнасцю яе гаспадара. Вунь малады Міхал блукае па парку разам са сваім гувернёрам Жанам Рале, вунь будуе цагляны дом замест драўлянага — з млыном і астатнімі пабудовамі. Настаўніка Міхала тут называюць жывой энцыклапедыяй, бо ён заўсёды даваў дакладны абгрунтаваны адказ на складанейшыя пытанні. Менавіта Жан Рале навучыў будучага творцу думаць, задаваць пытанні, сфарміраваў мастацкі густ. А вунь там Міхал Клеафас Агінскі ператварае ноты ў музычныя творы, удзельнічае ў дыпламатычных місіях, становіцца спадкаемцам Касцюшкі. Цікава, што і гувернёр Рале, і рэвалюцыянер Касцюшка моцна паўплывалі на Міхала Агінскага. Іх вобразы творца пранёс праз жыццё і, будучы ўдзячным вучнем і годным аднадумцам, выбіў іх імёны на вялізных камянях, якія знаходзяцца па розных баках маёнтка. Першы, які называюць“Жан Рале”, быў усталяваны, калі Міхалу Агінскаму споўнілася больш за 50 гадоў. Другі захоўвае надпіс “Ценям Касцюшкі”.

Справа ад класічнага палаца рассцілаецца прыгожы яблыневы сад, які ў пачатку восені шчодра адорвае гасцей водарам яблыкаў, цешыць вока стракатасцю колераў. Крыху далей — рачулка і фрагмент стагадовага дрэва, якое было прывезена ў сядзібу яшчэ саджанцам. Тут мясцовыя жыхары часта збіраюць грыбы.

Злева, крыху наводдаль гаспадарскага дома, стаіць стары млын: некалі тут віравала жыццё, былі праведзены шлюзы. Зараз пабудова не працуе, гаспадарчыя перавагі саступаюць эстэтычным. На правым баку відно люстэрка дзвюх рэчак і вядомы ў турыстаў астравок, куды вядзе невялікі масток. Тут яго называюць Лебядзіным.

У ХІХ ст. назву радавога маёнтка было не абавязкова звязваць з назвай найбліжэйшай вёскі. Галоўная ўмова — каб яна стала распазнавальным знакам сярод іншых. Пасяленне на месцы сённяшняй вёскі Залессе ў час М.К.Агінскага называлася Дзербамі (ад слова “дзерці”). Побач з ім кампазітар заснаваў яшчэ адну вёску, якую назваў у гонар старэйшай дачкі, — Амеліна (ад польскай “вёска, якая належыць Амеліі”). Цяпер Амеліна ўваходзіць у склад Залесся як самастойная вуліца.

Славутая сядзіба расчыняе дзверы: першай гасцей сустракае другая жонка творцы Марыя дэ Нэры. Так пачынаецца сапраўдная вандроўка па Залессі. У парадным вестыбюлі ўвагу наведвальніка прыцягвае вялікае люстэрка. “Тыя, хто прыязджае да нас упершыню, павінны абавязкова паглядзецца ў яго. Загадайце жаданне, і яно абавязкова спраўдзіцца”, — пераконвае гаспадыня.

Унутраная планіроўка славутага дома дазваляла размясціць не толькі жылыя памяшканні, але і пакоі для гасцей, салоны. Экспазіцыю сядзібы-музея адкрывае музычная зала. Тут прадстаўлены музычныя інструменты, у тым ліку скрыпка, першая партыя якой звычайна належала гаспадару, вядомыя рэпрадукцыі, партрэты сваякоў кампазітара. Менавіта ў гэтай зале бяруць у палон першыя гукі паланэза. Нягледзячы на тое, што Міхал Клеафас Агінскі вядомы перш за ўсё як кампазітар, сам ён невысока ацэньваў уласныя музычныя здольнасці. Ён пісаў, што ўсё прыналежнае яму — толькі добры слых, глыбокае пачуццё гармоніі і густ, якіх ён дасягнуў дзякуючы доўгім заняткам музыкай.

Другі пакой прыносіць першы падарунак: сустрэчу з сынам кампазітара Ірэніушам. Хлопец даўно перасягнуў мяжу свайго 200-годдзя. “Так, у нас такое бывае часта”, — гавораць праважатыя. Маленькая зала запамінаецца багатай лепкай на каміне, выключнай коўкай прылад да яго і вялікім раялем. Расказваюць, што пры кампазітары тут быў цэнтральны ўваход. Памяшканне магло змясціць некалькі танцавальных пар. Калі ж месца было недастаткова, можна было без цяжкасцей перайсці на шырокі падворак.

Наступны крок — кабінет, дзе гасцей чакае малодшая дачка кампазітара Іда. Дзяўчына расказвае пра палітычную і дыпламатычную кар’еру бацькі. Тут захаваліся арыгіналы кніг, размяшчаюцца партрэты расійскіх уладароў, пры якіх у жыцці Міхала Агінскага адбываліся знакавыя падзеі.

Далей увага прысутных належыць сярэдняй дачцэ нацыянальнага дзеяча — Эме. У вестыбюлі ля Вялікай гасцёўні адкрываецца гісторыя роду Агінскіх, падзеі, звязаныя з паўстаннем. Тут жа можна знайсці нешматлікія звесткі пра Жана Рале, напрыклад, пабачыць яго подпіс.

Більярдны пакой у XIX стагоддзі быў гордасцю любога гаспадара. У ім знаходзяцца вялізны стол для більярда, стол для картачных гульняў і набор шахмат цудоўнай мастацкай вартасці. Гэтая зала знаёміць наведвальнікаў са старэйшай дачкой Агінскага — Амеліяй. “Яна самая таленавітая дачка свайго бацькі”, — падкрэсліваюць экс-курсаводы.

У розных закутках парку ўвесь час існавання сядзібы размяшчаліся альтанкі і так званыя антычныя храмы (пабудовы з калонамі). Адзін з іх, узведзены ў гонар старэйшай дачкі, “храм Амеліі”, захаваўся і сёння. Сёння ля яго муроў часта праходзяць канцэрты. Ёсць тут і яшчэ адна цікавая пабудова з захапляльнай гісторыяй — кітайская альтанка. Вытанчаны будынак быў рэканструяваны не так даўно: свет ён пабачыў дзякуючы паэме Аляксандра Ходзькі “Залессе”, паколькі аднаўляўся па ўспамінах, пададзеных у творы.

Па-за сядзібай добра ўпісалася аранжарэя. Гэтая частка дома запрашае пад цень экзатычных раслін тропікаў і субтропікаў, падобныя якім раслі тут два стагоддзі назад. Сюды прывозіліся рэдкія паўднёвыя расліны і саджанцы: у тагачасным пераліку батанічнага багацця аранжарэі вырошчваліся абрыкосавыя дрэвы і фігавыя пальмы.

Вялікае памяшканне ў палацы Агінскага адведзена пад кавярню. Раней тут была вядомая ў асяроддзі сучаснікаў кампазітара летняя сталовая, дзе ён таксама прымаў гасцей. Сёння тут можна цудоўна правесці час з добрай кампаніяй за аздобленым ініцыяламі кубачкам кавы. А калі сярод сяброў знойдуцца музыканты, можна сумясціць баўленне часу з ігрой на піяніна.

Прынята лічыць, што свой самы вядомы паланэз “Развітанне з Радзімай” Міхал Клеафас Агінскі стварыў у радавым маёнтку перад ад’ездам за мяжу. Аднак гэта не так: музычны твор быў напісаны значна раней — у 1794 годзе, пасля падаўлення нацыянальнага паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Назву паланэзу далі беларусы — удзельнікі паўстання ўжо ў сібірскай высылцы.

Мы крочым па шапаткім апалым лісці. Унутры хораша, і тужліва. Хораша, бо толькі што ты пабачыў невядомага Агінскага, разам з яго сям’ёй пражываў старонкі іх агульнай гісторыі. Але чаму тады сэрца напаўняецца тужлівасцю і ціхім сумам? Бо ўсё тут адгукаецца паланэзам: парк і рачулка, лістота і камяні, кветкі і млын быццам ведаюць, што Залессе паспела стаць для кожнага маленькай радзімай, з якой калі-небудзь прыйдзецца развітацца. І, яшчэ не з’ехаўшы, хочацца вярнуцца.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара і Галіны СІДАРОВІЧ.