Хутка ўсё здарыцца…

Зіма на носе — так сказалі б нашы продкі пра час, які мы зараз з вамі пражываем. З надыходзячай зімой звязаны прыемныя і клопатныя дні падрыхтоўкі і святкавання галоўнай падзеі халоднай пары года — Новага года. Прапануем з душой падысці да яго падрыхтоўкі. Такі падыход запатрабуе ад нас нямала часу. А ён бяжыць хутка. У кожнага народа свае навагоднія традыцыі. Аднак і агульнае ёсць для ўсіх. Рыхтуючыся да свята і сустракаючы яго, людзі хочуць сустрэць яго весела, ярка, радасна, з падарункамі, з новымі пачынаннямі, дасягненнямі, а таксама фігурай, звычкамі і нават характарам! З апошніх пунктаў і пачнём. Падтрымаем традыцыю даваць сабе абяцанні пра тое, што мы хочам у сабе і для сябе змяніць. Ніхто не дасць гатовы спіс. Яго трэба будзе ствараць самастойна. Час ёсць. І ўсё ж жадаючым можна крыху дапамагчы, накіраваць, сарыентаваць, даць магчымасць прыслухацца да сябе і жартам, і сур’ёзна. Звернемся да інтуіцыі, паклічам на дапамогу вобразы, прыслухаемся да асацыяцый.

Матылёк і робат

Такім чынам, намалюйце матылька і робата. Разглядаючы свае малюнкі, вы звернецеся да неўсвядомленых пачуццяў і рыс характару.

Матылёк — гэта сімвалічная выяўленне душэўных якасцей. Калі крылы акруглыя, вы адкрыты і давяраеце лю­дзям. Калі ў крылаў вострыя канцы, вы асцярожныя і недаверлівыя. Калі на крылах кругі і авалы, вы ведаеце пра свае праблемы і прывыклі вырашаць іх самастойна; калі квадрацікі ці сетка — вам складана ў адзіночку спраўляцца з цяжкасцямі. Калі добра прамаляваны вусікі і вочы, вы чулы чалавек. Калі вусікаў і вачэй няма, вы схільны да саманалізу. Калі цельца матылька грацыёзнае, у вас выдатная інтуіцыя; калі тоўстае — вы не далёкі ад цялесных задавальненняў; калі яно адсутнічае — вы жывяце толькі духоўным жыццём на шкоду матэрыяльнаму.

Робат сімвалізуе тып вашага мыслення. Калі ён чалавекападобны, у вас гуманітарны склад характару; калі падобны да машыны — тэхнічны. Чым дынамічнейшая поза робата, тым больш у вас творчых ідэй. Браніраваны, з мноствам дэталей робат паказвае вашу здольнасць абараняць свае ідэі. Наяўнасць лакатараў, антэн азначае адкрытасць, цікавасць да ўсяго новага.

Каментарыі да малюнкаў дапамаглі намеціць праграму абяцанняў сабе ў плане паляпшэння характару, накіраванасці жыцця? Цяпер да фізічнага аблічча — да фігуры!

Новае жыллё

Уявіце, што вы нагледзелі сабе прыдатнае жыллё і гатовы яго купіць. У час агляду вас ніхто не падганяў, і вы задалі ўсе пытанні, якія вас цікавілі. Тым не менш перш чым прыняць канчатковае рашэнне, вы хацелі б яшчэ раз агледзець адно з памяшканняў вашага будучага дома. Якая яго частка патрабуе дадатковага агляду?

  1. Ванная.
  2. Спальня.
  3. Сталовая/кухня.
  4. Веранда/сад.

Выбралі? А цяпер паглядзім, што азначае ваш выбар. Пошук новага дома роўны імкненню палепшыць свае фізічныя даныя і знешні выгляд. Адпаведна, тая частка дома, да якой праяўлена павышаная цікавасць — гэта дзеянні, якія чалавек можа зрабіць для свайго фізічнага самаўдасканалення.

Ванная сімвалізуе імкненне да ўнутранага ачышчэння. Тыя, хто застаўся незадаволены ваннай, адчуваюць, што прыкладаюць недастаткова сіл для ачышчэння.

Тых, хто пажадаў яшчэ раз выву­чыць сваю будучую спальню, хвалююц­ь не столькі дыеты ці фізічная нагрузка, колькі намаганні, якія давядзецца прыкласці, каб дасягнуць жаданых вынікаў.

Кухню выберуць тыя, хто не гатовы будаваць сваё цела, абмяжоўваючы сябе ў ежы.

Калі з’явілася жаданне яшчэ раз агле­дзець сад, то, хутчэй за ўсё, наведваць басейн ці трэнажорную залу перашкаджаюць напружанне і пастаянны стрэс.

Ці спрацавала падказка? А можа, дала нядрэнны старт да самастойных разваг і планавання?

Спрадвечнае пытанне заўсёды з намі і гучыць з асаблівай сілай напярэдадні новага года: “Чаго мне не хапае?” Што ўнесці новага ў маё жыццё, што ўзмацніць, каб дасягнуць гармоніі з самім сабой, з навакольнымі? Згодны ісці далей? Тады выберыце іерогліф.

  1. Іерогліф “Каханне”. Чырвоны колер выдае імкненне дабіцца ўплыву, заваяваць поспех і паказвае на непераадольную прагу да ўсяго, што можа падарыць эмоцыі і паўнату жыцця. Вам не хапае яркіх уражанняў і чалавека, які мог бы задаволіць гэтую патрэбу.
  2. Іерогліф “Вера”. Вы вельмі паглыблены ў сябе і хочаце, каб вашы думкі і жаданні абавязкова знаходзілі сваё адлюстраванне ў рэчаіснасці. Вы хочаце валодаць асаблівымі ведамі і сілай зачаравання, перад якой немагчыма было б устаяць. Зараз вам не хапае натхнення і той самай крыніцы, дзе вы маглі б знайсці што-небудзь карыснае для сябе.
  3. Іерогліф “Вечнасць”. Чорны колер сімвалізуе жаданне выціснуць любыя раздражняльнікі. Вы хочаце перагле­дзець сваё жыццё і паспрабаваць выправіць нават тое, што ад вас не зале­жыць. Але пастаяннае пракручванне былых сітуацый стварае адчуванне бегу па замкнутым коле. Вы пазбаўляеце сябе адпачынку, не можаце адпусціць думкі пра тое, што вас турбуе, а менавіта гэта вам зараз неабходна.
  4. Іерогліф “Сіла”. Жоўты колер сведчыць пра жаданне вызвалення ад сітуацыі, з якой вы даўно не можаце справіцца, пра надзею на шчасце і чаканне яго. Зараз вам хочацца неадкладна атрымаць прызнанне і павагу, таму што вы адчу­ваеце, што толькі гэта можа надаць вам сіл для далейшых дзеянняў.
  5. Іерогліф “Гармонія”. Вы хочаце павысіць сваю ўпэўненасць у сабе любымі спосабамі, а таксама максімальна палепшыць якасць жыцця. Вы любіце вучыць іншых і жадаеце падабацца навакольным. Менавіта ў ролі настаўніка вы знаходзіце найвялікшую гармонію з сабой.
  6. Іерогліф “Шчасце”. У вас павышаецца патрэба ў адпачынку. Вам вельмі хочацца апынуцца ва ўтульнай атмасферы і атрымаць асалоду ад пачуццёвага супакаення. Канфлікты забіраюць у вас многа энергіі, таму вы стараецеся на некаторыя падзеі заплюшчваць вочы. Асноўная патрэба — удзяліць увагу сабе і дазволіць адпачыць так, як хочацца вам.
  7. Іерогліф “Сакрэт”. Вы знаходзіцеся ў гарманічным стане, без напружання, адчуваеце сябе патрэбным. Вы адкрыты для новых эмоцый і натхнёных роздумаў. Пры гэтым вы не здаяцеся навакольным простым чалавекам, вы ствараеце ўражанне загадкавай асобы, якая ведае нейкі сакрэт, але не спяшаецца ім дзяліцца.
  8. Іерогліф “Справядлівасць”. Вы не жадаеце выдаваць сябе і хочаце засцерагчыся ад усіх уплываў, каб не паддавацца на правакацыі. Пры гэтым у вас ужо назапасілася моцная стомленасць, якую кантраляваць становіцца ўсё складаней. Магчыма, зараз у вас асабліва загружаны графік на рабоце. Зрабіце сабе некалькі дзён адпачынку, каб аднавіць сілы.

Дарэчы, калі вы абдумаеце і сфармулююце свае навагоднія абяцанні ці “рэзалюцыі”, то можаце планаваць адпаведныя падарункі сабе да Новага года ці падказаць сваім родным, сябрам, які падарунак парадаваў бы вас.

Падказкі пра вясёлае баўленне часу дапамогуць абудзіць уласную фантазію, развіць новыя ідэі з камфортам, не спяшаючыся, і атрымаць ад іх максімальнае задавальненне.

Вясёлыя гульні і конкурсы спатрэбяцца і на рабоце, і дома. Знаёмцеся з апісаннямі і выбірайце, крытыкуйце, стварайце свае варыянты, пагаджайцеся з намі і дабаўляйце. Нават калі проста ператворыце ў жыццё падрыхтаваны не вамі сцэнарый, таксама парадуецеся і парадуеце іншых вясёлым баўленнем часу.

Гульня “Пажаданні”. Самыя простыя навагонія гульні і конкурсы — тыя, дзе гульцы карыстаюцца падрыхтаваным матэрыялам. Напрыклад, прапануйце лопнуць шарыкі, унутры якіх будуць знаходзіцца напісаныя вамі пажаданні. Загадзя падрыхтуйце вялікі звязак паветраных шарыкаў (іх колькасць павінна быць большай за колькасць удзельнікаў), у сярэдзіну якіх укладзіце запісачкі з пажаданнямі. Такая гульня дапаможа зняць напружанне ў групе, стварыць вясёлую і раскаваную атмасферу, згуртавацца.

Гульня “Ні слова праўды”. Вядучаму трэба падрыхтаваць мноства навагодніх пытанняў:

  • Якое дрэўца традыцыйна ўбіраюць на свята?
  • Які фільм у нашай краіне сімвалізуе Новы год?
  • Што прынята запускаць у неба ў навагоднюю ноч?
  • Каго лепяць зімой са снегу?
  • Хто па тэлевізары звяртаецца да жыхароў краіны з навагодняй прамовай?
  • Адыходзячы год — год каго па кітайскім календары?

Пытанняў лепш запісаць больш. Пытайцеся пра навагоднія традыцыі розных краін, звычкі гасцей. У час гульні хутка і весела задавайце пытанні, а госці бу­дуць адказваць, не гаворачы пры гэтым ні слова праўды. Той, хто памыляецца і адказвае праўдзіва, у якасці штрафу можа чытаць вершы, спяваць песеньку ці выконваць разнастайныя жаданні вядучага.

Конкурс “Фотапробы”. Якія конкурсы на Новы год без фатаграфій? Зрабіце зону для фатаграфавання і збярыце ў гэтым кутку крыху рэквізіту — госці могуць фатаграфавацца ў розных вобразах, а потым можна арганізаваць фотапробы. Вызначыце разам з групай, хто падыходзіць на ролю:

  • самай мілай сняжынкі;
  • самай вясёлай Бабы Ягі;
  • самага галоднага Дзеда Мароза;
  • самага шчодрага Дзеда Мароза;
  • самай прыгожай Снягурачкі;
  • самага вясёлага госця;
  • самай хітрай Бабы Ягі;
  • самага злога Кашчэя;
  • самага моцнага волата;
  • самай капрызнай прынцэсы і гэтак далей.

Правесці гэты конкурс можна інакш: запасціся рэквізітам і прапанаваць удзель­нікам выцягнуць, не гледзячы, ролю, у якой ім трэба будзе сфатаграфавацца, а астатнія ўдзельнікі павінны дапамагчы парадай і справай як мага лепш увасобіць гэты вобраз. Будзе весела ўсім і ў час фатаграфавання, і ў час прагляду здымкаў.

Конкурс “Навіны з Новага года”. Вядучы рыхтуе карткі, на якіх запісаны не звязаныя паміж сабой словы і паняцці (пяць-шэсць слоў). Кожны ўдзельнік атрымлівае картку і хутка прыдумвае гарачую навіну з навагодняга выпуску, выкарыстоўваючы ўсе словы з карткі.

  • Кітай, пельмені, ружы, Уімблдон, бэз.
  • Санта-Клаус, кола, гумка, поўнач, сакваяж.
  • Новы, 2019, год, вентылятар, калготкі, каструля, гонар.
  • Дзед Мароз, свіння, селядзец, стэплер, шлагбаум.
  • Зіма, заапарк, мыццё, удаў, дыванок.

Выкарыстайце ў сваім тэксце ўсе словы. Чым больш дзіўнай атрымліваецца навіна, тым цікавей.

Якім мы будзем адчуваць сваё жыццё — вясёлым ці сумным, напоўненым паветрам ці разрэджаным да беспаветранай прасторы, яркім ці якое ледзь тлее, дынамічным або паўзучым, як чарапаха, — шмат у чым залежыць ад нас саміх. Месяц, які можа многае змяніць да лепшага вось-вось настане. А пачаць падрыхтоўку да змен і да чароўнага свята Новага года ніколі не рана і не позна. Добрай дарогі, сябры!

Святлана РАДЗЬКОВА.