Кругаварот любові ў прыродзе

Чалавека творчага, які любіць сваю справу па-сапраўднаму, відаць адразу. Што б ён ні рабіў — усё з душой, ініцыятывай, з асабістымі адносінамі да таго, што адбываецца. З Настассяй Усік мы пазнаёміліся на занятках па развіцці творчага патэнцыялу педагога. Настассі Віктараўне, маладому спецыялісту, настаўніцы біялогіі ў гімназіі № 35 Мінска, хацелася даведацца па тэме больш, абмяняцца ідэямі, думкамі. Наш дыялог з ручайка паступова ператварыўся ў імклівую раку, па якой мы з чытачамі паплывём зараз, спадзяюся, з задавальненнем.


— Творчасць у маім жыцці была заўсёды! Дзякуючы сям’і і перш за ўсё маме Антаніне Мікалаеўне (па прафесіі настаўніца хіміі). Яна сама шые, вяжа, малюе. Мамін любімы дзень у дзяцінстве — субота. І гэта таму, што можна было сесці і без спешкі маляваць. Вось і мяне зусім яшчэ малышкай мама адвяла ў гурток выяўленчай дзейнасці. Ёй хацелася падзяліцца сваёй любоўю да малявання са мной. У раннім дзяцінстве і ў школе я любіла фарбы, падабаўся колер. А зараз заўважаю, што больш задавальнення дае стварэнне малюнкаў у алоўку.

— Ці ёсць у вас, Настасся Віктараўна, любімая тэма для малявання?

— Зараз асабліва люблю маляваць прыроду. Ды і гэта нядзіўна, бо я настаўніца біялогіі. Дарэчы, уменне маляваць дапамагала мне і самой вучыцца біялогіі, і зараз дзяцей навучаць таксама дапамагае. Колькі трэба намаляваць схем, разрэзаў, каб зразумець, як функцыянуюць жывыя арганізмы, запомніць асаблівасці будовы. “Навуковае” маляванне таксама дае мне задавальненне.

— Няцяжка заўважыць, што ўсё ў жыцці лагічна і ўзаемазвязана. Мяркую, што ёсць прычыны вашай любові да прыроды, педагагічнай работы…

— У дзяцінстве здаралася мне і па тры месяцы летніх канікул праводзіць у бабулі Марыі Майсееўны і дзядулі Мікалая Аляксандравіча Прыгодскіх у вёсцы Усціж. Якая прастора там была для знаёмства з роднай прыродай і нараджэння бязмежнай любові да яе! Цяпер, ва ўзросце ўсвядомленасці, з яшчэ большай яснасцю і сілай адчуваю любоў да тых месцаў, да такога цёплага дому бабулі і дзядулі, да іх саміх. Карова Бярозка, каты — за ўсімі можна назіраць падоўгу, зразумець і палюбіць. А таксама заўважыць розум, кемлівасць жывёл, асаблівасці псіхікі. Назіранні свае часам і ў вершах апісвала. Карова ў нас вельмі разумная і нават мудрая была. У дзядулі з ёй былі асаблівыя ўзаемаадносіны. Ён даіў яе, не прывязваючы, размаўляў з ёй ласкава, пагладжваў. Лічыў, што прывязваць не далікатна. І Бярозка гэта цаніла. А аднойчы прыгналі кароў з пашы раней, чым звычайна, і Бярозка не змагла ўвайсці дадому з-за таго, што брамка была зачынена. Дык яна скеміла абысці праз калгаснае поле, праз агарод увайшла на родны падворак. Вось расказваю вам і разумею, як мне прыемна тое жыццё ўспамінаць!


— Калі так, Настасся, давайце яшчэ ўспомнім!

— Аднойчы ў сажалцы адкрыла для сябе жывых істот, якіх раней ніколі не бачыла. Гэта былі апалонікі. Хадзіла на сажалку кожны дзень за імі назіраць і за лета адсачыла, як яны ператварыліся ў жаб. Для дзіцяці — гэта сапраўдны цуд. Напэўна, і не толькі для дзіцяці. З дзядулем мы хадзілі ў лес. Здаралася, што ранняй вясной мы там з ім ужо гулялі. На дрэвах яшчэ не было лісця. Дык дзядуля вучыў мяне адрозніваць дрэвы па асаблівасцях кары. А потым праводзіў экзамен. І ў мяне атрымлівалася, не бачачы лісця, пазнаць, што за дрэва, толькі па кары. Дзядуля вучыў мяне шмат чаму: і табліцы множання, і як даглядаць карову, парасят. А калі я яшчэ зусім малышкай была, прыносіў мне кавалкі хлеба ад зайчыка, лісічкі, які, канечне, з задавальненнем з’ядаўся.


— Вас выхоўвалі родныя з любоўю, праяўляючы педагагічны талент. Магчыма, таму вам захацелася стаць настаўніцай?

— У мяне была магчымасць паступаць у любую навучальную ўстанову нашай краіны з-за даволі высокіх балаў на тэсціраванні. І ўсё ж я выбрала педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Вучылася з цікавасцю і задавальненнем. Яшчэ студэнткай старшых курсаў пачала працаваць у школе. Зараз ужо два гады і пасля выпуску з універсітэта працую. У нас добры псіхалагічны мікраклімат у калектыве, мне давяраюць. Давялося нават паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства ў намінацыі “Класны кіраўнік”. Зараз рыхтуем разам з калегамі тыдзень нашага прадмета — біялогіі. Вось дзе спатрэбіцца дадатковая творчая энергія! Хачу сказаць дзякуй за падтрымку мяне як маладога спецыяліста дырэктару гімназіі № 35 Таццяне Уладзіміраўне Клімко і Ірыне Сцяпанаўне Іванюценка.


— Настасся Віктараўна, што творчая асоба набывае, растрачваючы сваю энергію, ствараючы творчыя прадукты: малюнкі, вершы, урокі, калажы і інсталяцыі з вучнямі, фенечкі і капелюшы з дзецьмі ў лагеры “Зубраня”?

— Якасць жыцця паляпшаецца, перажываеш цудоўныя эмоцыі, адпачываеш, супакойваешся, разважаеш. Здараецца, што ўдаецца зразумець сябе так глыбока, як ніколі раней. Удаецца лёгка знайсці агульную мову са сваім маленькім пляменнікам Алежкам. Прыдумляць, увасабляць ідэі, ствараць нешта з нічога — чароўна. Добра думаецца, калі напаўняеш колерам чужыя выявы. Нядаўна купіла кнігу для творчасці і натхнення Джааны Бэсфард. Магчыма, некаму спадабаецца размалёўваць карціны па нумарах. А мне ўсё ж зараз мілейшыя прастата і лаканічнасць простага алоўка. Можа, гэта мая творчая спадчына ад мамы? Яна таксама любіць маляваць менавіта так.


Усім нашым творчым чытачам і Настассі Віктараўне Усік пажадаем вясенняга натхнення і аптымізму на ўсё жыццё яе ж словамі з дзіцячых вершаў:

Желаю вам не унывать

И настроение держать,

Чтоб на лице была улыбка

И лёгкость выпрямляла спинку.

Самае важнае для кожнага чалавека творчага — прысутнасць у яго жыцці таго самага кругавароту любові ў прыродзе, які, безумоўна, ёсць у жыцці нашай госці Настассі Усік. Чаго і ўсім нашым любімым чытачам жадаем.

Святлана РАДЗЬКОВА.