Навагодняе шчасце — у нашых руках

Шчасце — адна з галоўных патрэб чалавека. Што робіць нас шчаслівымі? Гэта не простае пытанне. Аднак напярэдадні навагодніх свят разуменне шчасця спрашчаецца. Шчаслівы той, у каго ёсць дзіцячыя ўспаміны пра чараўніцтва Новага года з мамай і татам, братамі і сёстрамі. Шчаслівы той, хто сам можа папрацаваць чараўніком для дзяцей. Самае вялікае і яркае шчасце ў тых, хто дорыць і раздзяляе пераднавагоднія радасці са сваімі дзецьмі, унукамі, вучнямі. Людміла Канстанцінаўна Панкова, настаўніца мастацтва гімназіі № 30, якая сваімі рукамі можа стварыць усё — ад аплікацыі да скульптуры, якраз у эпіцэнтры гэтага шчаслівага віру.

— Людміла Канстанцінаўна, ваша дзяцінства было ўпрыгожана і расквечана вашымі бацькамі, як дзяцінства вашых дачок і вучняў вамі?

— Неяк раней я пра гэта не думала. А праўда, мае мама і тата — незвычайныя людзі, і зрабілі шмат чаго, каб маё дзяцінства было шчаслівым і прыгожым. Тата — Канстанцін Сямёнавіч — быў лётчыкам. Для сябе любіў рабіць мадэлі самалётаў. Вельмі спагадліва адносіўся да просьбаў маіх і маіх педагогаў штосьці зрабіць сваімі залатымі рукамі для дзіцячых гульняў. Аднойчы тата змайстраваў цацачны прылавак і муляжы прадуктаў, каб нам, дзецям, гуляць у магазін. Гэта было так прыгожа і па-сапраўднаму. Але нават гэта яшчэ не ўсё. За прылаўкам стаяла лялька ў касцюме прадаўца. Гэты касцюм для лялькі пашыла мая мама — Ганна Аляксандраўна. Яна працавала ў атэлье. Кожны год матуля шыла мне новыя паліто. Навагоднія касцюмы ў мяне былі самыя розныя: Снежнай каралевы, Ночы, Коніка ў тройцы, Чырвонай Шапачкі і, канечне, Сняжынкі. Мама гэты ўбор у дзесяць слаёў падкрухмальвала, падсіньвала.

— Ці захаваліся маміны касцюмы?

— На шчасце, так: Сняжынкі, Чырвонай Шапачкі. Я цяпер іх на ўнучку адзяваю.

— Такі касцюм ад прабабулі — сапраўдная сямейная рэліквія!

— Ваша праўда. Я і захоўваю іх у спецыяльных скрынках як рэліквіі. У мяне яшчэ засталіся і выкарыстоўваюцца ёлачныя цацкі з маміна-татавай калекцыі. Я іх рэстаўрырую. Напрыклад, калі фарба сцерлася — падмалёўваю. Старымі ёлачнымі цацкамі падзялілася з дочкамі Марынай і Алёнай. Абедзве яны ўжо замужам, у іх ёсць свае дзеці — мае ўнукі Алеся і Паўлік. Ёлачная цацка з дзяцінства абуджае столькі прыемных успамінаў. З татам і мамай мы жылі ў ваенным гарадку. Цікавым жыццё рабілі самі: арганізоўвалі святы. Я займалася мастацкай гімнастыкай, малявала, іграла на акардэоне. Ёлку ўбіралі не толькі фабрычнымі цацкамі, але і самаробнымі. Са сваімі дачушкамі ў іх дзяцінстве я таксама рабіла цацкі і цяпер іх захоўваю. Гэта домікі, жывёлы — сімвалы розных гадоў. І для дзяцей у гімназію мне прыемна рабіць цацкі, упрыгажэнні, кампазіцыі. Калі ў мяне з’явілася свая сям’я, заўсёды ставіла вялікую жывую ёлку пад столь. Яе ўпрыгожвалі цацкамі старажытнымі, самаробнымі, новымі, прывезенымі з падарожжаў. З Чэхіі — шкляныя матрошкі, фігуркі зорак, салюцікі, са Швейцарыі — зорачка, з Германіі — лыжнікі, саначкі. У Германіі аматары навагодніх свят, ёлачных цацак могуць купіць іх нават у летнія месяцы, таму што працуюць такія спецыяльныя магазіны круглы год. Сям’ёй мы многа падарожнічалі і, канечне, магчымасцю папоўніць цацачную калекцыю карысталіся. У нашай сям’і ёсць традыцыя адзначаць Каляды двойчы. І падарункі на абодва святы адно аднаму дорым.

— Людміла Канстанцінаўна, а ці памятаеце вы падарункі, што дарылі вам бацькі на Новы год?

— Запомніла назаўсёды набор каляровых алоўкаў у тры ярусы і альбом для малявання з беласнежнай паперай. Зараз у маёй сям’і мы таксама любім дарыць падарункі, падносячы іх асаблівым чынам. Падарунак свой трэба знайсці, бо яго месцазнаходжанне зашыфравана ў квесце.

— Вы згадалі, што і для гімназістаў з радасцю рыхтуеце навагоднія сюрпрызы.

— Раблю выцінанку і ўпрыгожваю вокны будынка гімназіі. Зараз у гэтай арыгінальнай тэхніцы аформлены ўваход у гімназію. Прыйшлося нават прыдумваць розныя сакрэты, каб выцінанку не чаплялі заплечнікамі і не пашкодзілі. Доўгі час у гімназіі стаяла ёлка па маім эскізе, выпілаваная загадчыкам гаспадаркі з фанеры, задрапіраваная і ўпрыгожаная мной зялёным атласам з фларыстычнымі матывамі (засушанымі ружамі, галінкамі, прыцярушанымі штучным снегам). Карыстаецца папулярнасцю вучняў гімназіі святочная кампазіцыя “Батлейка”. Унутры кампазіцыі Марыя, яслі з дзіцем, фігуры вешчуноў, якія прыносяць дарункі. Старшакласнікі проста любуюцца кампазіцыяй, а вось меншыя дзеці нават стараюцца з ёй узаемадзейнічаць: дабаўляюць вешчунам дароў (заколачкі, сувенірчыкі падкладаюць) і нават часам забіраюць малыша Хрыста паняньчыць. У мяне цяпер некалькі фігурак дзіцяці ў запасе на гэты выпадак. Ідэі навагодняга афармлення мяне натхняюць. У нашым з дзецьмі класным пакоі за шклянымі дзвярыма шафы жылі паўночныя жывёлы ў дэкарацыях тундры, гірлянды з шароў і розныя падвескі на шторах. У нашай гімназіі ёсць традыцыя — конкурс ёлак. Кожны клас вырабляе сваю арыгінальную ёлку, а потым у холе ўся гэтая прыгажосць выстаўляецца. Атрымліваецца сапраўднае свята фантазіі.

— Якую ёлачку вашы вучні выставілі ў гэтым годзе?

— Ёлку з пазалочаных макаронаў, падобных да спружынак, упрыгожаную мініяцюрнымі чырвонымі банцікамі. Аднойчы, напярэдадні чарговай выставы, дзяўчынкі майго класа зрабілі вельмі прыгожую ёлку з яловых лапак і ягад рабіны. На выставе наша ёлачка размяшчалася побач з батарэяй ацяплення. Падсохла, пачала асыпацца. Прыйшлося перарабіць ёлачку. Абматала трохвугольную каробку ад цукерак зялёнай мішурой і ўпрыгожыла яе цацкамі — выразанымі з нашага агульнага фотаздымка тварамі дзяцей. Маім хлопчыкам і дзяўчынкам так спадабалася новая ёлка, што на выставе яны раз-пораз паварочвалі яе так, каб свой тварык быў на самым прыметным месцы. Аднойчы мы выйгралі раённы конкурс з навагодняй кампазіцыяй, зробленай маімі гурткоўцамі з салёнага цеста. Кожнае дзіця вылепіла свой знак задыяка, упрыгожыла яго, а я сабрала ўсе вырабленыя знакі на аснову.


— Дарэчы, выдатная ідэя для нашых чытачоў, каб упрыгожыць свой дом, клас.

— Яшчэ падкажу чытачам, як зрабіць сімвал новага года — фігурку пеўня хутка і з падручных матэрыялаў. Вазьміце два ватныя касметычныя дыскі (можна размаляваныя гуашшу, каб пеўнік быў ярчэйшым), злучыце іх адзін з адным клеем. Адзін дыск — гэта галава фігуркі, а другі — цела. Да галавы прымацуйце яркія папяровы грэбень, дзюбу і бародку. Да цела прымацуйце хвосцік з сапраўдных пёраў або выразаных з паперы. Ды і ножкі са шпорамі не забудзьце.

Святлана РАДЗЬКОВА.