Клоўна з кошкамі — Юрыя Куклачова — ведаюць, відаць, і дарослыя, і дзеці. Як мінімум вы бачылі — ужывую ці па тэлевізары — хаця б адзін са шматлікіх спектакляў, якія былі пастаўлены артыстам з удзелам вусатых і хвастатых акцёраў. Сярод іх “Кошчын дом”, “Выкрадальнікі кошак”, “Кот у ботах”, “Алімпіяда ката Барыса”, “Цырк у маім багажы” і шмат іншых. Аднак Юрый Дзмітрыевіч праславіўся не толькі артыстычнай кар’ерай. Яго выхаваўчы праект “Школа дабрыні” вядомы і ў нашай краіне.
Юрый Куклачоў — савецкі і расійскі артыст цырка, народны артыст РСФСР, заснавальнік і мастацкі кіраўнік адзінага ў свеце Тэатра кошак.
За сваю артыстычную кар’еру атрымаў мноства нацыянальных і міжнародных узнагарод, сярод якіх Залатая карона клоўнаў (Канада, 1976), прэмія Ленінскага камсамола (СССР, 1980), прэмія “Залаты Оскар” (Японія, 1981), прыз “Сярэбраны клоўн” на Міжнародным фестывалі цыркаў у Монтэ-Карла (1985) і інш. Мае тытул Пасла добрай волі (Канада, 1976). З’яўляецца ганаровым членам Акадэміі клоўнаў Амерыкі (1977), ганаровым прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (2011) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (2012).
— Юрый Дзмітрыевіч, вы з’яўляецеся адным з самых вядомых клоўнаў свету. Што паспрыяла таму, што вы сталі артыстам цырка?
— Мае школьныя гады нічым не адрозніваліся ад школьных гадоў іншых савецкіх дзяцей. Што запала ў душу, дык гэта асобы некалькіх настаўнікаў, чые ўрокі адрозніваліся ад астатніх. Яны ставіліся да ўрока як да спектакля, і праз гэта так тлумачылі вучэбны матэрыял, што дома не трэба было нічога вучыць.
У школе я быў троечнікам, і пасля 8 класа сам забраў дакументы. Хацеў пайсці ў цыркавое вучылішча, але мяне не ўзялі. Паступіў у прафтэхвучылішча на друкара. Але паралельна працягваў займацца ў народным цыркавым калектыве пры Доме культуры “Чырвоны Кастрычнік”. У 14 гадоў я фактычна стаў самастойным, атрымліваў стыпендыю і заробак у друкарні “Маладая гвардыя”. А ў 1967 годзе стаў першым клоўнам у Савецкім Саюзе, лаўрэатам Усесаюзнага агляду мастацкай самадзейнасці, даказаўшы ўсім (найперш тым, хто на працягу 7 гадоў не браў мяне ў цыркавое вучылішча), што я сапраўдны цыркавы артыст.
У вучылішчы была педагог, якая прымусіла нас вучыцца — Іля Якаўлеўна Навадворская. Яна выкладала гісторыю цырка, гісторыю літаратуры і шэраг іншых дысцыплін. Магчыма, у нечым яе падыход быў непедагагічны, але яна сапраўды дала нам усім штуршок да імкнення да ведаў і самаразвіцця. Даўшы заданне, на наступных занятках яна пачынала апытваць. Зразумела, мы нічога не маглі адказаць. Сыпаліся “двойкі”. Пасля трэцяй “двойкі” я папрасіўся: “Іля Якаўлеўна, я не паспеў усё прачытаць. Ці можна мне выправіць адзнакі праз некаторы час?” — “У цябе 10 дзён,” — адказала яна. За 10 дзён я ўсё праштудзіраваў і выправіў усе нездавальняючыя адзнакі. Дзякуючы ёй, я прачытаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Шэкспіра, Мальера і іншых. Я ж напачатку думаў, што гэта непатрэбна, што ў цырку толькі і трэба, што скакаць і рабіць сальта на руках… Яна вельмі добра тады сказала: “Клоўн — гэта не дурнаваты скамарох. Ты павінен быць філосафам”. І так яна ставілася да ўсіх: і да клоўнаў, і да акрабатаў. Але галоўнай яе якасцю было тое, што яна любіла навучэнцаў. Знайшоўшы да кожнага падыход, яна імкнулася зрабіць з балбеса чалавека. Потым, праз шмат гадоў, калі я ўжо стаў народным артыстам, я напісаў ёй: “Іля Якаўлеўна, дзякуй вам за “двойкі”, якія зрабілі мяне чалавекам…”
— Кажуць, што настаўнік і артыст — вельмі блізкія прафесіі. Як думаеце, чаму?
— Настаўнік — гэта крыніца душэўнай цеплыні. Гэта не лектар, які выйшаў і выклаў свой матэрыял. Чаму прафесіі акцёра і настаўніка роднасныя? Таму што акцёр павінен выйсці на сцэну і не проста прагаварыць ролю, а, прапусціўшы інфармацыю праз сябе, данесці яе да гледача. Так і настаўнік павінен знайсці ў сабе здольнасці, каб уздзейнічаць на вучня. Як казаў А.П.Чэхаў, настаўнік павінен быць артыстам, мастаком, які горача ўлюбёны ў сваю справу.
Дзякуючы такому падыходу, у кожным з маіх дзяцей раскрыўся свой дар. Дзмітрый — дзеючы цыркавы артыст, і беларускія гледачы змогуць убачыць яго ў праграме, якую мы хутка прывязём у Мінск. Кацярына — прафесійная мастачка, зараз з’яўляецца галоўным мастаком тэатра, малюе катоў і нават зрабіла нумар з пескаграфіяй на каціную тэматыку. Уладзімір доўгі час быў салістам Балетнага тэатра Панова ў Ізраілі, а зараз, пасля завяршэння кар’еры танцоўшчыка, таксама працуе ў нашым тэатры: зрабіў унікальны праект “Балет з кошкамі”.
— Шмат хто лічыць, што прафесія клоўна вельмі простая. У чым складанасці вашай работы на арэне?
— Хай лічаць, але пры гэтым падумаюць: чаму ў свеце клоўнаў можна пералічыць па пальцах. “Мазаных” шмат, а сапраўдных клоўнаў нямнога. Недастаткова начапіць нос і расфарбаваць твар. У былым СССР сапраўдных клоўнаў было пяць: Алег Папоў, Міхаіл Румянцаў (Карандаш), Юрый Нікулін, Леанід Енгібараў і Юрый Куклачоў. Па ўсім свеце таксама можна налічыць іх каля дзясятка. І гэта нават не рэдкая прафесія — гэта сэнс жыцця!
— У вас ёсць цікавы адукацыйны праект. Раскажыце пра яго.
— Адным з галоўных дасягненняў стала адкрыццё “Школы дабрыні”. За мае кнігі і працу з дзецьмі я нават атрымаў званні ганаровага прафесара ўніверсітэтаў культуры ў Беларусі і Маскве.
Што такое “Школа дабрыні”? Гэта сістэма маральнага выхавання ў цэлым. У 90-я гады з адукацыйнага працэсу ў расійскіх навучальных установах знікла слова “выхаванне”. У выніку мы страцілі цэлае пакаленне. Але я адчуў гэта яшчэ тады і стаў актыўна працаваць. За 28 гадоў назбіраўся вялікі багаж ведаў.
“Школа дабрыні” рэалізуе тры праграмы: для дзяцей, для бацькоў і для педагогаў і псіхолагаў. У нашай школе ўсё навучанне пабудавана на навуцы, якую я назваў “Чалавечны чалавек”. Тут дзеці вучацца вывучаць сябе, спазнаваць мову пачуццяў і думаць вобразамі, таму што мова пачуццяў і вобразаў — мова падсвядомасці. Толькі праз пазнанне падсвядомасці можна раскрыць увесь патэнцыял, закладзены ў чалавеку.
Чалавек павінен быть гарманічным, развіваць і інтэлектуальную, і рухальную сферу. Я вырашыў выкарыстаць сістэму К.С.Станіслаўскага і яго псіхафізічныя трэнінгі, якія праводзяцца ў тэатральных навучальных установах. Яны дапамагаюць асвоіць уласны ўнутраны свет і зрабіць крок да самапазнання і самаўдасканалення. Станіслаўскі не быў першапраходцам у вырашэнні праблемы самапазнання, гэтаму ўдзялілі ўвагу нават Арыстоцель і Клеапатра. З тых часоў пачалася навука кінезіялогія, якая займаецца вывучэннем узаемадзеяння правага і левага паўшар’яў нашага мозга.
Яшчэ раз падкрэслю: я ўпэўнены, што настаўнікі і акцёры — прадстаўнікі вельмі блізкіх прафесій, і таму для настаўнікаў кінезіялагічныя практыкаванні таксама а-ктуальныя. І калі для акцёра псіхафізічныя трэнінгі патрэбны для ўвасаблення ў ролю і выхаду на сцэну, то настаўнік можа выкарыстоўваць гэтыя падыходы ў штодзённым жыцці.
Асаблівасцю “Школы дабрыні” з’яўляецца яшчэ і тое, што да правага і левага паўшар’яў я далучыў яшчэ і сэрца. Інтэлект, рух і сумленне — гэтыя чалавечыя ўласцівасці і якасці варта развіваць разам.
— Наколькі запатрабаваны вашы ідэі ў Расіі і за яе межамі?
— “Школа дабрыні” вельмі запатрабавана і карыстаецца папулярнасцю. Для рэалізацыі праграмы былі створаны падручнікі, а ў 2002 годзе яны былі зацверджаны для школьнага прадмета “Навакольны свет”, і маімі кнігамі карысталіся ва ўсіх маскоўскіх школах. Усяго зараз выпушчана 9 кніг.
Галоўная мэта “Школы дабрыні” — дапамагчы дзіцяці асэнсаваць свае магчымасці і правільна іх рэалізаваць. Я заўсёды кажу дзецям: кожны з нас валодае здольнасцямі, і важна не сядзець склаўшы рукі, а дзейнічаць. Кожны павінен сам шукаць сябе і развівацца ў той сферы дзейнасці, якая падабаецца.
Работа па гэтай сістэме пачынаецца найперш з работы над сабой. Я не вучоны, але ў работах Паўлава, Выгоцкага, Сухамлінскага знайшоў пацвярджэнне маёй праўды.
— Як “Школа дабрыні” спалучаецца з работай Тэатра кошак?
— Самая галоўная школа дабрыні — гэта зносіны з нашымі выхаванцамі. Кожны наш спектакль — гэта своеасаблівы ўрок. На іх людзі могуць убачыць, што сілай дабрыні і любові можна стварыць цуд. Я нават праводжу ўрокі па выхаванні катоў, таму што дрэсіраваць іх немагчыма.
— З тэатрам вы аб’ездзілі ўвесь свет. Як часта бывалі ў Беларусі?
— Вельмі часта я выступаў у Гомелі і Мінску (дарэчы, фільм “Кот і клоўн” (1984) здымалі ў мінскім цырку). А з Тэатрам кошак мы гастралюем з дня яго заснавання — з 1990 года.
Мне падабаецца ў Беларусі: дабрыня і спагадлівасць людзей, утульнасць беларускіх гарадоў і маленькіх населеных пунктаў, іх чысціня і добраўпарадкаванасць. У кастрычніку мы зноў наведаем Беларусь. На гэты раз у Мінск, Маладзечна, Рэчыцу, Жлобін, Салігорск і Бабруйск новую праграму “Клоўн і кошкі” прывязу ўжо не я, а мой старэйшы сын заслужаны артыст Расіі Дзмітрый Куклачоў. На спецыяльным аўтобусе да вас прыедуць асаблівыя акцёры: 40 кошак і 2 сабакі. Будзе цікава! Так што чакаем на нашых спектаклях.
Аляксандр ГАРНАСТАЕЎ.
Фота з архіва Тэатра кошак Юрыя Куклачова.