Што важней для Ганны?

Фінансавая адукацыя і фінансава-прававая кампетэнтнасць з’яўляюцца адным з важных фактараў эканамічнага росту Беларусі і павышэння ўзроўню даходаў насельніцтва. З мэтай вывучэння ведаў і ўменняў навучэнцаў рашаць задачы па фінансавай дасведчанасці я правяла стартавую дыягностыку. У ёй паўдзельнічаў 61 чалавек з ліку васьмікласнікаў.

Вучням было прапанавана рашыць 5 задач рознай складанасці (Дадатак 1). Задачы былі падабраны з улікам пройдзенай праграмы. У цэлым вучні нядрэнна справіліся з прапанаванымі заданнямі (рашылі ад 3 да 5 задач). Але былі і такія, якія не рашылі ніводнай задачы. Каб ліквідаваць гэтыя прабелы ў ведах, пры праходжанні тэмы “Выкарыстанне квадратных ураўненняў пры рашэнні задач” я прапаноўвала задачы па асновах фінансавай дасведчанасці. У далейшым пры вывучэнні алгебры задавала задачы па названай тэме дадому, акрамя таго, вельмі многа задач па асновах фінансавай дасведчанасці мы з вучнямі рашалі на факультатыўных занятках (Дадатак 2).

Каб развіць фінансавую дасведчанасць вучняў, ім прапаноўвалася скласці задачы на тэмы “Зберажэнні і грашовая эканомія. Розныя віды эканоміі”, “Уклады, крэдыты”. Правяраючы ўмовы складзеных задач, я прыйшла да высновы, што частка маіх вучняў добра разумее ролю грошай у прыватным, сямейным жыцці, у іх сфарміраваны карысныя фінансавыя звычкі. Гэтыя дзеці разумеюць сэнс слоў “уклад”, “працэнтная стаўка”, “дэпазіт”. Цікавыя па сэнсе задачы прадставілі вучні на тэму “Куплянне тавару ў крэдыт”, “Эканомія і беражлівасць у побыце” (Дадатак 3).

Вялікія магчымасці для фарміравання фінансавай дасведчанасці вучняў змяшчае ў сабе пазакласная работа па прадмеце. З гэтай мэтай для вучняў 10—11 класаў я праводзіла практыкум на тэму “Спосабы ашчаджання грошай”. Кожны склаў для сябе план будучага студэнта па крыніцах даходу і расходу сродкаў, г.зн. меркаваны бю­джэт. Для кожнага артыкула расходаў зацвердзілі тры калонкі: “План” — зацверджаная бацькамі сума, “Факт” — тое, што атрымалася ў рэальнасці, “Альтэрнатыва” — як можна было б сэканоміць.

У працэсе абмеркавання ў планаванне бюджэту былі ўнесены некаторыя карэктывы. Аказалася, што вучні добра ведаюць цэны на прадукты харчавання, арыентуюцца ў цэнах на неабходнае адзенне і абутак, рэчы побыту. Частка вучняў можа падлічыць кошт электраэнергіі, якая спажываецца, вады, газу, ведае, колькі бацькі плацяць за інтэрнэт-паслугі, кабельнае тэлебачанне. Акрамя таго, практычна ўсе арыентуюцца, дзе, у які час і на колькі працэнтаў дзейнічаюць акцыі на тавары. Разам з тым былі і такія вучні, якія не ведалі кошт асноўных прадуктаў харчавання, іншых неабходных тавараў ужытку.

Эканамічная гульня “Разумныя грошы” ў 9-х класах прадугледжвала спаборніцтвы каманд у трох турах. У першым туры вучням быў прадстаўлены таварны чэк з вялікай колькасцю набытых прадуктаў. Кожная каманда павінна была гэты пералік скараціць да 6 самых рацыянальных пакупак. Вынік першага тура паказаў, што ўсе каманды разумеюць, якія з прадуктаў з’яўляюцца першай неабходнасцю. У другім туры са спіса расходаў (усяго было прадстаўлена 13 найменняў) трэба было выбраць 5 відаў, якія, на думку каманд, з’яўляюцца самымі неабходнымі. Меркаванні каманд былі рознымі, але ўсе выбралі аплату па камунальных плацяжах,. Адна каманда не выбрала са спіса неабходных расходаў “падушку бяспекі”, матывуючы гэта тым, што грошы можна адкласці, калі яны застануцца (Дадатак 4). У трэцім туры камандам была прадстаўлена “Гісторыя Ганны”, у якой былі зберажэнні. Ганне хацелася б патраціць свае зберажэнні (пералік меркаваных расходаў дзяўчыны складаўся з 9 пунктаў). Удзельнікі каманд павінны былі расставіць артыкулы расходаў Ганны па прыярытэце (Дадатак 5). Высновы запісваліся ў выгля­дзе ромба, па ступені значнасці. Капітаны каманд абаранялі прадстаўленыя адказы. У гэтым туры меркаванні каманд былі таксама неадназначнымі. На думку дзвюх каманд, расходы на вяселле Ганны аказаліся значна важнейшымі, чым расходы на адукацыю дзяўчыны.

За час работы я правяла прамежкавую дыягностыку ўзроўню ведаў вучняў па пытаннях фінансавай дасведчанасці. За прапанаваныя задачы яны ўзяліся з вялікім энтузіязмам, адчуваўся аптымізм, зацікаўленасць у атрыманні правільнага адказу. Адзначалася станоўчая дынаміка: 15 вучняў (24,5%) пачалі рашаць задачы значна лепш. Ім падабаецца рабіць падлікі па прапанаваных тэкстах задач у рублях і ў працэнтах, працаваць з задачамі, прадстаўленымі ў выглядзе табліц, дыяграм.

Разам з тым пры рашэнні задач узнікае некалькі праблем: 1) частка вучняў няправільна разумее ўмову задачы; 2) не могуць знайсці правільнага адказу з-за дапушчаных памылак пры складанні ўраўнення; 3) прысутнічаюць памылкі ў вылічэннях.

Вынікі маёй работы за паўтара года сведчаць пра тое, што вучні, уключаныя ў гэтую работу, павысілі свой узровень фінансавых кампетэнцый і матываваны на далейшую работу. Задачы, якія я прапаную, уключаюць асновы фінансавай дасведчанасці, на ўроках матэматыкі і ў пазаўрочнай дзейнасці па прадмеце дапамагаюць вучням разабрацца ў многіх пытаннях, звязаных з фінансавымі аперацыямі, пашыраюць іх эканамічны кругагляд, развіваюць лагічныя здольнасці, фарміруюць уменне эканоміць грашовыя сродкі, без чаго немагчымы поспех у сённяшнім жыцці.

Дадатак 1

Задачы па асновах фінансавай дасведчанасці

  1. Аклад рабочага 900 рублёў на месяц, прэмія — 300 рублёў. Колькі працэнтаў складае прэмія ад акладу?
  2. Па новым тарыфным плане нейкую колькасць мінут абанент атрымлівае бясплатна, а звыш гэтага выкарыстаны час аплачваецца з разліку 540 руб. за 1 мінуту. Лена выкарыстала 580 мін, перавысіўшы дапушчальную норму, і заплаціла 4 руб. 32 кап. Колькі рублёў павінна заплаціць Даша, калі яна выкарыстала 490 мін?
  3. Для фарбавання сцен агульнай плошчай 250 м2 плануецца закупка фарбы. Аб’ём і кошт бляшанак з фарбай прыведзены ў табліцы.
Аб’ём бляшанкі (л) Кошт бляшанкі з фарбай (руб.)
2,5 7
10 26,5

Якую мінімальную суму патрацяць на куплянне неабходнай колькасці фарбы, калі яе расход складае 0,14 л м2?

  1. Пеця купіў у магазіне некаторую колькасць ручак. Потым ён высветліў, што ў іншым магазіне такая ж ручка каштуе ў 1 1/6 разоў менш, таму, заплаціўшы тую ж суму, ён мог бы купіць на 2 ручкі больш. Колькі ручак купіў Пеця?
  1. Чыгунка за прастой вагонаў пад разгрузкай у першы дзень бярэ 40$, а ў кожны наступны дзень на 300$ больш. Брыгада грузчыкаў павінна разгрузіць вагоны за 10 дзён. Калі яна разгрузіць вагоны раней тэрміну, то атрымае прэмію ў памеры 2350$ за кожны сэканомлены дзень. Пры якім тэрміне разгрузкі вагонаў будуць мінімальнымі затраты прадпрыемства па аплаце прастою вагонаў і выплаце прэміі грузчыкам?

Дадатак 2

Задачы па асновах фінансавай дасведчанасці

  1. Брокерская фірма набыла два пакеты акцый, а потым іх прадала на агульную суму 7 млн 680 тысяч руб., атрымаўшы пры гэтым 28% прыбытку. За якую суму фірма набыла кожны з пакетаў акцый, калі пры продажы першага пакета прыбытак склаў 40%, а пры продажы другога — 20%?
  2. Аднойчы супрацоўнікі фірмы паскардзіліся: “Наша сярэдняя зарплата ў 1,5 разу меншая, чым сярэдняя зарплата па краіне”. Кіраўніцтва фірмы адказала: “Гэтага не можа быць. Сярэдняя зарплата ўсіх супрацоўнікаў фірмы ў 1,5 разу больш, чым сярэдняя зарплата па краіне”. У колькі разоў сярэдняя зарплата кіраўніцтва фірмы, якое складае 10% ад усіх супрацоўнікаў фірмы, больш за сярэднюю зарплату супрацоўнікаў?
  3. Заработная плата павысілася на 5%, а цэны на тавар зніжаны на 16%. На колькі працэнтаў павысілася пакупная здольнасць спажыўцоў?

Дадатак 3

Прыклады тэкстаў задач, складзеных вучнямі, па асновах фінансавай дасведчанасці “Зберажэнні, грашовая эканомія”

  1. Дачка Ясенія на ўроках працоўнага навучання навучылася вязаць. У сувязі з надыходам моцных маразоў ёй спатрэбіўся шаль. Каб яго не купляць, яна вырашыла звязаць шаль свайго дызайну. Ёй спатрэбілася 2 клубкі нітак, кошт аднаго клубка нітак — 6 рублёў. Пруткі ў яе былі. Колькі сэканоміла сям’я, калі новы гатовы шаль каштаваў 25 рублёў? Адказ запішыце ў працэнтах.
  2. Каб паклеіць шпалеры ў пакоі, мне неабходна заплаціць рабочым 200 рублёў. Гэтую работу я магу зрабіць сама, але мне неабходна напісаць заяву на два вольныя ад работы дні без выплаты заработнай платы. Колькі грошай я сэканомлю, калі паклею шпалеры сама, улічваючы, што за кожны адпрацаваны дзень я атрымліваю 45 рублёў?
  3. У магазіне нізкіх цэн спажывецкія тавары прадаюцца ў сярэднім са сніжкай да 15%. Колькі можна сэканоміць грошай у месяц (30 дзён), калі сума пакупак за 1 раз складае 50 рублёў, а колькасць наведванняў — 2 разы на ты­дзень?

Прыклады тэкстаў задач, складзеных вучнямі, па асновах фінансавай дасведчанасці “Уклады, крэдыты”

  1. Укладчык размясціў 500 рублёў у банку пад 15% гадавых на 3 гады з правам датэрміновага зняцця. Праз 7 месяцаў ён даведаўся, што ў іншым банку прымаюць уклады пад 20% гадавых. Ён зняў грошы ў першым банку і размясціў іх у другім на 2 гады. Колькі грошай атрымае ўкладчык праз 2 гады ў другім банку?
  2. Кліент узяў у банку крэдыт 12 000 рублёў на год пад 15% гадавых на будаўніцтва дома. Ён павінен пага­шаць крэдыт, уносячы ў банк штомесяц аднолькавую суму, з тым каб праз год выплаціць усю суму, узятую ў крэдыт, разам з працэнтамі. Колькі рублёў ён павінен уносіць у банк штомесяц?
  3. Укладчык унёс некаторую суму грошай на ўклад “Выгадны” ў банк Х. Праз год ён зняў з рахунку ўсю суму разам з налічанымі працэнтамі — 63 500 рублёў. Які быў першапачатковы ўклад, калі банк на гэты ўклад налічвае 11% гадавых?

Дадатак 4

Эканамічная гульня “Разумныя грошы” (2 тур)

Расходы Від плацяжу
1 Вячэра ў рэстаране
2 Часопіс і кубак кавы
3 Штомесячны плацеж за здымную кватэру
4 Грошы на аплату паслуг мабільнай сувязі
5 Абавязковае страхаванне паслуг грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў
6 Месячны праезд у грамадскім транспарце
7 Спампоўванне мелодыі для мабільнага тэлефона
8 Замена масла ў аўтамабілі
9 Выплаты па крэдыце
10 Штомесячны плацеж на дэпазіт
11 Новая пара абутку
12 Новая мадэль мабільнага тэлефона
13 “Падушка бяспекі”

Дадатак 5

Гісторыя Ганны

Ганна хутка выходзіць замуж і едзе ў горад, дзе ў яе пачынаецца новае жыццё. Ганна будзе жыць у сям’і мужа. У яе многа планаў у дачыненні да існуючых у яе грошай. Яна хоча сэканоміць грошы для розных мэт, уключаючы прадметы, якія ўваходзяць у 9 пунктаў. Размяркуйце іх па ступені важнасці ў выглядзе ромба:

— Самы важны                                                      х

— Даволі важны                                                 х х

— Сярэдняй важнасці                                   х х х

— Менш важны                                                 х х

— Зусім не важны                                                х

  1. Купіць падарунак на развітанне для сястры (якая перажывае з-за пераезду).
  2. Паўдзельнічаць у вясельных расходах.
  3. Расходы на тое, каб атрымліваць асалоду ад жыцця ў горадзе, што можа аказацца дарагой прыемнасцю.
  4. Мець дастаткова сродкаў, каб абзавесціся дзецьмі.
  5. Мець дастаткова грошай для некаторай фінансавай незалежнасці.
  6. Абнавіць гардэроб, каб ён адпавядаў гарадскому жыццю.
  7. Заплаціць за арэнду дома, які яны здымуць з мужам.
  8. Уладкавацца на вячэрняе навучанне, каб павысіць узровень сваёй адукацыі.
  9. Мець невялікія зберажэнні на непрадбачаны выпадак.

Якія з мэт Ганна можа дасягнуць за кароткі час? На дасягненне якіх з мэт пойдзе найбольшая колькасць часу?

Таццяна БУРКО,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 6 Ліды.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*