Тэатр з паперы

Аднойчы адчуўшы радасць ад знаёмства з лялечным тэатрам, мы застаёмся яго прыхільнікамі назаўсёды. Хтосьці, стаўшы дарослым, глядзіць любімыя спектаклі зноў, каб успомніць цудоўныя часы дзяцінства, хтосьці — каб забавіць дзяцей або ўнукаў і далучыць іх да гэтага віду мастацтва, а ёсць людзі, якія гатовы ствараць чараўніцтва тэатра лялек сваімі рукамі, увасабляючы свае творчыя ідэі. Да натхняльнікаў і стваральнікаў лялек, дэкарацый, дзе яны жывуць і выступаюць, мы можам аднесці нашу госцю Марыю Юльянаўну Белую. Марыя Юльянаўна — выхавальніца ясляў-сада № 486 Мінска. Хаця скончыла яна механіка-матэматычны факультэт БДУ, з задавальненнем працуе з дзецьмі дашкольнага ўзросту ўжо 25 гадоў. “Магчыма, менавіта любоў да творчасці, патрэба ствараць сваімі рукамі прыгожае і карыснае з розных матэрыялаў утрымала мяне ў дашкольнай установе так надоўга”, — усміхаецца наша гераіня.

— Марыя Юльянаўна, чаму вы прыйшлі працаваць у дзіцячы сад?
— Спачатку — з-за сваіх дзяцей, а потым проста палюбіла работу выхавальніка не толькі за яе карыснасць, але і за магчымасць прымяніць свае здольнасці да малявання, канструявання з паперы. Дарэчы, папера — мой самы любімы матэрыял для творчасці.

— Давайце паглядзім на лялек і дэкарацыі. Іх так многа. Яны выкананы з розных матэрыялаў і ў розных тэхніках. Яркія, уражальныя!
— Дзецям вельмі падабаюцца нашы лялькі. Ім падабаюцца казкі. А ўвасабляць казку, ажыўляць лялек яны любяць яшчэ больш. Малышы так суперажываюць казачным персанажам, як самым сапраўдным жывым істотам. Аднойчы быў забаўны выпадак. Знікла мышка з набору да спектакля “Церамок”. Шукалі цэлы месяц. Не знайшлі ляльку, зрабілі новую. А потым высветлілася, што адна мая выхаванка так перажывала за лялечную мышку падчас спектакля, што вырашыла выратаваць яе ад перыпетый сюжэта і забрала дадому. Потым па сакрэце дзіця расказала мне пра гэта. Вось так! Спектакль для дзіцяці і яго героі — сапраўдныя.

— А якія яшчэ спектаклі вы ставіце для дзяцей і з дзецьмі?
— Спектакляў нямала. Гэта “Кошчын дом”, “Зайкава хатка”, “Церамок”, “Коцік, Пеўнік і Лісічка”, “Двое сквапных медзведзянят”. Група, у якой я працую выхавальнікам, беларускамоўная, таму і спектаклі — на беларускай мове.

— Я бачу, што лялькі з паперы зроблены ў розных тэхніках: складзены з конусаў і размаляваны або абматаны ніткамі, складзены ў тэхніцы арыгамі.
— Так і ёсць. Папяровых лялек робім разам з дзецьмі, а вязаныя лялькі я сама ствараю. Бацькі дзяцей мне дапамагаюць. Глядзіце, колькі зроблена іх рукамі: птушкі, павучкі, Каток — залаты лабок. Дарэчы, з бацькамі калі-нікалі мы арганізоўваем выставы іх вырабаў “Вясёлы снегавік”, “Космас”. Такія падзеі нас згуртоўваюць, ды і ў дзяцей ёсць нагода ганарыцца сваімі мамамі і татамі.

— А як лялечны тэатр увайшоў у ваша прафесійнае жыццё?
— Адной з педагагічных задач нашай дашкольнай установы было развіццё маўлення дзяцей праз драматызацыю. Мы запланавалі конкурс лялечных тэатраў, і за два месяцы ў маёй групе з’явіліся наборы лялек для 12 лялечных спектакляў. Я не адна рабіла іх — дапамагалі бацькі. Так і прыжыўся лялечны тэатр у нашай групе.

— На рабоце, у сям’і падтрымліваюць вашы творчыя справы?
— Падтрымліваюць! Загадчыца нашай дашкольнай установы Наталля Міхайлаўна Батырава, педагагічны калектыў, дачка Надзька. Яна больш за ўсіх мне дапамагае, і гэта прыносіць ёй задавальненне. Часта просіць, каб я дала ёй творчае заданне. Усе ведаюць, што я люблю працаваць з рознай паперай, упрыгожваць усё, адным словам, ствараць. Таму для мяне ў дзіцячым садзе заўсёды знойдзецца поле для творчай дзейнасці. У “Беларускім кутку” маімі рукамі ўпрыгожаны куфар, зроблены лялькі тэкстыльныя і ў тэхніцы пап’е-машэ. Наш маленькі ўласны “Планетарый” таксама аформлены з маёй дапамогай. У групе на сценах — мае пано ў нацыянальным стылі з самаклейнай паперы, “Куток бяспекі на дарогах”. Часта раблю маскі для дзяцей да Новага года. Удаваліся мне Карабасы-Барабасы, Шапачкі-Грыбы, Карлсаны, Баба Яга. Бывае, што і Дзеда Мароза ў садку іграю. Дарэчы, тры разы ўдзельнічала ў гарадскім парадзе Дзедаў Марозаў. Многае ўмею, у тым ліку і вершы пішу, як і некаторыя з маіх сясцёр.

— А колькі ў вас сясцёр?
— У мяне 5 сясцёр. У маіх бацькоў Леаніды Паўлаўны і Юльяна Кліменцьевіча Тарасевіч — шасцёра дзяцей. Усе дзяўчынкі. Адна з сясцёр Ганна — маё блізня. Ведаеце, у нашай сям’і з шасці сясцёр пяць — педагогі. І ўсе без выключэння — творчыя людзі. А родам я з вёскі Вароўскага, што ў Барысаўскім раёне.

— Марыя Юльянаўна, пэўна, дзеці вельмі любяць праводзіць з вамі час?
— Любяць. Я з дзецьмі лёгка наладжваю кантакт. Калі іх увага рассеяна і яе цяжка засяродзіць, саджуся і пачынаю выразаць з паперы. А выразаць я ўмею абсалютна ўсё, і нават без папярэдняга малюнка. Нават самы просты выраб, створаны на вачах у дзяцей, дапамагае прыцягнуць і заняць іх. Бяру ліст паперы і разразаю яго папалам па контуры ломанай лініі. Малышы бачаць, як з аднаго ліста паперы з’яўляюцца раптам дзве кароны. Потым кожны размалёўвае карону для сябе. Я дапамагаю яе сашчапіць. Праз некаторы час абед есць ужо вялікая кампанія каралёў і цароў у рознакаляровых каронах. З лёгкасцю выразаю русалку, прынцэсу, Бэтмена, машынку, снегавіка. Робім з дзецьмі з паперы кашалькі, самалёты, кветачкі. Са скручаных белых сурвэтак да мінулага свята Новага года змайстравалі сімвал года — авечку. Прыгожая атрымалася. Радаваліся разам з дзецьмі і бацькамі такому поспеху.

— Хутка зноў Новы год. Які на гэты раз вобраз увасобіце з дзецьмі?
— Створым малпачку. Яе вобраз — у мяне ўжо ў галаве. Яна — у сукенцы і з банцікам.

— Што дае вам любоў да творчасці? Вы сказалі, што менавіта магчымасць ствараць моцна трымае вас у дзіцячым садзе.
— Я адчуваю радасць, маё жыццё напоўнена, у мяне ёсць самыя ўдзячныя ў свеце аднадумцы, саюзнікі, гледачы — дзеці. У мяне ёсць свой свет, створаны маёй думкай і маімі рукамі. Я бачу свет па-свойму, і мне добра ў ім. У маім жыцці няма руціны і нуды. Жадаю і нашым чытачам мець свой творчы погляд на свет, знайсці свой ракурс погляду на творчае жыццё. Каб бачыць жыццё асабістае і прафесійнае ў радасных фарбах задавальнення і шчасця.

Вядучая рубрыкі
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.