Урок без гульні?! Не ўяўляю!

Святлана Гарыеўна Барбушына, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 162 Мінска, заўсёды ведала, што будзе педагогам. Гуляла Света ў асноўным у школу, бывала часта на ўроках мамінай роднай сястры Наталлі Пятроўны Садоўскай, захаплялася яе майстэрствам. Вялікім жаданнем быць настаўнікам, як сонечным святлом, было напоўнена дзіцячае жыццё госці нашай рубрыкі. “Я ніводнага разу не пашкадавала аб сваім выбары, — сцвярджае Святлана Гарыеўна. — Атрымліваю задавальненне ад работы, зносін з вучнямі і іх бацькамі, ганаруся сваімі выпускнікамі. Дарэчы, першым маім дзяўчынкам і хлопчыкам зараз па 25 гадоў. Калі была васьмікласніцай, я нават аднакласнікам гаварыла, што яны сваіх дзяцей прывядуць да мяне ў клас вучыцца”.


— Так і адбылося?

— Менавіта так усё атрымалася. У апошнім выпуску Марта Мельнічонак, Ягор Шапавал, Аляксандра Каледзіч — дзеці маіх аднакласнікаў. Прыемна, што працую я ў школе, дзе сама вучылася! За гэта дзякую першаму дырэктару школы, пад кіраўніцтвам якога працавала, — Галіне Мікалаеўне Юргелевіч.

— Святлана Гарыеўна, якога ўзросту дзеці ў вас вучацца ў гэтым навучальным годзе?

— Першакласнікі! Для нас усіх: мяне, дзяцей, мам і татаў — зараз вельмі цікавы, адказны, у нейкай ступені магічны час.

— Разумею, таямніцы характараў і здольнасцей раскрываюцца, магія яднання ў калектыў адбываецца, надзея на цуд узаемаразумення спраўджваецца!

— Ва ўсіх гэтых напрамках працую, бо вельмі важна правільна і радасна пачаць навучальны год. У суботу, напрыклад, арганізавала і правяла разам з бацькамі першакласнікаў свята-гульню “Пошук скарбаў”.

— Знайшлі скарб?!

— Знайшлі — і нямала. Хлопчыкі, дзяўчынкі адкрылі, што скарбніца — гэта іх клас, а скарбы — яны самі, скарбніца — гэта бібліятэка, а скарбы — кнігі і іншыя носьбіты інфармацыі.


— Што ў прафесіі вас натхняе і вабіць больш за ўсё, што ўнутры вялікай педагагічнай справы па душы можна назваць галоўным, вішанькай на торце?

— Не ўяўляю ўрок без гульні! Сама іх прыдумваю, а часам і мае вучні з’яўляюцца суаўтарамі: Марта Мельнічонак, Саша Кручанок, Насця Танкіх, Софія Філімонава. Не сумнявайцеся, на ўроку з гульнямі няма хаосу і беспарадку, хаця бывае, шумім і перамяшчаемся. Размовы і рухі толькі па справе, з сэнсам. З гульнёй дзеці больш эфектыўна і хутчэй навучаюцца, а галоўнае радасна і з вялікім жаданнем.

— Раскажыце пра гульні, якія вы стварылі.

— Любімыя дыдактычныя гульні маіх дзяцей — “Галоўная картка”, “Правільны рэцэпт”, “Хованкі”, гульня-казка “Добры доктар Грамацей”, “Вітамінкі доктара Грамацея”.

Напрыклад, гульня “Правільны рэцэпт” развівае ў дзяцей арфаграфічную пільнасць. Спатрэбяцца карткі-вітамінкі, набор слоў, фішкі. Гуляць могуць 2 — 20 чалавек.

Гулец выбірае картку са словам, вызначае тыпы арфаграм і побач устаўляе адпаведныя карткі-вітамінкі, потым правярае ў кансультанта. Калі “рэцэпт выпісаны” правільна, навучэнец атрымлівае фішку. Калі заданне выканана часткова або з памылкамі, гулец атрымлівае кансультацыю і зноў ідзе па патрэбныя “вітамінкі”. Пераможца — гулец з найбольшай колькасцю фішак.

Гульня “Торцік” для фарміравання вусных вылічальных уменняў і навыкаў у межах 10. Спатрэбяцца карткі лікаў ад 0 да 10.

У гульні ўдзельнічаюць ад 1 да 10 чалавек індывідуальна або ў складзе каманд. Карткі лікаў размяшчаюць на цэнтральнай дошцы ў адвольным парадку. Гульцы па чарзе забіраюць групу картак, якія стаяць побач і ўтвараюць лік 10. Пераможца — гулец з найбольшай колькасцю картак.

— Святлана Гарыеўна, а хто робіць карткі да гульняў?

— Я раблю. Гэта важна, бо менавіта аўтар — распрацоўшчык гульні ведае ўсе яе нюансы. У мяне хапае на гэта сіл, часу і энтузіязму таму, што я разумею, бачу карысць гульняў у працэсе навучання дзяцей. Паляпшаюцца індывідуальныя дасягненні вучняў, яны не баяцца памыляцца, не ператамляюцца. Мае дзеці хочуць вучыцца, з задавальненнем ходзяць у школу. Я — аўтар зборніка задач “Разумны задачнік”. Кніга выйшла з гульнявым дадаткам, які ўключае 80 гульняў. На бацькоўскім сходзе з мамамі і татамі праводжу некаторыя гульні, фізхвілінкі. Зразумеўшы, як няпроста дасягаць поспеху ў гульні, у навучанні ў цэлым, бацькі па-сапраўднаму пачынаюць цаніць працу дзіцяці ў школе. У нашым класе працуе “Лабараторыя адкрыццяў”. Дзеці працуюць над тэмамі разам з бацькамі: “Цэнтрабежная сіла”, “Што такое вулкан?”, “Як нараджаюцца мыльныя бурбалкі?”, “Як зрабіць фарбы?”. Запомнілася нам з дзецьмі даследчае свята, якое праходзіла на адкрытай пляцоўцы ў Заводскім раёне Мінска. Кароткія, але яркія даклады маіх вучняў спадабаліся гледачам.

— Шалва Аманашвілі аднойчы сказаў, што з дзецьмі павінен працаваць толькі добры, разумны, “маленькі” дарослы. Святлана Гарыеўна, вы менавіта такі педагог, які разумее дзіця і здольны падштурхнуць яго працаваць радасна. Хто дапамагаў вам стаць такой мудрай настаўніцай?

— З радасцю і ўдзячнасцю ўспамінаю ўсіх сваіх выкладчыкаў з педагагічнага вучылішча Мінска. Добрыя ўспаміны ў мяне і пра Анжэлу Васільеўну Шуша — майго першага настаўніка на рабочым месцы. Мы з Анжэлай Васільеўнай былі сапраўднай камандай. Яна працавала нефармальна, з душой. Такі падыход мне блізкі і зараз. Завуч школы Надзея Мікалаеўна Палхоўская навучала мяне ў першыя дні самастойнай работы: “Святлана, усім усміхайцеся і выбірайце галоўнае”. Часта выконвала параду Надзеі Мікалаеўны. Можа, менавіта таму аднойчы пачула такія словы ад свайго вучня Паўла Мікшто: “Святлана Гарыеўна, вы — чароўная!” Зараз мая педагагічная сям’я па-ранейшаму ў школе № 162 Мінска. Удзячна нашаму дырэктару Ігару Яўгеньевічу Смаргуну, завучу Ірыне Іванаўне Шынковіч за ўмовы, якія яны ствараюць для творчай работы, падтрымліваючы мае намаганні навучыцца новаму, павысіць кваліфікацыю, развівацца прафесійна.

— Святлана Гарыеўна, самаму натхнёнаму і захопленаму педагогу таксама важна падтрымліваць сваю цікавасць да прафесіі, абменьвацца ідэямі з калегамі. Ці ёсць у вас такая прастора, якая падсілкоўвае?

— Канечне. Педагагічны калектыў маёй школы. А яшчэ клуб “Вялікі перапынак”, дзе збіраюцца ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Я член гэтага клуба з яго заснавання. Клуб для мяне — педагагічная сям’я, школа самаўдасканальвання, кампанія сяброў і аднадумцаў.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.