Часта побач з намі знаходзяцца людзі, на першы погляд зусім звычайныя, але, калі пазнаеш іх бліжэй, разумееш, што гэта чалавек таленавіты, незвычайны, цікавы ва ўсім. У яслях-садзе № 5 Слоніма шмат таленавітых і цікавых людзей. Хачу пазнаёміць з адным з іх.
Вольга Анатольеўна Санько, выхавальнік дашкольнай адукацыі, працуе з дзецьмі 1-й малодшай групы. Усе свае веды і любоў дорыць сваім малым. Нягледзячы на малады ўзрост, выразна і ўмела будуе ўзаемаадносіны з бацькамі выхаванцаў. Вольга Анатольеўна пачынала сваю дзейнасць з пасады памочніка выхавальніка ў нашым дзіцячым садзе, потым вучылася ў Гродзенскім гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы і засталася ў нас працаваць выхавальнікам.
Вольга Анатольеўна вельмі захоплены і таленавіты чалавек, валодае мастацкім густам і вялікім творчым патэнцыялам, умее бачыць у штодзённым жыцці прыгожае і незвычайнае. Нягледзячы на штодзённыя клопаты пра сваіх блізкіх дома, работу з малымі ў дзіцячым садзе, знаходзіць час для таго, каб зрабіць жыццё навакольных прыгажэйшым. У вольны час займаецца бісерапляценнем, пляценнем з газетных трубачак, выпечкай тартоў, робіць розныя ўпрыгажэнні са стужачак, паперы, нітак, непрыдатнага матэрыялу. Вольга Анатольеўна лічыць, што яе захапленні — гэта адпачынак і задавальненне. Усе работы зачароўваюць сваёй прыгажосцю, вытанчанасцю, многія з іх упрыгожваюць і нашу ўстанову. Калі нядаўна мы адзначалі 45-годдзе ясляў-сада, Вольга прыняла актыўны ўдзел у стварэнні касцюмаў для выступленняў. А калі дзеткі ў групе падрастуць, выхавальнік навучыць іх бісерапляценню.
Вось такія прыгожыя рэчы робіць Вольга Анатольеўна.
Тамара БЕЛУШ,
загадчык ясляў-сада № 5 Слоніма.