Узбагацім эмацыянальную палітру фарбамі восені

У свае правы восень уступіла імкліва, рэзка паставіўшы кропку ў спрэчцы з летам. Ужо і святла адчувальна менш, і тэмпературы рэкордна зніжаюцца. Каб наш настрой і працаздольнасць не заразіліся гэтай тэндэнцыяй змяншэння, звернем увагу на тыя моманты, дзе ў восені прыбыло, і ўключым сябе ў гэтыя працэсы. Важна толькі распазнаць іх. Паспрабуем! Як ніколі, стравы на нашым стале разнастайныя і карысныя. На рынак можна хадзіць, як на экскурсію ў мастацкі музей, — так там прыгожа, святочна і багата.

Тэатры вярнуліся з гастролей і адпачынкаў, пачаўшы новы актыўны сезон. Купалаўскі тэатр, напрыклад, па-асенняму шчодра і ярка адсвяткаваў сваё стагоддзе, падзяліўшы радасць з гледачамі. Кінатэатры таксама радуюць нас афішамі. Не забудзем, што хутка “Лістапад” фестывальны супадзе з лістападам прыродным. Давайце ўдзельнічаць у адной і другой падзеі! Нават калі мы будзем далёка ад эпіцэнтра кінапаказаў, зможам сачыць за навінамі кінафоруму, і фільмы, што зацікавілі, паглядзім калі не сінхронна з фестывалем, то крыху пазней. Магазіны абнавілі вітрыны і рэпертуар тавараў на самы актуальны — асенні. Як не глянуц­ь і не парадаваць сябе ўтульнымі абноўкамі!

Дачны сезон скончаны, ураджай сабраны і загатаваны. Можна з задавальненнем строіць планы на будучы год, адпачываючы ад фізічнай нагрузкі, ці падабраць сабе новы варыянт вясёлай спартыўнай загружанасці. А можа творчай? Танцавальнай, напрыклад, ці малявальна-выяўленчай? Не будзем выключаць са спіса асенніх радасцей экскурсіі далёкія і блізкія, арганізаваныя самастойна і прапанаваныя іншымі.

Збярыце ўраджай гісторый сваёй сям’і, пачніце падбіраць матэрыялы для сваёй кнігі. Тэмы: “Гісторыя маёй кватэры, дома”, “Наша жыццё на дачы: учора, сёння, заўтра”, “Вясельная гісторыя роду”, “Як у маёй сям’і выбіралі прафесіі”, “Вясёлыя гісторыі, якія захоўвае наш дом”. Займаю­чыся такім відам хобі, вы атрымаеце стымул сустрэцца са сваякамі, па-новаму адчуць сувязь з імі, перажыць яркія эмоцыі.

Вы правільна зразумелі: восень — самы час для выбару хобі, для інвестыцый у сябе. Магчымасцей нямала. Прыслухайцеся да сваіх душэўных парываў і ідзіце за імі. Задайце сабе пытанне “Што робіць мяне больш шчаслівым?” Адкажыце самастойна ці з нашай дапамогай. Выбірайце — вы хочаце ўкладвацца ў сваё здароўе, знешні выгляд, заняцца гардэробам? Ці вы хочаце навучыцца чамусьці новенькаму, вам неабходны настаўнік? Замежная мова, уменне рабіць самамасаж, вырабляць упрыгажэнні, збіраць травы, пячы хлеб, фатаграфаваць мастацка, назіраць за птушкамі і іншымі жывёламі, спяваць, вязаць — на ўсе гэтыя напрамкі знойдзецца трэнер, настаўнік, спецыяліст.

Складзіце план радасцей на восень:

1. Пагуляць у парку, шамоцячы лісцем.

2. Спячы шарлотку з яблыкамі.

3. Зрабіць гербарый ці проста ўкласці рознакаляровыя лісты ў кнігі.

4. Пакаштаваць новыя гатункі чаю.

5. Часцей абдымаць сваіх родных.

6. Пазваніць і напісаць сваім настаўнікам, павіншаваць са святам.

7. Паглядзець любімы фільм.

8. Узяць з сабой на прагулку тэрмас з гарачым духмяным чаем.

9. Пакаштаваць новы ўраджай мёду.

10. Купіць летняе адзенне са скідкамі.

11. Арганізаваць асеннюю фотасесію.

12. Спячы пячэнне ў форме лістоў.

13. Купіць яркі смешны парасон.

14. Піць гарачы шакалад у любімым кафэ ці дома.

15. Правесці жураўлёў у вырай, памахаўшы ім рукой.

16. Арганізаваць вечар успамінаў пра лета.

17. Паглядзець на дождж з акна, седзячы на падаконніку з кубкам чаю.

18. Пасадзіць кветку ў вазон.

19. Вечарам запальваць свечкі.

20. Арганізаваць спаборніцтвы па стральбе шышкамі.

21. Зрабіць калаж ці аплікацыю з лістоў і іншых лясных дарункаў.

22. Пасля дажджу вымераць шырыню і глыбіню лужын.

23. Паглядзець карціны мастакоў, дзе намалявана восень, і пастарацца паўтарыць карціну.

24. Вывучыць песню пра восень і патанцаваць пад яе.

25. Пачытаць пра жывёл восенню.

26. Пакатацца на веласіпедзе, роліках, бо хутка гэта прыйдзецца адкласці да вясны.

Нават складаць такога роду планы прыемна (таму рэкамендуем працягнуць дадаваць пункты, потым зрабіць асабісты выбар), а ўжо ажыццяўляць — тым больш. Нават калі атрымаецца выканаць толькі некалькі пунктаў з вашага асабістага спіса аднаму, сям’ёй, з сябрамі, радасці хопіць да самай сустрэчы зімы.

Калі ў вас ёсць дзеці і ўнукі, прапануйце ім асеннюю віктарыну з прызамі. Хочаце скарыстацца гатовымі пытаннямі — калі ласка, задавальнення ад віктарыны не зменшыцца. Але калі вы дапоўніце спіс віктарыны адным-двума пытаннямі свайго сачынення, якія будуць мець дачыненне да падзей вашай сям’і, то такое баўленне часу пакіне яшчэ больш яркае ўражанне.

Пытанні віктарыны:

1. Якія асеннія традыцыі, святы народаў свету вы ведаеце?

Святкаваць “Дажынкі” (Беларусь).

Дзень асенняга раўнадзенства (Расія).

Свята каштана (Францыя).

Хэлоўін (Еўропа, Амерыка).

Фестываль агнёў (Індыя).

Дзень яблыка (Вялікабрытанія).

Дзень падзякі (ЗША).

Спаборніцтвы па кіданні гумовага бота (Фінляндыя).

2. Якія прыказкі пра восень вы ведаеце?

Восень непагадзь пасее.

Вясной дождж паруе, а восенню — мочыць.

Птушкі ў гняздзе да восені, дзеці ў сям’і да ўзросту.

Восень загадае, вясна сваё скажа.

3. Лісты якога дрэва жаўцеюць аднымі з першых?

Лісты бярозы.

4. Што збіраюць восенню?

Агародніну, садавіну, грыбы, ягады (журавіны, брусніцы). Убіраюць злакавыя культуры: пшаніцу, жыта, ячмень. Збіраюць лекавыя расліны, а таксама прыгожыя асеннія лісты.

5. Якой бывае восень?

Залатой, дажджлівай, нудлівай, ураджайнай, цёплай, сонечнай.

6. Якія казкі пра агародніну, садавіну вы ведаеце?

“Рэпка”, “Чыпаліна”.

7. Які паэт больш чым іншыя поры года любіў восень?

Аляксандр Сяргеевіч Пушкін.

8. Працягніце прыказку:

Куранят увосень… лічаць.

Восень — на дзень пагод… восем.

Восенню і ў вераб’я —… банкеты.

Вясна прыгожая, ды галодная, восень дажджлівая, ды… сытная.

Увосень і ў вароны капа, не толькі ў… цецерука.

9. Як вы лічыце, восенню праводзяць сяўбу яравой ці азімай пшаніцы?

Сеюць азімыя.

10. Восень у паэзіі асацыіруецца з сумам ці з радасцю?

З сумам.

11. У каго з членаў сям’і день нараджэння восенню?

12. Які букет не сабраць летам, а толькі восенню?

Букет з чырвоных і жоўтых лістоў.

13. Якія птушкі не паляцяць ад нас восенню?

Галубы, вераб’і, галкі, вароны.

Віктарына скончылася, прызы раздадзены, эмоцыі супакоіліся, пакінуўшы пасля сябе прыемны смак. А працягнуць вітаць восень яшчэ хочацца. Выходзьце на вуліцу з дзецьмі і сябрамі, каб правесці невялікае даследаванне: прыкладзіце чысты ліст паперы да кары розных дрэў, патрыце ліст васковым алоўкам, а потым параўноўвайце малюнкі.

Не забудзем, што восень — час агародніны, садавіны і, канечне, разнастайных спецый. Створым натуральныя араматызатары для прасторы кватэры. Самая яркая асенняя спецыя — гваздзіка. Разам з дзецьмі (калі ў іх няма алергіі) упрыгожце апельсіны і яблыкі зорачкамі гваздзікі, раскла­дзіце садавіну на стале. Хутка ўвесь дом напоўніцца вострым пахам.

Даставайце гуашавыя ці акрылавыя фарбы самых яркіх колераў. Будзем размалёўваць шышкі. З размаляваных шышак можна зрабіць дэкаратыўную кампазіцыю ці сімпатычную гірляду для дома. Фарбы можна выкарыстоўваць для размалёўвання гарбуза. Гэта захапляючы занятак, які згуртоўвае. У адзін з асенніх дзён схадзіце па грыбы, папярэдне падрыхтаваўшыся. Прачытайце пра грыбы, разгледзьце фотаздымкі карысных і атрутных грыбоў. Калі сумняваецеся ў ядомасці, то не кладзіце грыб у кошык. Адзін з асенніх вечароў прысвяціце назіранням за зорным небам. Такая насычаная падзеямі восень застанецца ў эмацыянальнай памяці яркай рознакаляровай карцінай надоўга.

Вядучая рубрыкі Святлана РАДЗЬКОВА.