Восеньскія фантазіі

Восень радуе нас не толькі цёплым надвор’ем, але, і гэта найперш, мноствам яркіх фарбаў. А яшчэ гэта цудоўная пара для палёту фантазіі і стварэння арыгінальных вырабаў з прыроднага матэрыялу. Выхавальнікі і выхаванцы ясляў-сада № 4 Астраўца і Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна так і зрабілі. І сваімі дасягненнямі яны дзеляцца з намі.

Ірына ГАН, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Астраўца:

Адной з традыцыйных форм узаемадзеяння і супрацоўніцтва з сям’ёй у нашым дзіцячым са­дзе з’яўляецца сумесная арганізацыя і правядзенне выстаў. Кожны год восенню, у кастрычніку, наш дзіцячы сад арганізуе выставу вырабаў з агародніны і прыроднага матэрыялу для бацькоў і дзяцей.

І гэты год не выключэнне. Ідэю сёлетніх вырабаў падказалі педагогі: а ці не зрабіць нам вырабы-“шапкі” з розных матэрыялаў?! І тут закруцілася! Удзельнікі выставы прыклалі шмат намаганняў, праявілі фантазію, захапілі сваім імкненнем да творчасці тых, хто спачатку не хацеў браць у ёй удзе­л.

Капялюшыкі атрымаліся ва ўсіх розныя, самабытныя, чароўныя. Кожны капялюшык па-свойму адметны! Кожны адлюстроўвае прыкметы восені або настрой. Вынікі сваёй плённай творчай працы мы паспрабавалі адлюстраваць на парадзе восеньскіх капелюшоў. Шчаслівыя вочы дзяцей гаварылі аб галоўным: свята атрымалася!

Выказваем вялікую падзяку ўсім бацькам, якія прынялі ўдзел у конкурсе.

Ілона ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ, выхавальніца Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна:

Восень радуе нас багатым ураджаем, разнастайным прыродным матэрыялам. Каб захаваць гэтую прыгажосць надалей, выхаванцы Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці прынялі ўдзел у свяце восеньскай творчасці.

Разам з матулямі яны стварылі шмат прыгожых работ з усяго таго, што падарыла восень. Былі прадстаўлены вырабы з агародніны і садавіны, шышак і лісця, кветак і іншага прыроднага матэрыялу. Усе вырабы атрымаліся вельмі яркімі, маляўнічымі і арыгінальнымі.

Прырода — невычэрпная крыніца творчасці і натхнення. Работа з прыродным матэрыялам уключае ў сябе вялікія магчымасці збліжэння дзіцяці з прыродай, выхаванне беражлівых адносін да яе, фарміраванне першых працоўных навыкаў, развіццё эстэтычнага густу.