Вяртаючы людзям любоў да Радзімы

“Па народных павер’ях гэта здараецца раз на год, у разгар лета, калі дзень самы доўгі, а ноч самая кароткая, калі прырода напаўняецца незразумелай сілай, прыемна пахнуць травы, птушкі змаўкаюць у чаканні світання, а ў мерным гомане лесу чуюцца водгаласы старажытных легенд…” — так пачынаецца рабочы сшытак удзельніка псіхалагічнага спектакля-свята з элементамі абрадавага дзеяння “Купальская ноч”.

Кожны год на працягу ўжо больш як 17 гадоў некалькі дзясяткаў чалавек збіраюцца летам, каб, адзеўшыся ў нацыянальныя беларускія касцюмы, акунуцца ў атмасферу жыцця нашых продкаў: пранікаць у сэнсы беларускіх абрадаў, спяваць беларускія песні, развучваць беларускія танцы, успамінаць свае радавыя карані і адначасова вырашаць свае псіхалагічныя праблемы.

Пра гэтую ўнікальную з’яву ў жыцці сучаснай Беларусі мы папрасілі расказаць аўтара праекта Наталлю Віктараўну Раманчык, прафесара кафедры кіравання і эканомікі вышэйшай школы РІВШ, кандыдата педагагічных навук, дацэнта па спецыяльнасці “Псіхалогія”, кіраўніка псіхалагічнага тэатра “Лютэя”.

Родны — ад слова “род”

— Наталля Віктараўна, ваш праект у першую чаргу псіхалагічны. Яго мэта —  работа з асобаснымі праблемамі сучаснага чалавека. Чаму вы вырашылі выбраць такі, калі можна так сказаць, экзатычны фармат правядзення псіхалагічных трэнінгаў?

— Азначэнне “экзатычны” тут дакладна не падыходзіць. Гэта наша нацыянальная культура і гісторыя, арганічная для беларусаў. Спадчына продкаў выяўляецца не толькі ў знешніх культурных формах — у ёй велізарны патэнцыял для асобаснага развіцця сучаснага чалавека. Гэта наша, роднае. А “роднае” — ад слова “род”. Пракласці ў думках лінію да продкаў, каб зразумець сябе сённяшняга і ўбачыць сваю будучыню, — гэта, на маю думку, неабходная ўмова цэласнасці асобы.

Купалле — цудоўнае народнае свята, самае прыгожае, адно з нямногіх, якія святкаваліся тысячагоддзямі і дайшлі да нашых дзён. І гэта не выпадкова. Гэтае свята мела вялікае значэнне для беларусаў, бо выконвала мноства вельмі важных функцый. Тады ж не было псіхолагаў і такіх, як зараз, актыўных зносін паміж юнакамі і дзяўчатамі. Купальскае свята вырашала задачы і лячэння душ, і знаёмства будучых сямейных пар, і нават рэгулявала пытанні разводу.

Для прыкладу: у купальскіх танцах многа тупаючых рухаў, як быццам утоптваем зямлю. Адтанцаваць да поту — гэта як правесці некалькі антыстрэсавых практыкаванняў. Ці карагоды — праяўленне саборнай культуры, якое дазваляе задаволіць патрэбу ў далучанасці. У жыцці ж не падыдзеш так проста да чалавека і не скажаш: “Давай я цябе абдыму”. А ў карагодзе цябе абнялі і павялі, ты не адчуваеш сябе адзінокім.

Наша Купалле адбываецца ў канве аўтэнтычных купальскіх абрадаў, але пры гэтым адкрыта для імправізацыі. Мы робім такое свята, прыйшоўшы на якое людзі вырашалі б свае асабістыя псіхалагічныя праблемы і адказвалі на важныя для сябе пытанні.

Таксама ў гэты дзень можна ўспомніць тых, хто быў да нас, задумацца пра свае карані, адчуць сілу і падтрымку свайго роду, а можа быць, і адказаць на пытанні: “Хто я? Кім я з’яўляюся на гэтай зямлі?”, “Якія радавыя пасланні я ўвасабляю ў сваім жыцці?”, убачыць сябе і працяг свайго роду ў будучыні.

— Наколькі моцны фактар радавой спадчыны ў жыцці сучаснага чалавека? Бо асноўны пасыл многіх папулярных псіхалагічных тэорый: я сам адказваю за сваё жыццё, і толькі ад мяне залежыць мая будучыня.

— Асабістая адказнасць за сваё жыццё — гэта неаспрэчная ўмова для развіцця асобы. Але людзі пражываюць у розных умовах і з розным жыццёвым вопытам. На наша жыццё ў вельмі моцнай ступені ўплываюць псіхалагічныя ўстаноўкі, закладзеныя ў нас бацькамі — гэты факт таксама не аспрэчваецца ў прафесійным псіхалагічным асяроддзі. На жыццё чалавека ўплываюць таксама і больш глыбінныя радавыя праграмы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Напрыклад, адным з самых моцных траўміруючых фактараў з’яўляецца вайна. А за гісторыю Беларусі на яе тэрыторыі страшных разбуральных войнаў было, мусіць, больш, чым дзе-небудзь. Апошняя сусветная вайна адбілася ў свядомасці нашага народа вельмі моцна і ўплывае на наш архетып да гэтага часу. Нават на тых лю­дзей, якія з’яўляюцца ўжо другімі ці трэцімі нашчадкамі ўдзельнікаў той вайны.

Мой бацька быў малалетнім вязнем канцлагера. І я таксама стала носьбітам гэтага ваеннага жаху. Мне доўгі час сніліся вельмі падрабязныя жудасныя сны пра вайну, хаця я на ёй не была. Мне прыйшлося сур’ёзна разбірацца з гэтай тэмай, каб гэтая радавая траўма не ішла далей і не ўплывала на маіх дзяцей і ўнукаў.

У час любой вайны жанчыне прыходзіцца браць на сябе мужчынскія ролі: гэта дазваляе выжыць і пракарміць дзяцей — забяспечыць выжыванне роду. Але ў мірны час побач з такой ваяўніцай мужчыны слабеюць. Пакутуюць яе дзеці. Ідзе ролевае зрушэнне: хлопчыкі прыма­юць на сябе жаночыя ролі, а дочкі не могуць наладзіць моцныя гарманічныя адносіны з мужчынамі.

На Купалле кожны ўдзельнік даследуе свае радавыя пасылы: яны асядаюць у людзей у свядомасці ў выглядзе ўстойлівых фраз, лозунгаў, прынцыпаў… Корань многіх канфліктаў у сям’і — сутыкненне супрацьлеглых установак. Напрыклад, муж нясе са свайго роду “Мой дом — мая крэпасць” і “Чужыя тут не ходзяць”, а жонка са свайго роду — “Любы госць — гэта падарунак Бога”. І вось ён — канфлікт.

Ад памяці продкаў да сябе сапраўднага

— Як арганізоўваецца купальскае свята? На яго можна проста прыйсці ў назначаны час?

— Прыкладна за паўгода да Купалля будучыя ўдзельнікі пачынаюць заяўляць тэмы, з якімі яны хацелі б папрацаваць. І недзе за месяц да падзеі я вызначаю агульную тэму свята.

Кожнае Купалле — гэта абсалютна арыгінальная падзея, непадобная на ўсе папярэднія. Менавіта таму людзі ўдзельніча­юць у ім шматразова, некаторыя не прапусцілі ніводнага. Сувязным элементам усёй праграмы з’яўляецца абрадавая традыцыя Купальскага свята, але гэта вольныя рамкі, якія дазваляюць уключыць у яе любыя неабходныя ў пэўны момант элементы псіхалагічнай работы.

У працэсе падрыхтоўкі мы некалькі разоў збіраемся групай: развучваем купальскія песні, размаўляем пра нашых продкаў, пра іх культуру. Я прашу ўдзельнікаў прыносіць фотаздымкі сваіх продкаў, у каго якія захаваліся, прашу ўспомніць гісторыі і легенды свайго роду.

У першы дзень нашага трэнінгу мы знаёмімся, кожны расказвае пра тое, навошта ён сюды прыехаў, якія задачы ставіць перад сабой на гэтым мерапрыемстве. Людзей з падобнымі мэтамі я аб’ядноўваю ў падгрупы. Кожная падгрупа рыхтуе эпізод будучага свята з выкарыстаннем песень, элементаў абраду, танцаў. Увесь неабходны рэквізіт для сваіх эпізодаў група вырабляе на месцы.

Стварэнне эпізодаў часта адбываецца вельмі бурна, каманды праходзяць усе этапы групавой дынамікі. Рэгуляваць тое, што адбываецца, мне дапамагаюць удзельнікі з нашага тэатра “Лютэя”: яны і самі ўдзельнічаюць у свяце, вырашаюць свае задачы і дапамагаюць мне трымаць працэс пад кантролем.

У выніку мы атрымліваем 5—7 эпізодаў, якія могуць займаць ад 6 да 12 гадзін. Мая задача — скласці гэтыя эпізоды ў адзін агульны сцэнарый, выбудаваць дынаміку, прапрацаваць пераходы. У свята ёсць пачатак, развіццё, фінал.

З пункту гледжання тэрапіі вельмі важнае дасягненне кожным удзельнікам тых мэт, з якімі ён прыехаў. Але ж кожны чалавек пражывае не толькі ў сваім эпізодзе, ён удзельнічае ва ўсіх эпізодах і можа за адным ра­зам прапрацаваць яшчэ некалькі сваіх праблем, пра якія нават не здагадваўся.

— Якую ролю ў гэтым псіхалагічным працэсе адыгрываюць нацыянальныя традыцыі?

— Калі чалавек удзельнічае ў Купаллі, ён павінен акунуцца ў гэтую тэму максімальна глыбока. Ёсць тэхналогіі, як гэтае паглыбленне ажыццявіць, — так званыя трыгеры.

Гэтае свята немагчыма правесці ў гора­дзе. Першы трыгер — гэта прырода, і чым менш закранутая цывілізацыяй, тым лепш. Павінен быць лес, абавязкова вада і поле з кветкамі.

Наступны трыгер — гэта падрыхтоўка народнага касцюма. Я прашу ўсіх знайсці бабуліны ручнікі, вышыванкі, кашулі, паясы, абрусы. На дзіва, многія знаходзяць і прывозяць. І ў тых, хто падышоў да гэтага задання адказна, паглыбленне ў жыццё продкаў адбываецца намнога хутчэй.

Перад пачаткам і ў працэсе свята (чарговы трыгер) мы развучваем і выконваем беларускія песні і танцы, вучым прыказкі і прымаўкі, успамінаем купальскія легенды, знаёмімся з абрадамі, стараемся спасцігнуць іх сэнс і зразумець, як думалі нашы продкі.

Раней мы народнае адзенне надзявалі толькі на абрад. Але аднойчы я папрасіла ўсіх выйсці на ранішнюю распеўку ў касцюмах і ўбачыла розніцу: касцюм ужо прадугледжвае іншы стан, іншую якасць пражывання песні. Потым у гэтым адзенні яны ідуць на снеданне, і гэта таксама выглядае зусім па-іншаму. Людзі трапляюць як быццам у іншую рэальнасць: яны уваходзяць у ролі гасцінных гаспадароў, вясёлых суседзяў, галантных кавалераў, какетлівых дзяўчат.

Наша купальскае свята — гэта ў многім спантанны працэс. Так, ужо складзены сцэнарый, я ведаю агульную канву, але само дзеянне — гэта крок у невядомае. Ніколі не ведаеш дакладна, што здарыцца далей: што я буду перажываць, калі буду плакаць ці смяяцца, якія прыйдуць да мяне думкі і ўсведамленні, дзе мяне праніжа мінулае, а дзе, наадварот, я накіруюся ў будучыню.

Нацыянальная культура павінна быць адкрытай

— Я ведаю, што госці з іншых краін часта ўдзельнічаюць у Купаллі. Як яны ўпісваюцца ў нашу традыцыю?

— Як і ўсе ўдзельнікі, яны вучаць нашы песні і танцы, удзельнічаюць у нашых абрадах. І з боку не відаць ніякіх адрозненняў паміж нашымі і не нашымі — усе вельмі арганічна ўпісваюцца ў свята, з задавальненнем спяваюць беларускія песні. Мы таксама часам спяваем рускія і ўкраінскія песні. З нашымі суседзямі ў нас блізкія культурныя традыцыі. А каштоўнасці: род, Радзіма, бацькі — гэта агульнае з усімі культурамі, нават знешне далёкімі ад нас.

Быў у нас у групе японец. Сапраўдны, этнічны. Ён ужо добра валодаў беларускай мовай і з задавальненнем развучваў нашы песні. У канцы свята ён папрасіў дазволу правесці чайную цырымонію, пачаставаць усіх чаем, згатаваным па японскай традыцыі. Ён узяў гліняны гаршчок, прынёс свой чай, доўга ўзбіваў яго венчыкам, расказваў пра сваю культуру. Мы ­ўзбагацілі яго, а ён — нас. Хіба гэта не дзівосны вынік нашага Купалля?

Культура замкнутая, закрытая ад знешняга ўплыву, кансервуецца — з яе сыходзіць жывы дух. Культуры адкрытыя захоўваюць сваю ідэнтычнасць і сакральнасць. На нейкім узроўні ўсе культуры злучаюцца ў адзін паток, таму ў класічнай літаратурнай спадчыне любой краіны можна знайсці шмат агульнага з літаратурай іншых краін. І няма ніякіх пера­шкод, каб стаць на час беларусам, зразумець іншую культуру, убачыць у яе стрыжнёвым складніку шмат агульнага з культурай свайго народа. Для гэтага не трэба адмаўляцца ад любові да сваёй Радзімы, ад культуры сваіх продкаў. У нас падабенства намнога больш, чым адрозненняў.

Пры гэтым кожны народ уносіць свой уклад у культурную скарбонку нашага агульнага дома — планеты Зямля. І гэтым можна ганарыцца. Менавіта такая гордасць за ўклад сваёй нацыянальнай культуры ў агульную культуру чалавецтва з’яўляецца сапраўдным патрыятызмам.

На заканчэнне свята я абавязкова даю лю­дзям заданне на працягу двух-трох тыдняў запісаць свае ўсведамленні па выніках удзелу ў Купаллі. Многія пішуць пра тое, што цяпер яны сталі лепш разумець і больш шанаваць нацыянальную культуру, у іх з’явілася гордасць за тое, што яны беларусы. І мяне гэта вельмі радуе!

Інтэрв’ю браў Аляксандр ЖЫКІН.