Як стаць дасціпным

Чалавек любога полу імкнецца быць прыметным для іншых, марыць падабацца  людзям, знайсці сабе пару, мець сяброў, прыяцеляў і, можа, нават прыхільнікаў таленту. Ці імкнуліся мы калі-небудзь зразумець, што вабіць нас да людзей ці падахвочвае трымацца ад нас далей? Ці накіроўвалі мы свае думкі ў мінулым у гэтую тэму глыбока або разважалі пра праблему павярхоўна? Давайце зараз разам паспрабуем вызначыцца з сакрэтам прывабнасці асобы для іншых. Ці прымеце вы такі адказ, што дасціпныя людзі валодаюць чароўнай прывабнасцю? Вастрасловы-арыгіналы ва ўсе часы з’яўляліся душой і цэнтрам сяброўскіх кампаній, прафесійных суполак, груп па інтарэсах. Магчыма, менавіта такім прыцягальным чалавекам вы ўжо з’яўляецеся, а можа, яшчэ толькі імкняцеся стаць. У любым выпадку шліфоўка-трэніроўка нікому не перашкодзіць, тым больш што наперадзе каскад свят, дзе дарэчы і нават пажадана бліснуць дасціпнасцю: Дзень Святога Валянціна, Дзень абаронцаў Айчыны, Дзень жанчын.

Спачатку вызначымся, што азначае дасціпнасць. Дасціпнасць — гэта вынаходлівасць, нават вытанчанасць думак, уменне знаходзіць вельмі яскравыя, маляўнічыя ці смешныя выразы, удалыя рашэнні і дзеянні. Дасціпнасць — гэта ўменне пры дапамозе трапна падабраных і вымаўленых слоў урэгуляваць напружаныя ці канфліктныя сітуацыі, практычна любы негатыў. Дасціпнасць — гэта ўменне дабаўляць крыху гумару ў наша штодзённае жыццё, не толькі рабіць яго весялейшым і камфортнейшым, але і знаходзіць магчымасць адказваць крыўдзіцелю. Праз дасціпнасць можна зрабіць свой недахоп даравальным і нават мілым у вачах навакольных. У чым сутнасць дасціпнасці? Заўсёды ў разрыве шаблону, гульні асацыяцыямі, у знаходжанні новага ракурсу бачання сітуацыі. Яшчэ важнай з’яўляецца хут­касць рэакцыі. Вастраслоў думае і дзейнічае хутка, бо дарагое слова, сказанае своечасова. Па-сапраўднаму дасціпны чалавек глядзіць на навакольны свет па-іншаму, чым звычайны. Вастраслоў назіральны.

Бадай, апісанняў дастаткова. Як жа ста ць дасціпным ці ўдасканаліць ужо існуючае майстэрства?

1. Вядзіце блакнот жартаў і крэатыўных выказванняў.

2. Чытайце прызнаных майстроў (Бернарда Шоу, Марка Твэна, Міхаіла Зошчанку, Ільфа і Пятрова, Сяргея Даўлатава, Ігара Губермана), гля­дзіце камедыі, гумарыстычныя праграмы па тэлебачанні.

3. Пастаянна трэніруйцеся.

4. Арыентуйцеся на пазітыўныя эмоцыі, добрыя жарты.

5. Выкарыстоўвайце такія прыёмы дасціпнасці, як намёк, іронію, параўнанне, абсурд, парадокс і іншыя.

Папрактыкуемся. Пачнём з лёгкага прыёму трэніроўкі, які развівае лёгкасць і асацыятыўнасць маўлення, — “Што бачу, пра тое спяваю”. Вам спатрэбіцца партнёр для азарту, натхнення і лёгкага спаборніцтва. Партнёр няхай пакажа на які-небудзь прадмет, а вы на працягу пяці мінут пра яго расказвайце.

Пры дапамозе прыёму “Паток свядомасці” развіваецца ўменне лёгка пачынаць гутарку з любога месца і на любую тэму. Спатрэбіцца люстэрка. Перад люстэркам гаварыце пра ўсё, што прыйдзе вам у галаву. Яшчэ адзін просты спосаб стварыць жарт — мяняць месцамі літары ў слове, літары ў словазлучэнні, словы ў сказе. Галоўны сакрэт у прымяненні гэтай формулы — хуткасць.

Фразеалагізмы, якімі мы часта карыстаемся, прывычныя і непрыметныя. Варта замяніць адно слова ў фразе на новае, як у вашых вуснах “сівы” фразеалагізм заззяе зноў. Замест “шалець з раскошы” скажыце “шалець з ГМА”, замест “метад бізуна і перніка” — “метад бізуна і сушы”.

Папрактыкуемся быць крэатыўным у маўленні. А цяпер падбірайце прыметнікі да назоўнікаў — гэта значыць падбірайце словы, якія апісваюць характарыстыкі прадметаў. Напрыклад, возьмем назоўнік “ложак” і падбяром прыметнікі, якія мы звычайна не выкарыстоўваем да гэтага слова ў нашым маўленні. Так мы надзелім ложак новымі характарыстыкамі. Для развіцця дасціпнасці выконвайце гэтае практыкаванне некалькі разоў на дзень і ўжо праз тыдзень вы заў­важыце, што пачынаеце ўдала жартаваць. Напрыклад, веласіпед: кіслы, шыпучы, крывы, лятучы, мяккі, вясёлы, задуменны.

Фантазіруйце, дапамагаючы знайсці вырашэнне праблемы вашых сяброў, калег, дзяцей.

Выканайце заданне, пагуляйце ў “Падарожжа ў нерэальнасць”.

Гуляйце са сваімі дзецьмі ці іншымі членамі сям’і. Завяжыце напарніку вочы і завя­дзіце яго ў пакой. Растлумачце, што рэальны свет складаецца з атамаў і малекул, але вы адпраўляецеся ў нерэальны свет, таму тут усё складаецца з кубікаў ці зорачак, ці конікаў, ці капелюшоў і г.д. Каб гульня адбылася, падрабязна тлумачце свайму партнёру, як нейкі прадмет складаецца з вышэйпералічаных інгрэдыентаў.

Пачынаем больш сур’ёзную трэніроўку. Паспрабуем жартаваць на прасторах вечна актуальнай тэмы моды. Прыдумайце ўласнае новаўвядзенне, звязанае з адзен­нем, упрыгажэннямі, аксесуарамі. Выкарыстоўвайце перабольшанні ці прымяншэнні, выкананне аднаго прадмета ў форме іншага, прымяненне нестандартных матэрыялаў.

Як не натхніць чытачоў прыкладамі са свежанькіх модных рэкамендацый пісьменніка Дзмітрыя Любіча?

Сукенку кокан прапануе адно моднае атэлье ў Лондане. Заказчыцу ставяць на падстаўку, якая круціцца, і абмотваюць ніткай ад галавы да пят.

Нароўні з медыцынскімі п’яўкамі выведзены і каместычныя восы. З іх дапамогай прыгажуні дабіваюцца значнага павелічэння аб’ёму вуснаў.

Сучасная мода ўдыхнула новае жыццё ў вытвор­часць аксесуараў. Хіт сезона — жывыя ўпрыгажэнні. На самых перадавых модніцах можна ўбачыць капялюшык з брошкай павуком, які пляце вэлюм ці каралі са змейкі, што плаўна перапаўзаюць у бранзалет.

Пераходзім на прывычнае поле для нашай педагагічнай прафесіі — поле пытанняў і адказаў. Пачынаем выконваць практыкаванне з пастаноўкі пытання з гумарам. Пытанні бярыце непасрэдна з жыцця. Магчымы шлях да поспеху ў гэтым практыкаванні і ў адваротным парадку: спачатку фармулюецца адказ, а потым — пытанне.

Следам за пісьменнікам-гумарыстам зноў ісці бу­­дзе лягчэй.

Пытанне: “У майго сабачкі не складваюцца адносіны з маёй кошкай. Што параіце?”

Адказ кінафеліёлага: “Вельмі часта прычынай сваркі становіцца адсутнасць агульных інтарэсаў. Завядзіце мышку”.

Пытанне: “Ці можа фраза “А вы не дурань?” слу­жыць кампліментам?”

Адказ лінгвіста: “Можа, калі вымавіць без пытальнай інтанацыі”.

Асвоім новую прастору для адточвання дасціпнасці — прыдумлянне і апісанне здарэнняў. Разбудзіць і прачнуцца з усмешкай дапаможа творча выкананае заданне: прыдумаць здарэнне, якое адбылося з кім-небудзь іншым. Як і раней, натхнім прыкладам трэнера Д.Любіча, які, не сумняваюся, нам спадабаўся.

Грузавы ліфт быў украдзены з пад’езда шматпавярховага дома. На шчасце, ужо на наступны дзень ён быў знойдзены ў так званым адстойніку — у адным з суседніх двароў, на дзіцячай пляцоўцы, замаскіраваным пад хатку на курыных ножках.

І яшчэ навіна з высокіх шырот. Некалькі самалійскіх піратаў было злоўлена ў Баранцавым моры экіпажам тарпеднага катара “Атрымлівай”. Яны вельмі аслабелі, змерзлі і горача дзякавалі маракам за злоў.

Паступова асцярожна пераносім напрацаваныя ўменні ў жыццё. І памятаем галоўнае: важна, каб наша вастрыня розуму праяўлялася вокамгненна і па-добраму. Сур’ёзнае напружанне ў вастраслоўі вядзе да беспрэцэдэнтнага палягчэння жыцця.

Святлана РАДЗЬКОВА.