Гадоў дзесяць назад, калі мае пазнанні ў галіне кветак налічвалі не больш як два дзясяткі раслін, я прачытала ў адным часопісе пра керыю — прыгожы дэкаратыўны хмызняк. Жанчына напісала пра керыю з такой любоўю, што захацелася як мага больш даведацца пра гэтую расліну, а яшчэ лепш — убачыць яе. Цікава, што ўжывую я ўбачыла яе толькі сёлетняй вясной на Камароўскім рынку. Даволі высокі, каля двух метраў хмызняк, увесь у жоўтых “ружачках”. Прадавец адзначыла, што гэта ўжо дарослая расліна, не парастак. На маё пытанне, ці прыжывецца такі вялізны хмызняк, сказала, што павінен прыжыцца. Хаця вопытныя кветкаводы прытрымліваюцца думкі, што ў фазе цвіцення ёсць складанасці з прыжывальнасцю як у кветак, так і хмызнякоў. Памеры майго сціплага кветніка не дазваляюць высаджваць буйныя расліны, але тым, у каго месца хапае, абавязкова трэба займець гэты цуд.
А цяпер хочацца падрабязней расказаць пра гэты хмызняк. У сярэдняй паласе паспяхова вырошчваецца керыя японская. Гэта даволі высокі хмызняк з прутападобным сцяблом у выглядзе конуса. Лісце ў керыі ланцэтнае, зверху гладкае, знізу — злёгку апушанае. Летам яно светла-зялёнае, увосень — жоўтае. Кветкі буйныя, залаціста-жоўтага колеру, у асноўным адзінкавыя. Працягласць цвіцення — каля месяца, звычайна ў канцы мая — пачатку чэрвеня. У суровыя зімы расліна падмярзае, але пасля дэкаратыўнай стрыжкі праз тыдзень-другі аднаўляецца.
Існуюць цікавыя формы керыі японскай. Форма Пленіфлора — адна з лепшых. Густа махровыя кветкі размешчаны альбо адзінкава, альбо па 2-3 у пазухах лісця. Гэтая форма вельмі зімаўстойлівая.
У яшчэ адной формы — Альба-маргіната — асіметрычныя пярэсталісцевыя пласцінкі з белай аблямоўкай па краі. Яна крыху ніжэйшая, чым звычайная керыя — да 1,5 м у вышыню.
Форма Варыегата мае не махровыя, але ад таго не менш прывабныя суквецці. Яны даволі буйнога памеру, а сама расліна невысокая — да 1 м увышыню. Хмызняк даволі хутка разрастаецца ўшырыню.
Керыя японская добра развіваецца нават у паўценю. Аднак поўнасцю яе дэкаратыўныя вартасці раскрываюцца на добра асветленым месцы, але не на самым санцапёку. Керыя цеплалюбівая расліна, таму пажадана, каб яна не стаяла на сямі вятрах. Як і для большасці хмызнякоў, глеба для керыі патрэбна пажыўная і добра ўвільготненая, інакш лісце будзе ападаць.
Увесну пажадана высадзіць хмызняк як мага раней, да распускання пупышак. Можна зрабіць гэта і ўвосень, але не пазней чым у сярэдзіне верасня. На дно пасадачнай ямы (50 на 50) невялікім слоем укладваюць кампост, глебу злёгку ўтрамбоўваюць, шчодра паліваюць і мульчыруюць.
Далейшы догляд заключаецца ў падтрыманні дэкаратыўнасці хмызняка. Ранняй вясной, па пачатку сокавыдзялення, абразаюць паламаныя і сухія парасткі, а больш маладыя ўкарочваюць на трэць. Гэта спрыяе паяўленню новых бакавых парасткаў, расліна будзе больш кампактнай і будзе лепш цвісці. Адразу пасля цвіцення выдаляюць 4-5-гадовыя парасткі. Пасля абрэзкі пажадана зрабіць падкормку мінеральным угнаеннем. Можна выкарыстаць і зрэлы кампост, які ўпярэмешку з попелам насыпаюць вакол хмызняку слоем 4-5 см. Паліваюць расліны ў залежнасці ад надвор’я.
У лістападзе, калі пачынаюцца начныя замаразкі, керыю звязваюць у пук, над ім робяць каркас з калкоў накшталт вігвама і засыпаюць сухім лісцем альбо пілавіннем. Зверху накідваюць празрыстую поліэтыленавую плёнку. У невысокіх відаў дастакова прыгнуць парасткі, прысыпаць іх сухім лісцем, накрыць плёнкай, якую прыціснуць цэглай. Вельмі шчыльна закрываць не варта, трэба пакінуць адтуліны для праветрывання. Знімаюць укрыцце ў пахмурны дзень, калі мінуе пагроза моцных замаразкаў.
Керыя размнажаецца парасткамі і адводкамі. У чэрвені — ліпені выбіраюць моцныя пругкія парасткі, з іх наразаюць чаранкі даўжынёй 6—8 см з 1-2 міжвузеллямі. Іх высаджваюць у парнік. Субстрат абавязкова павінен утрымліваць 1/3 сухога пяску. Да сярэдзіны верасня вырастае карэнне, і наступнай восенню вы будзеце мець добры пасадачны матэрыял.
Іншы спосаб — размнажэнне адводкамі. Вясной, да распускання пупышак, асцярожна нагінаюць галіну, укладваюць у канаўку глыбінёй 6-7 см і прышпільваюць у некалькіх месцах алюмініевым дротам. Праз два тыдні з пупышак адрастаюць зялёныя парасткі, а калі яны падымуцца на вышыню 15 см, канаўку засыпаюць, пры гэтым парасткі павінны быць таксама засыпаны напалову. Увосень даччыную расліну аддзяляюць і перасаджваюць на пастаяннае месца.
У кветніку добрыя суседзі для керыі японскай — першацвет, барвенак, гейхера, аюга пурпуровая. Спалучаецца керыя з жоўтай і чырвонай дуброўкай. А калі вы вырашылі стварыць манахромны кветнік жоўтага колеру, то керыя створыць сапраўдны яркі акцэнт і стане саліцёрам у гэтым кветніку.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.