Не давярайце выхаванне дзяцей камп’ютару

Камп’ютары імкліва ўвайшлі ў наша жыццё. З часам яны сталі прэтэндаваць на вялікую частку вольнага часу не толькі дарослага, але і дзіцяці. Дашкольнікаў цяпер не прывабліваюць простыя, як раней, цацкі — яны імкнуцца хутчэй трапіць дадому толькі для таго, каб перайсці на другі ўзровень у запаветнай гульні. Школьнікі прапускаюць заняткі, бо ўсю ноч правялі ля манітора і не паспелі падрыхтавацца да ўрокаў. Дамашняе заданне становіцца менш важным за пройдзены ўзровень гульні. А на перапынках у школе самым актуальным з’яўляецца абмеркаванне камп’ютарных гульняў і колькасць ачкоў за іх.

Праведзеныя даследаванні даказалі, што калі дзіця, якому няма 10 гадоў, захапілася камп’ютарам, то гэта можа запаволіць яго развіццё, як фізічнае, так і псіхічнае. Праседжваючы за любімай камп’ютарнай гульнёй працяглы час, такое дзіця пачынае весці не ўласцівы гэтаму ўзросту лад жыцця, які выключае неабходную рухальную актыўнасць, развіццё шырокага спектра эмацыянальных рэакцый, пазнанне навакольнага свету, фарміраванне камунікацыйных навыкаў у зносінах і ў звычайных дзіцячых гульнях з равеснікамі.
Дзецям цяжка трымацца меры ў гульні, бо працэсы самарэгуляцыі ў іх сфарміраваны недастаткова, а значыць, ім цяжка абмяжоўваць час гульні на камп’ютары, своечасова рабіць перапынкі, сачыць за рэжымам харчавання.
Многія электронныя гульні прадугледжваюць не толькі вырашэнне лагічных задач, але і пэўную эмацыянальную нагрузку, якая, па сутнасці, і ляжыць у аснове большасці выпадкаў паталагічнай прыхільнасці да гульняў. Электронныя гульні значна адрозніваюцца па жанры і змесце. Найменш небяспечныя так званыя аркадныя гульні, з простай графікай і гукам. За гэтымі гульнямі, як правіла, марнуюць час, яны не выклікаюць працяглай прыхільнасці. Іншая рэч — ролевыя гульні, падчас якіх гулец “пераўвасабляецца” ў кіруемага ім героя і з галавой паглыбляецца ў яго свет. У такіх гульнях адчуванне рэальнасці можа быць вельмі вялікае, яны надоўга ўтрымліваюць увагу гульца. Найбольшую небяспеку ўяўляюць “стралялкі” з вельмі прымітыўным сюжэтам, заснаваным на насіллі. Такія гульні адмоўна ўплываюць на псіхіку дзіцяці і часта становяцца прычынай яго празмернай агрэсіўнасці.
Чым больш дзіця гуляе, тым хутчэй сціраюцца межы паміж рэальным жыццём і віртуальным. Паступова гульня ператвараецца ў сродак кампенсацыі жыццёвых праблем: задавальненне прагі прыгод, жаданне знізіць эмацыянальна-псіхічнае напружанне, выкліканае парушанымі адносінамі ў сям’і і/або з равеснікамі, патрэба пазбегнуць фізічнага і/або эмацыянальнага насілля, уцёкі ад праблем, звязаных са школьнай непаспяховасцю, жаданне расслабіцца і адпачыць і г.д.

Фактары, якія спрыяюць прывыканню дзіцяці да камп’ютарнай гульні:

— наяўнасць уласнага свету, у які няма доступу нікому, акрамя яго самога;
— рэалістычнасць працэсаў і поўнае абстрагаванне ад навакольнага свету;
— магчымасць самастойна прымаць любыя (у рамках гульні) рашэнні незалежна ад таго, да чаго яны могуць прывесці;
— магчымасць выправіць любую памылку шляхам шматразовых спроб;
— адсутнасць адказнасці.

Прыметы камп’ютарнай залежнасці:

— калі бацькі просяць адцягнуццца ад гульні на камп’ютары, дзіця дэманструе востры эмацыянальны пратэст;
— дзіця раздражняецца пры вымушаным адцягненні;
— дзіця не можа спланаваць заканчэнне гульні на камп’ютары;
— дзіця пастаянна просіць грошай для абнаўлення праграмнага забеспячэння камп’ютара і набыцця новых гульняў;
— дзіця забывае пра дамашнія справы і падрыхтоўку да ўрокаў;
— у дзіцяці збіваецца рэжым дня, рэжым харчавання і сну, ён перастае клапаціцца пра сваё здароўе;
— каб пастаянна падтрымліваць сябе ў актыўным стане, дзіця пачынае злоўжываць кавай і іншымі энергетычнымі напоямі;
— прыём ежы адбываецца без адрыву ад гульні на камп’ютары;
— адчуванне эмацыянальнага ўздыму падчас гульні на камп’ютары;
— абмежаванне зносін пастаянным абмеркаваннем камп’ютарнай тэматыкі з навакольнымі;
— нецярплівасць, чаканне і прадумванне загадзя свайго вяртання да камп’ютара.
З’яўленне такіх прымет можа суправаджацца парушэннямі ў рабоце страўнікава-кішачнага тракту, болевымі адчуваннямі ў вобласці пазваночніка, лапатак, запясцяў рук. Акрамя таго, рэгулярнае раздражненне вочных яблыкаў можа спрыяць з’яўленню галаўных боляў і праблем са зрокам. Нярэдка развіваецца бяссонніца і нервовае знясіленне.

Некалькі рэкамендацый бацькам:

1. Будуйце адносіны ў сям’і на прынцыпах сумленнасці і ўмення прызнаваць памылкі.
2. Не абражайце дзіця і яго кола зносін.
3. Будзьце сябрам і памочнікам свайму дзіцяці.
4. Зрабіце так, каб дзіця магло вам даверыцца заўсёды і пры любых абставінах.
5. Калі раптам узнік канфлікт і вы ў загадным тоне патрабуеце спынення работы за камп’ютарам, то не варта таргавацца з дзіцем, трэба дакладна заявіць пра сваю пазіцыю і растлумачыць яе.
6. Заўсёды трэба агаворваць час гульні дзіцяці на камп’ютары і дакладна прытрымлівацца гэтых рамак. Працягласць часу трэба выбіраць зыходзячы з узроставых асаблівасцей дзіцяці. Напрыклад, да 5 гадоў дзіця не рэкамендуецца дапускаць да камп’ютара, варта заахвочваць яго пазнанне свету з мінімальным удзелам гэтага ўстройства.
7. Катэгарычна забараняецца гуляць у камп’ютарныя гульні перад сном.
8. Прывівайце дзіцяці цікавасць да актыўных гульняў і фізічных практыкаванняў.
9. Сачыце, каб гульня на камп’ютары не падмяняла рэальных зносін з равеснікамі, сябрамі і блізкімі.
10. Праводзьце абмеркаванне гульняў разам з дзіцем, выбірайце развіццёвыя гульні.
11. Не абмяжоўвайце дзіця ад камп’ютара ўвогуле, паколькі гэта неад’емная частка будучыні, у якой дзіцяці трэба будзе жыць.
Удзяляйце свайму дзіцяці дастаткова ўвагі, сачыце за яго інтарэсамі, пачынаннямі і падтрымлівайце іх. Самае галоўнае — выхоўвайце сваё дзіця самі, не давярайце гэтую справу камп’ютару.

Алена АФАНАСЕВІЧ,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.