Яшчэ разок пра мёд і пчолку–працаўніцу

Мёд карысны старым і дзецям, хворым і здаровым. Яго можна есці з малаком і тварагом, хлебам і кашамі. Сапраўдная асалода піць чай з чароўным сотавым мёдам. А колькі ласункаў гатуюць з мёдам і з мёду!

У далёкім мінулым, калі хацелі пажадаць чалавеку здароўя і багацця, гаварылі: “Няхай на вашым стале заўсёды будзе поўная чара мёду”. З пчолкай-працаўніцай параўноўваюць вельмі працавітага і адказнага чалавека таксама нездарма. Мяркуйце самі: пчала-зборшчыца ўпэўнена апускаецца на раскрытую кветку. Доўгім хабатком яна пранікае да нектарынак, схаваных у яе глыбіні, выбірае з іх найдрабнейшыя расінкі салодкай вадкасці. Адначасова насякомае счэсвае з сябе пылковыя зярняты, якія прыліплі, робіць з іх невялікія камячкі і асцярожна адпраўляе ў кошыкі. Потым зборшчыца пералятае на другую кветку, потым на трэцюю, на чацвёртую… і так бесперапынна, ні хвіліны не адпачываючы, варушыцца на іх, пакуль не будзе напоўнены салодкай ношай мядовы валячок, схаваны на яе брушку, і два кошыкі на ножках. Вярнуўшыся ў вулей, пчолка перадае свой груз сёстрам — хатнім гаспадыням, “расказвае” іншым пчолам пра месца знаходжання ношкі. Потым, як сапраўдная лэдзі, чысціць свой касцюмчык, хабаток і вусікі і зноў ляціць па нектар! Асабліва цяжка прыходзіцца крылатым зборшчыцам пры палётах у ветранае надвор’е. Супраціўляючыся ветру, пчолкам нярэдка прыходзіцца лятаць нават бокам.
У кожнага пчаляра свае тэхналогіі і прыёмы: адны качуюць з пчаласем’ямі па палях грэчкі, якая цвіце, рапсу, месяцамі жывуць у садах, іншыя ставяць пчальнік у лесе, каля лугоў і сенажацяў. Таму і мёд атрымліваецца розны па колеры, смаку і паху. Акацыявы, напрыклад, празрысты, амаль як вада. Крыху цямнейшы — канюшынны. Ярка-жоўты мёд атрымліваецца з нектару дзьмухаўца. А самы цёмны — лясны і падзевы (з кропелек соку дрэў увосень). Для прафілактыкі прастудных захворванняў больш падыдзе мёд кветкавы, прычым самы першы, вясновы, які збіраюць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Ён жаўтаваты і змяшчае пылок, які ўмацоўвае імунную сістэму арганізма.
Спынімся сцісла на рэцэптах мёдалячэння, найбольш распаўсюджаных у народнай медыцыне.
Пры прастудных захворваннях:
Адна сталовая лыжка ліпавага або баркуновага мёду на шклянку чаю або цёплага малака. Прымаць нанач.
Сок аднаго лімона на 100 г мёду. Ужываць перад сном па адной сталовай лыжцы з гарачым чаем або малаком.
Сок хрэну і мёд у суадносінах 1:1. Прымаць два разы на дзень, пажадана раніцай і вечарам, па адной сталовай лыжцы.
100 г свежых ягад (дзве сталовыя лыжкі сухіх) заварыць у шклянцы вады. Праз 10—15 мінут дабавіць сталовую лыжку мёду. Ужываць у цёплым выглядзе перад сном.
Сталовую лыжку высушаных кветак рамонку звычайнага заварыць шклянкай кіпеню, пасля астуджвання працадзіць, дабавіць чайную лыжку мёду. Ужываць для паласкання рота і горла.
Пры грыпе:
Здроблены часнок змяшаць з мёдам 1:1. Прымаць перад сном, запіваючы цёплай вадой.
Пры бяссонніцы:
Сталовую лыжку мёду распусціць у шклянцы астуджанай да хатняй тэмпературы вады. Ужываць перад сном.
Пры бранхіце:
100 г мёду, 100 г сметанковага масла, 100 г шмальцу, 15 г соку алоэ, 100 г какавы. Сумесь разагрэць, не даводзячы да кіпення. Прымаць па сталовай лыжцы на шклянку гарачага чаю два разы на дзень — раніцай і вечарам.
Пры гіпертаніі:
Шклянку соку сталовага бурака, шклянку соку морквы, шклянку соку хрэну, сок аднаго лімона змяшаць са шклянкай вадкага мёду. Прымаць па сталовай лыжцы 2—3 разы на дзень за гадзіну да яды або праз 2—3 гадзіны пасля яды.
Пры атэрасклерозе:
Сок цыбулі змяшаць з мёдам у прапорцыі 1:1, прымаць 2—3 разы на дзень па сталовай лыжцы.
Пры язвавай хваробе страўніка мёд прымаюць за 2 гадзіны да яды, лепш у выглядзе раствору ў цёплай пракіпячонай вадзе.

Алена РАКОЎСКАЯ,
дырэктар Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.