Берагчы здароўе і ўмацоўваць імунітэт важна ўсім і заўсёды, асабліва зімой і ранняй вясной. У гэты час імунітэт, як правіла, слабее і арганізм мае патрэбу ў падтрымцы і ўмацаванні.
Асноўнымі прычынамі зніжэння імунітэту з’яўляюцца: дрэнная экалогія, нерацыянальнае харчаванне, паніжаная фізічная актыўнасць, залішняя або недастатковая вага, дэфіцыт вітамінаў і мікраэлементаў, стрэсы, фізічныя і разумовыя перагрузкі, хранічнае недасыпанне, вірусныя інфекцыі, мікробы, бактэрыі.
Існуе маса спосабаў умацаваць арганізм, а значыць, і імунітэт:
1. Пачніце з харчавання. Харчаванне павінна быць разнастайным па колькасці і якасці. У нашым меню павінны прысутнічаць паўнавартасныя бялкі жывёльнага і расліннага паходжання — гэта нятлустыя сарты мяса, рыба, бабовыя, кісламалочныя прадукты (асабліва тварог, кефір, цвёрдыя сыры) і морапрадукты, агародніна, садавіна і ягады, сухафрукты, арэхі, зеляніна, зялёныя і вітамінныя чаі, вострыя прыправы. З агародніны і садавіны ўжывайце цытрусавыя, салодкі перац яркіх таноў, моркву, буракі, капусту, у тым ліку кіслую. Вітаміны А, С, цынк, кальцый, селен, якія змяшчаюцца ў гэтых прадуктах, прадухіляюць прастуды і палягчаюць іх ход. Ёсць і натуральныя мадулятары імунітэту: гэта часнок, імбір, брокалі, эхінацэя, жэньшэнь, элеўтэракок, алоэ.
2. Вядзіце актыўны лад жыцця і выконвайце ўмераныя фізічныя нагрузкі. Карысныя гімнастыка, аэробіка, фітнес, бег, плаванне, доўгія пешыя прагулкі, шэйпінг, трэнажоры. З гэтай разнастайнасці, безумоўна, можна выбраць штосьці даспадобы, па настроі. Але трэба пазбягаць празмерных фізічных нагрузак.
3. Праводзьце загартоўванне арганізма: плаванне, абліванне халоднай вадой або абціранне халодным ручніком, кантрасны душ, басейн. Механізм загартоўвання заснаваны на трэніроўцы арганізма. Аднак загартоўванне трэба праводзіць, паступова паніжаючы тэмпературу; сістэматычна і індывідуальна.
4. Спіце не менш за 7—8 гадзін у суткі, больш гуляйце на свежым паветры.
5. Пастарайцеся пазбавіцца ад шкодных звычак: празмернага ўжывання алкаголю, курэння і інш.
6. Старайцеся не нервавацца, ствараць самім сабе і навакольным добры настрой, больш пазітыву і станоўчых эмоцый; часцей смейцеся — смех паляпшае здароўе і працягвае жыццё чалавека, а значыць, і ўмацоўвае імунітэт!
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.