Дзіхондра — ідэальная расліна для кашпо і падвесных кашоў. Добрая яна і ў кантэйнерах рознай вышыні, а таксама як глебапокрыўная для імітацыі каскадаў і ручайкоў у ландшафтным дызайне, на горках або ў ракарыях. Дзіхондра прывабная і як сцелістая расліна, па ёй нават можна хадзіць. Паспрабуйце высеяць яе насенне ў месцах, дзе газонная трава не расце, і вы атрымаеце цудоўны дыван.
Знешні выгляд
Травяністая расліна дзіхондра можа быць як шматгадовай, так і аднагадовай, у залежнасці ад умоў. Яна мае паверхневыя карані і цікавая сваімі вытанчанымі сцёбламі, якія дасягаюць паўтара метра ў даўжыню і прыгожа звісаюць, робячы расліну падобнай да вадаспада, або сцелецца па зямлі, утвараючы шчыльныя дыванкі вышынёй 10—15 см. Галіны густа пакрыты дробнымі акруглымі лісткамі.
Цеплалюбівая шматгадовая расліна
Максімальнага дэкаратыўнага эфекту дзіхондра дасягае толькі на другі-трэці год, таму што разрастаецца павольна. У паўднёвых абласцях яе вырошчванне ў шматгадовай культуры цалкам удаецца. Кветкаводы ж іншых рэгіёнаў могуць доследным шляхам вызначаць магчымасць зімоўкі, напрыклад, спрабуючы накрываць пасадкі апалым лісцем, пілавіннем, торфам, таму што межы зімаўстойлівасці дзіхондры яшчэ дасканала не вызначаны.
У аднагадовай культуры
Неабходна рана саджаць насенне, можна пачынаць і ў снежні. Без штучнага дасвятлення атрымаць якасную расаду пры раннім сеянні немагчыма. Аптымальная тэмпература — +23—25°С. Асноўная цяжкасць на першых этапах вырошчвання расады — падтрыманне неабходнай вільготнасці. Недапушчальна як падсушванне, так і пераліўка далікатных усходаў.
Пасадка насення
Як пасынкамі, так і насеннем можа размнажацца дзіхондра ампельная. Вырошчванне з насення патрабуе некаторых намаганняў і цярплівасці. Каб ужо да пачатку летняга сезона можна было ўпрыгожыць балкон або сад прыгожай шырмай з дзіхондры, садзіць насенне трэба ў студзені або лютым. З моманту пасадкі і да першых усходаў мінае прыблізна месяц.
Грунт для насення рыхтуецца загадзя. Для гэтага змешваюцца ў роўных частках пясок і ўрадлівая глеба. Насенне высяваюць на глыбіню 5 мм, прысыпаючы зямлёй, паліваюць і ўхутваюць ёмістасць поліэтыленавай плёнкай, каб не дапусціць выпарэння вільгаці. Замест плёнкі можна выкарыстоўваць шкло. Потым ёмістасць ставяць у цёплае месца, тэмпература паветра ў памяшканні павінна падтрымлівацца на ўзроўні +25°С. Праз 10 дзён пачынаюць з’яўляцца першыя ўсходы, і расаду можна выставіць на акно, зняўшы з яе плёнку.
Калі на парастках з’явяцца 2 асноўныя лісткі, іх перасаджваюць у невялікія вазончыкі, дыяметр якіх складае не больш за 20 см. Увесь працэс не вызначаецца асаблівай складанасцю.
Вегетатыўнае размнажэнне
Найлепшы варыянт атрымаць якасны ранні пасадачны матэрыял — на зіму пакінуць матачныя расліны ў аранжарэі або зімовым садзе. Можна захаваць дзіхондру і на падаконніку. У гэтым выпадку асноўныя патрабаванні: максімум асвятлення (пажадана штучнае дадатковае святло), прахалода (+12—15°С) і ўмераны паліў.
У пачатку сакавіка матачнікі, якія перазімавалі, паліваюць больш шчодра, падкормкі ўзнаўляюць, а парасткі, якія адрастаюць, выкарыстоўваюць для пасынкавання. Пры пасынкаванні, як і пры вырошчванні расады, вельмі важна вытрымліваць баланс вільготнасці глебы і паветра.
Перасадка ў адкрыты грунт
Праз 8—9 тыдняў з моманту пасеву падрошчаныя расліны можна высаджваць у кашпо. Тры парасткі здольны даць адзін густы куст. Па меры росту яны згінаюцца да зямлі і пускаюць новыя карані і парасткі. Пры правільным фарміраванні ўжо праз 2 месяцы дзіхондра набывае выгляд, які мае высокую дэкаратыўную каштоўнасць.
Догляд
Самае галоўнае — гэта падтрымліванне аптымальнай тэмпературы паветра. Яна павінна быць не ніжэйшай за +18°С і не вышэйшай за +26°С. Дзіхондра ампельная адносіцца да роду балотных раслін, таму вялікае значэнне для яе росту і развіцця мае вільготнасць паветра. Рэгулярнае апырскванне цёплай вадой значна паскарае рост расліны. Пры гэтым лісткі набываюць незвычайную свежаць і пругкасць. Добра развітыя экзэмпляры дзіхондры на дзіва лёгка пераносяць засуху. Пры вырошчванні ў кашпо гэта вельмі актуальна. Здаралася, што дзіхондра, якая выглядала зусім засохлай, пасля шчодрага паліву хутка аднаўлялася. Лепш, калі паліў рэгулярны і шчодры.
А вось лішак вільгаці ў глебе згубны для такой расліны, як дзіхондра ампельная. Вырошчванне яе з насення патрабуе дастатковай вільготнасці, але пры з’яўленні першых сцяблінак паліў праводзіцца вельмі асцярожна і ўмерана. Аднак і перасушвання глебы таксама не трэба дапускаць. Рабіць абрэзку неабходна рэгулярна, каб сфарміраваць больш пышную крону. Абавязковая гэтая працэдура і пры падрыхтоўцы расліны да зімоўкі ў гарадской кватэры.
Да глеб непатрабавальная, але аддае перавагу добра дрэнажаваным урадлівым суглінкам з нейтральнай і слабакіслай рэакцыяй.
Угнаенні
Для паўнацэннага развіцця расліны і абароны яе ад магчымых захворванняў неабходна перыядычна ўносіць угнаенні і падкормку. Спецыялісты рэкамендуюць вадкае арганічнае ўгнаенне “Ідэал”, якое прымяняюць 1 раз на 2 тыдні. Для таго каб дапамагчы расліне набраць ліставую масу, кожны тыдзень уносяць мінеральнае ўгнаенне з высокай колькасцю азоту.
Зімаўстойлівасць
Пры выкананні ўсіх умоў па доглядзе дзіхондра здольна на працягу 6—7 гадоў захоўваць сваю дэкаратыўнасць. Догляд і вырошчванне ў зімовы перыяд не прынясуць многа клопатаў. Можна зрабіць на зіму надзейны прытулак для расліны, а лепш за ўсё занесці яе ў дом у найбольш светлае месца. У гэты перыяд патрабуецца вельмі ўмераны паліў, каб не дапусціць празмернага ўвільгатнення глебы. У адваротным выпадку гэта можа выклікаць гніенне каранёў. Калі ў доме працуюць абагравальныя прыборы, то абавязкова праводзіцца апырскванне лісткоў і ўвільгатненне паветра.
Выкарыстанне ў дызайне
Ва ўмовах халоднага клімату дзіхондру часцей вырошчваюць як кантэйнерную, ампельную расліну. Рэкамендуюць камбінаваць яе з яркай петуніяй або клубневай бягоніяй. У нас у школе яна расце з бягоніяй і пеларгоніяй у вялікіх вазонах на вуліцы. На зіму заносім у памяшканне. Але не менш прыгожая дзіхондра ў якасці глебапокрыўнай расліны. Высаджаная ў кашпо і падвесных кашах дзіхондра ўпрыгожвае сцены, тэрасы і балконы.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.