Першыя прыметы дэменцыі

Нягледзячы на высокі ўзровень развіцця медыцыны, праблема зніжэння памяці як ніколі актуальная.

Ва ўсім свеце колькасць захворванняў на дэменцыю складае прыкладна 35 мільёнаў чалавек, і прагнозы наконт гэтага несуцяшальныя. Чакаецца, што праз 15 гадоў колькасць хворых павялічыцца ў два разы.

Дэменцыя ўяўляе сабой цяжкае расстройства вышэйшай нервовай дзейнасці, выкліканае арганічным пашкоджаннем галаўнога мозга, і праяўляецца ў першую чаргу рэзкім зніжэннем разумовых здольнасцей.


Першыя прыметы дэменцыі могуць з’явіцца задоўга да вызначэння дыягназу. Але, як правіла, чалавек або не надае ім значэння, або тлумачыць іх паяўленне стрэсам, недамаганнем і г.д. Аднак мінае час, і нязначныя, на першы погляд, парушэнні ператвараюцца ў цяжкае захворванне. Часта сам пацыент імкнецца схаваць ад чужых свой стан. У такім выпадку блізкія людзі, сутыкнуўшыся з забыўчывасцю, стратай цікавасці да жыцця, неахайнасцю свайго сваяка, першымі звяртаюцца да ўрача. Але хвароба тым часам робіцца цяжэйшай, дапамагчы такому пацыенту ўжо немагчыма. На што трэба звярнуць увагу, што можна лічыць прычынай звароту да ўрача?

Першыя прыметы дэменцыі:

* Парушэнні памяці. Спачатку становіцца дрэннай кароткачасовая памяць, чалавек забывае тое, што адбылося зусім нядаўна, пры гэтым падзеі, якія здарыліся шмат гадоў назад, па-ранейшаму свежыя ў памяці. Пацыент не можа ўспомніць, куды толькі што паклаў рэчы, забывае пра даручэнні і г.д. Пры цяжкім ходзе хваробы забываюцца элементарныя рэчы: імёны сваякоў, назвы прадметаў, парушаецца арыентацыя ў часе і месцы і г.д.
* Парушэнне мыслення. Пацыент не можа лагічна мысліць, знікае магчымасць абстрагавання, для яго становіцца непасільным планаванне або рашэнне задач, якія раней не выклікалі цяжкасцей. Для такога чалавека становіцца недаступным разуменне прыказак, ёсць парушэнні ў лічэнні.

* Парушэнне ўвагі. Праяўляецца ў немагчымасці рэагаваць на некалькі падзей адразу. Пацыент адчувае цяжкасці пры пераключэнні ўвагі з адной тэмы на іншую. Часта пацыент можа пастаянна задаваць адно і тое ж пытанне, тут жа забываючы атрыманы адказ.

* Парушэнні вышэйшых функцый (маўлення, розных відаў успрымання — зрокавага, слыхавога, тактыльнага і г.д.).

* Парушэнне арыентацыі. На самым раннім этапе чалавек можа заблудзіць у добра знаёмых месцах. Спачатку гэта адбываецца на вуліцы, дзе дагэтуль ён быў шмат разоў, позняе расстройства арыентацыі праявіцца нават у кватэры. Таму такія хворыя дрэнна пераносяць перастаноўку мэблі або пераезды. Таксама пацыент страчвае адчуванне часу, блытаючыся ў датах, днях тыдня і г.д.

* Парушэнне крытычнага ўспрымання. Гэта можа быць парушэнне ўспрымання крытыкі як да свайго эмацыянальнага стану, так і да навакольных.

* Эмацыянальныя парушэнні. Як правіла, гэта плаксівасць, раздражняльнасць, лабільнасць настрою, нярэдка агрэсія. Хаця ў некаторых пацыентаў можа нарастаць апата-абулія.

Калі вы заўважылі ў сябе або ў сваіх сваякоў першыя прыметы дэменцыі, неадкладна ідзіце на кансультацыю да неўролага. Памятайце, што своечасовая дыягностыка і правільна назначанае лячэнне дапамогуць прыпыніць развіццё хваробы, тым самым палепшыўшы якасць жыцця пацыента.

Аксана ГІЛЬКО,
урач-псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.