Чытайце казкi малышам

За шалёным тэмпам жыцця мы часта забываем, што нашым дзецям неабходны не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і наша ўвага, наш час, праведзены побач з імі. А калі бацькі возьмуць у рукі кнігу і адправяцца з малышом у незвычайны свет падарожжаў і казкі, то гэта стане бясцэнным светам адкрыццяў для дзіцяці.


“Жылі-былі…”, “У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве…”, “Аднойчы…”, “За сінімі марамі, за зялёнымі гарамі…” — так пачынаюцца ўсімі намі любімыя казкі дзяцінства, якія чыталі нам мамы, таты, бабулі, калі мы былі яшчэ зусім маленькімі. У школе з казкамі нас знаёмілі настаўнікі пачатковых класаў. У сярэдняй школе мы чыталі іх самі, праводзячы спаборніцтвы з сябрамі (разам бралі кнігі ў бібліятэцы і чыталі дома, хто хутчэй прачытае ўсю, той і перамог).

Вельмі шкада, што ў цяперашні час у некаторых сучасных дзяцей і іх бацькоў страчана цікавасць да казак (і ў цэлым да кніг, да мастацкай літаратуры). Некаторыя сучасныя бацькі не ўсведамляюць важнасці азнаямлення малыша з навакольным светам праз чытанне казак.

Казка адкрывае нам свет праз мудрасць пакаленняў. Яна адыгрывае велізарную забаўляльную ролю і выконвае выхаваўчую функцыю ў развіцці малыша.

Казкі вучаць:

* што свет дзеліцца на добрых і дрэнных людзей, звяроў і іншых істот;

* быць смелым, не баяцца цяжкасцей;

* сяброўству, узаемаадносінам;

* любові да бацькоў і інш.

Казка заўсёды змяшчае мараль (павучанне):

* нельга быць прагным, падманваць, здраджваць сябрам;

* дабро заўсёды перамагае зло і г.д.

Якія бываюць казкі?

1. Народныя або фальклорныя — казкі, якія стварыў народ (людзі), перадаючы свае веды і назіранні з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне.

2. Літаратурныя (аўтарскія), створаныя адным канкрэтным чалавекам-аўтарам.

У сваю чаргу, сярод народных казак вылучаюць:

* казкі пра жывёл (“Курачка Раба”, “Рэпка”);

* чароўныя (пра фей, прынцэс, чарадзеек, дзе здзяйсняецца нейкае чараўніцтва, магія, чаго ў штодзённым жыцці не існуе);

* бытавыя казкі (казкі з простым, звычайным сюжэтам).

Найбольш даступнымі, простымі для разумення дзяцей ранняга ўзросту з’яўляюцца казкі пра жывёл (знаёмыя персанажы, просты сюжэт, кароткі змест). Чароўныя і бытавыя казкі крыху цяжэйшыя для ўспрымання дзіцяці, таму з імі знаёмяць дзяцей крыху пазней.

Як чытаць казкі дзецям?

1. Заўсёды чытайце дзіцяці казку ў абсалютнай цішыні (напрыклад, увечары перад сном).

2. Прывучайце дзяцей уважліва слухаць.

3. Акцэнтуйце ўвагу (падкрэслівайце голасам) на галоўных героях казкі, іх паводзінах, учынках.

4. Разглядайце з дзецьмі ілюстрацыі да казкі.

5. Абавязкова адказвайце на пытанні дзяцей.

6. Падкрэсліце мараль казкі (чаму вучыць нас гэтая казка).

7. Дайце ацэнку казцы, яе героям (спадабалася, не спадабалася, чаму, хто добры, хто злы, хто хітры і г.д.).

8. Прагаворвайце казку з малышом, размаўляйце па карцінках, завучвайце і пераказвайце яе разам.

І на заканчэнне хочацца сказаць. Дарагія чытачы! Чытайце з дзецьмі казкі! У любую вольную хвіліну і пры любой магчымасці. Бо выхаваўчая роля казкі значна важнейшая за ролю атрыбутаў сучаснасці.

Таццяна ГУСТЫР,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 24 Гродна.