Кветкі жывыя і намаляваныя

Маляваць Галіна Васільеўна любіла з дзяцінства, а новы творчы віток пачаўся некалькі гадоў назад, калі Г.В.Дзявятая пачала працаваць у гімназіі № 1 Навагрудка намеснікам дырэктара па гаспадарчай рабоце.

Аднойчы, калі яна разам з дырэктарам гімназіі Святланай Іванаўнай Аляхновіч праходзіла па першым паверсе будынка і абмяркоўвала, як упрыгожыць звычайны хол, дзе лепш размясціць сімволіку навучальнай установы, Галіна Васільеўна вырашыла прымяніць свае творчыя здольнасці і паспрабаваць сябе ў… насценным жывапісе. Так на першым паверсе гімназіі з’явілася аб’ёмная эмблема.

Зараз сцены на першым, другім і трэцім паверхах, лесвіцы ўпрыгожаны работамі Г.В.Дзявятай — аб’ёмнымі выявамі кветак, дрэў, птушак. На лесвічных пралётах з’явіліся дэкаратыўныя ліхтары.


— Ідэі і тэхніку выканання падглядала ў тым ліку ў інтэрнэце, — расказвае Галіна Васільеўна. — Спачатку выкарыстоўвала звычайную чайную лыжачку і самаробны шпаталь, а матэрыяламі былі рыззё і шпаклёўка. Цяпер у мяне ёсць больш прафесійны інструмент, а вось матэрыялы засталіся тыя ж. Хацелася зрабіць асяроддзе гімназіі больш утульным, прыгожым, каб дзеці і дарослыя адчувалі сябе як дома, цанілі сваю ўстанову адукацыі, падтрымлівалі ў ёй парадак.


— На другім паверсе гімназіі плануем размясціць музейную экспазіцыю “Гімназія ўчора, сёння, заўтра”, — расказвае С.І.Аляхновіч. — Афармленне сцен — гэта работа Галіны Васільеўны. Першы роспіс з’явіўся ў актавай зале. Яго выканала сацыяльны педагог Алена Уладзіміраўна Самайловіч. Педагог дадатковай адукацыі Алена Віктараўна Зазуля размалёўвала ўсе аб’ёмныя работы. А за кветкі, утульныя куткі адпачынку і зімовы сад адказвае лабарант кабінета біялогіі Таццяна Пятроўна Міклаш. Дзякуючы такім творчым і неабыякавым людзям, кожны куточак гімназіі вылучаецца своеасаблівым выглядам.


Вялікая тэрыторыя гімназіі ўпрыгожана кветкамі з ранняй вясны і да позняй восені: спачатку зацвітаюць нарцысы і цюльпаны, потым — сальвіі, прымулы, бягоніі, аксаміткі, цынерарыі, астры, вяргіні, хрызантэмы. Уся расада вырошчваецца ва ўстанове. У зімовым садзе — больш за 70 раслін, на кожным паверсе — таксама кветкі.

У красавіку 2015 года да 70-годдзя Вялікай Перамогі на тэрыторыі гімназіі заклалі сад — пасадзілі 70 фруктовых дрэўцаў. Сёлета ўжо давялося пакаштаваць першыя гімназічныя яблыкі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.