Лілеі садовыя вырошчваю ўжо шмат гадоў і на дачы, і на гімназічным участку. Мне падабаюцца гэтыя кветкі за разнастайнасць іх формы, афарбоўкі, непатрабавальнасць у доглядзе.
У прыродных умовах прыгожыя шматгадовыя лілеі можна сустрэць у Еўропе, Азіі, а таксама ў Паўночнай Амерыцы. З гэтымі кветкамі звязана вялікая колькасць розных легенд. Так, у Старажытнай Грэцыі лічылася, што белыя лілеі — гэта кроплі малака багіні Геры. Вобраз лілеі прагледжваецца ў старажытных егіпецкіх і рымскіх традыцыях. У хрысціян кветка лілеі белага колеру сімвалізуе чысціню і міласэрнасць. Выявы лілей выкарыстоўваюцца ў геральдыцы многіх краін сусвету. Пра незвычайную кветку ў сваіх творах расказвалі паэты і празаікі.
У цяперашні час сярод садаводаў лілеі набываюць усё большую папулярнасць. З чаго ж пачаць вырошчванне лілей? Трэба больш даведацца пра іх разнастайнасць і выбраць той гатунак, які вам больш спадабаецца.
Існуюць наступныя гатункі садовых лілей:
1) Азіяцкія гібрыды. Лілеі зімаўстойлівыя, непатрабавальныя да глебы. Форма кветак пераважна чашападобная, памерамі да 15 см. Папулярныя гатункі: “Фіеста”, “Арлекін”, “Піксі”, “Танга”, “Адэліна”, “Флора паланіла”, “Лілея Давіда”, “Галандская” і інш.
2) Усходнія гібрыды. Расліны славяцца добрай марозаўстойлівасцю і кветкамі рознай формы. Недахопы дадзеных гібрыдаў — доўгі тэрмін выспявання цыбуліны і дрэнная ўстойлівасць да хвароб. Папулярнасцю карыстаюцца гатункі “Амалія”, “Ружовая дымка”, “Барбадос”, “Афрыка”, “Аўрора”, “Алегра” і інш.
3) Амерыканскія гібрыды. Сцябло лілей моцнае, дасягае двухметровай вышыні. Форма кветак разнастайная, але часцей за ўсё чашападобная. Цыбуліны могуць пашкоджвацца хваробамі пры перасадцы. Атрымалі шырокае распаўсюджванне “Лэйк Тулар”, “Баттэркап” і інш.
4) Трубчастыя гібрыды. Кветкі марозаўстойлівыя, лёгка размнажаюцца і мала хварэюць. Адрозніваюць некалькі разнавіднасцей трубчастых лілей — расліны з трубчастымі кветкамі, чашападобнымі, зорчатымі. Папулярнасцю карыстаюцца гатункі “Mімоза стар”, “Новая эра”, “Чорны дракон” і інш.
5) Кучаравістыя гібрыды. Адметная асаблівасць — паніклыя кветкі з арыгінальна загнутымі назад пялёсткамі. Лілеі марозаўстойлівыя, рэдка трапляюць пад уздзеянне вірусаў і бактэрый. Зацікаўленасць у садаводаў выклікаюць гатункі “Мартагон”, “Белая”, “Даўрская”, “Тыгровая”, “Сонечная раніца” і інш.
6) Кандыдум, беласнежныя гібрыды. Кветкі ў лілей дадзенага гатунку духмяныя, пялёсткі ў выглядзе шырокай варонкі. Папулярныя “Апола”, “Мадонна”, “Тэракотавая” і інш.
7) LA-гібрыды. Лілеі з буйнымі кветкамі, маюць прыемны пах, разнастайныя адценні. Расліны адрозніваюцца моцнымі сцёбламі, устойлівасцю да маразоў і хвароб. Папулярнасцю карыстаюцца “Айсберг”, “Альгарве”, “Фармоза” і інш.
8) АТ-гібрыды. Дадзеныя гатункі створаны шляхам скрыжавання трубчастых і ўсходніх форм. Расліны з вялікімі варонкападобнымі, чашападобнымі кветкамі. Цікавасць выклікаюць гатункі “Біг Бразэр”, “Бэверлі Дрым” і інш.
Догляд садовых лілей
Хачу падзяліцца сваім вопытам:
- асцярожна рыхліць глебу, бо можна лёгка пашкодзіць расліны;
- паліваць садовую лілею трэба толькі пад корань, увільгатняць глебу на глыбіню пасадкі цыбуліны. Пазбягайце пераўвільгатнення, бо яно можа прывесці да з’яўлення грыбковага захворвання — шэрай гнілі;
- нельга дапускаць перагрэву і перасыхання пласта глебы, дзе размешчаны паветраныя карані лілеі, для гэтага зямлю мульчырую торфам або перагноем;
- з лілей, якія вырошчваюцца для атрымання пасадачнага матэрыялу, на працягу лета зразаю бутоны, каб усе карысныя рэчывы накіроўваліся ў цыбуліну.
Глебу перад пасадкай лілей перакопваю, дадаю торф, пясок, драўняны попел. Затым раўнамерна паліваю.
Размнажэнне
Перад пасадкай выбіраю найбольш буйныя цыбуліны, непашкоджаныя хваробамі і шкоднікамі. Лускавінкі цыбуліны пасля аддзялення абеззаражваю і прарошчваю ў вільготным субстракце.
Акрамя размнажэння цыбулінамі, выкарыстоўваю яшчэ адзін спосаб: дзяленне гнязда лілеі — размнажэнне дзеткамі, якія адрастаюць ад донца старой цыбуліны. Новае гняздо ўтвараецца кожныя 3—4 гады.
Насеннем размнажаю лілеі радзей, бо трэба шмат часу, каб вырасціць лілею з семечка. Але такі спосаб мае свае перавагі — фарміруецца шмат здаровага пасадачнага матэрыялу.
Падкормка
Для фарміравання здаровай расліны дабаўляю мінеральныя кампаненты: вясной — азотныя ўгнаенні, восенню — калійныя і фосфарныя ў спалучэнні з арганічнымі ўгнаеннямі.
Хваробы
Знешні выгляд садовых лілей можа шмат паведаміць аб іх стане. Так, пры бактэрыяльнай інфекцыі на расліне могуць узнікаць плямы карычневага колеру, назірацца адміранне ліставых пласцін. У такім выпадку дапамагае апрацоўка спецыяльнымі фунгіцыдамі. Пры развіцці грыбковых захворванняў, якія часта ўзнікаюць у вільготныя гады, можа назірацца пашкоджанне цыбулін. Iх трэба выкопваць, апрацоўваць фунгіцыдамі і перасаджваць на новы ўчастак.
Барацьба са шкоднікамі
На лілеях могуць сустракацца небяспечныя шкоднікі: тля, хрушч, мядзведка, лілейныя жукі. Насякомыя і іх лічынкі пашкоджваюць лісты і бутоны. У гэтым выпадку выкарыстоўваю фунгіцыды “Актара”, “Гром”, “Мядзветокс”.
Размяшчэнне на ўчастку
Пры размяшчэнні садовых лілей на прысядзібнай тэрыторыі вы зможаце рэалізаваць сябе ў ландшафтным дызайне, выкарыстоўваючы шмат цікавых ідэй. Так, можна размясціць лілеі з улікам колеру кветак і стварыць адзіночныя кампазіцыі. Яшчэ лілеі вельмі ўдала камбінуюцца з іншымі дэкаратыўнымі культурамі. Вельмі эфектна яны выглядаюць на клумбах, альпійскіх горках, рабатках. Галоўнае — не бойцеся эксперыментаваць і фантазіраваць.
Спадзяюся, што мае парады дапамогуць вам набыць большую ўпэўненасць пры вырошчванні садовых лілей, каб яны парадавалі вас сваёй незвычайнай прыгажосцю, разнастайнасцю і стваралі заўсёды добры настрой.
Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.