Пісьменнік, паэт, драматург, мастак і кінарэжысёр Жан Марыс Эжэн Клеман Както, разважаючы пра сваё прафесійнае крэда, аднойчы сказаў: “Я не мастак і не жывапісец. Мае малюнкі — гэта літары, раскручаныя і скручаныя кожны раз іншым спосабам”. Многія з нас не мастакі ў вузкім сэнсе валодання пэндзлем і мастыхінам, але, узяўшы аловак або ручку, мы можам стаць мастакамі, скручваючы або звіваючы карціны, падзеі, фантастычныя вобразы ў літары, словы, фразы. Гэта значыць можам запісваць, складаць гісторыі або натхняць гэта рабіць іншых. Чым не новая псіхалагічная прастора для асваення? Чым не вецер свежасці і навізны на вуліцах і праспектах нашага асабістага і прафесійнага жыцця?
Гісторыя — гэта люстэрка, тэрапеўт, рука дапамогі. Ва ўсіх нас ёсць магчымасць дасягнуць вышэйшай мудрасці, здараецца, што мы выяўляем гэта толькі тады, калі пачынаем расказваць нашы гісторыі людзям. Слухаючы гісторыі іншых, мы разумеем, што не адзінокія ў сваіх пошуках, трывогах, праблемах і пытаннях. Гісторыі дапамагаюць нам усвядоміць забабоны і стэрэатыпы, якія перашкаджаюць дасягнуць мэт. Акрамя таго, створаная намі гісторыя дапаможа зірнуць на сваё жыццё з іншага боку. Запісваючы свае гісторыі, мы пазнаём сябе, а гэта аснова разумення свету.
Нашым дзецям патрэбны гісторыі пра чалавечыя ўзаемаадносіны, псіхалагічныя праблемы, вопыт пераадолення цяжкасцей, межы паміж жыццём і смерцю. Слухаючы іх, дзеці разумеюць свет, пачынаюць давяраць жыццю, знаходзяць сваё месца ў ім. Калі мы не расказваем дзецям гісторыі, то губляем цудоўную магчымасць развіваць у іх фантазію і ўяўленне, асэнсоўваць адносіны і жыццёвыя мэты, якія апісваюцца ў казках. Калі дзіця ад 3—6 гадоў чуе шмат гісторый, сямейных легенд, казак, то яно менш ці ўвогуле не схільна да фантазійнай гульні і дзеянняў. Расказваць можна не толькі пра буйныя падзеі. Кожная вялікая гісторыя складаецца з мноства маленькіх, якія змяшчаюцца адна ў другую, як матрошкі. Прапануем скласці нашу першую матрошку на аснове ідэй для стварэння гісторый індывідуальных і калектыўных Клауса Фапеля.
Ідэя “Бацькоўскі дом”
Часам нам хочацца ўспомніць пра нейкі час нашага жыцця. Можа здарыцца, што дзверы нашай памяці ледзь прыадчынены. Не засмучайцеся. Мы зможам дапамагчы сабе зайсці ў гэтыя дзверы. Паслухайце музыку тых часоў, разгледзьце старыя фотаздымкі і звярніце ўвагу на дэталі. Наведайце, калі магчыма, мясціны, дзе вы жылі, сваю школу або ранейшае месца працы. Перачытайце кнігі або старыя газеты, часопісы. Пагаварыце з людзьмі, у якіх з вамі агульны вопыт. Дакраніцеся, калі магчыма, да старога адзення, прадметаў таго часу. Выкарыстоўвайце духі, іншыя любімыя пахі, якія для вас атаясамліваюцца з тым асаблівым часам.
Дапаможам сваёй памяці — намалюем бацькоўскую кватэру або дом, уключаючы калідоры, ванную, кухню. Зрабіце накід і свайго пакоя, не забудзьце пра важныя прадметы мэблі. Калі ўсё гатова, зрабіце ўяўную вандроўку ў кватэру дзяцінства. Як прайсці да вуліцы, на якой стаіць дом? Ці трэба падымацца па лесвіцы? У думках уваходзьце ў кватэру і ў тое месца, куды больш за ўсё хочацца. Уявіце, дзе карціна на сцяне, дзе ложак, стол. Пабудзьце ў гэтай прасторы і паназірайце за сваімі пачуццямі. Як вы адчувалі сябе там, калі былі дзіцем, якімі былі вашы адносіны з іншымі членамі сям’і? З кім вы былі блізкія? Каму давяралі? Ці быў той, з кім сварыліся, магчыма, некага баяліся? Якой была атмасфера ў гэтай кватэры? Чаму радаваліся тыя, хто ў ёй жыў? Аб чым сумавалі? Дайце волю ўспамінам, калі іх мала — фантазіі. І куды б яна ні вяла, уважліва ўглядайцеся. Напішыце пра гэта старонку або дзве за 30 мінут.
Пасля напісання гісторыі, якая абапіраецца на гэтую ідэю, задайце сабе пытанні: “Якія ўспаміны дзяцінства для нас на першым месцы, якія з іх самыя лепшыя?”, “Ці ёсць нешта добрае ў тым, каб забыцца пра некаторыя ўспаміны?”, “Чаму розныя члены сям’і па-рознаму памятаюць адны і тыя ж падзеі?”, “Чаму ў нашых успамінах перамешаны выдумка і праўда?”, “Што новага вы знайшлі ў час “наведвання” кватэры дзяцінства?”, “Што сёння дом, кватэра значаць для вас?”, “Дзе сёння ваш родны дом?”.
Ідэя “Жылі-былі”
У дзяцінстве мы чыталі казкі і былі зачараваны героямі. Цяпер мы прапануем стварыць сваю міфалагічную аповесць у жанры казкі. Гэта будзе казка, якая яшчэ ніколі не была расказана, а была прыдумана на падставе вашых асабістых падзей. Пішыце не ад 1-й асобы, а ад 3-й. Казка павінна пачынацца адным з зачынаў: “Жыла-была маленькая дзяўчынка, якая…”, “Жыў-быў адзін чалавек, які…”, “Жыла-была адна жанчына, якая…”. Казка не павінна быць большай за дзве старонкі. Дастаткова будзе двух радкоў, калі ў іх умесцяцца тры складнікі любой казкі:
1. Адбываецца нешта, з-за чаго ў героя ўзнікае праблема або патрэба.
2. Барацьба або канфлікт героя з-за імкнення рэалізаваць жаданне або мэту.
3. Герой мяняецца і ўсведамляе тое, што адбываецца, па-новаму.
Пішыце 30 мінут. Не спыняйцеся над працай. Наперадзе — другая частка задання.
Уявіце сабе, што пішаце пісьмо свайму ўнуку або ўнучцы, рэальным ці ўяўным, або любому дзіцяці, якога вы ведаеце і любіце. У пісьме неабходна расказаць, чаму вы навучыліся ў сваім жыцці. Пісьмо павінна быць кароткім і пра самае важнае. Напрыклад, пра тое, з чаго складаецца жыццё, што дапамагае нам прымаць сябе і навакольны свет. Працуйце 10 мінут. Перачытайце пісьмо, а потым зноў сваю казку. Параўнайце дасягненні, якія апісаны ў іх. Якія пытанні вас займаюць цяпер? Як вы сябе адчуваеце пасля гэтага задання?
Ідэя “Чатыры стыхіі” дазваляе надаць гісторыі, якую вы прыдумаеце, іншую форму. Выкарыстоўвайце чатыры розныя версіі вашай біяграфіі. У кожнай з іх павінна ісці размова пра тое, як развіваліся вашы адносіны з асобнай прыроднай стыхіяй: зямлёй, вадой, паветрам, агнём. Любіце вы гэтую прыродную стыхію ці баіцеся яе? Ці ўзаемадзейнічаеце з ёй? Якія асаблівыя падзеі звязаны з гэтай стыхіяй? Якое ваша эстэтычнае ўспрыманне стыхіі? Якое ваша філасофскае ці духоўнае стаўленне да яе? Над заданнем будзе камфортней працаваць, калі скласці спісы для кожнага варыянта гісторыі. У спісах пералічыце падзеі, устаноўкі, якія змяніліся, канфлікты, рашэнні. Дайце загаловак кожнаму варыянту біяграфіі. Для ажыццяўлення ідэі неабходна 1,5 гадзіны. Ці атрымалася ў вас зірнуць на сваю гісторыю жыцця па-новаму? Як мяняліся вашы адносіны да прыродных стыхій на працягу жыцця?
Ідэя “Ноеў каўчэг”. Можна прапанаваць для групы з дзецьмі. Садзімся ў кола. Уяўляем, што ў цэнтры знаходзіцца Ноеў каўчэг, на якім сабраліся ўсе жывёлы, якія некалі жылі або жывуць. Адзін удзельнік “заходзіць” у Ноеў каўчэг, адчыняе нябачны люк і здзіўляецца той жывёле, якую ён заўважыў. Калі жывёла фантазійная і ў яе няма назвы, неабходна апісаць. Потым той, хто “знайшоў” жывёлу, просіць іншага ўдзельніка прыдумаць гісторыю, у якой удзельнічаў бы гэты звер. Гісторыя павінна быць кароткай, на 5 сказаў. Кожны ўдзельнік павінен “пабываць” на Ноевым каўчэгу, “знайсці” жывёлу і расказаць гісторыю.
Ідэя “Казка з ілюстрацыямі”. У гэтым заданні расказчыку неабходна ўзаемадзейнічаць з групай, якая робіць гісторыю яркай і візуальнай. Жадаючы пачынае расказваць першым. Гісторыя можа быць вядомай або прыдумвацца. Астатнія ўдзельнікі чакаюць, калі ён выбера ў аповедзе адно слова і паўторыць яго. Напрыклад: “І пайшоў хлопчык праз лес, ЛЕС!” Тады члены групы павінны ператварыцца ў дрэвы. Пасля таго як група паказала лес, гісторыя працягваецца. Для паўтору можна выкарыстоўваць і назоўнікі, і дзеясловы, і прыметнікі. Расказчык можа даваць дадатковыя ўказанні для таго, каб яго гісторыя была праілюстравана менавіта так, як ён жадае. Важна, каб уся група атрымала ад пастаноўкі задавальненне, каб усе адкрыта выказвалі свае эмоцыі, удзельнічалі ў працэсе. Пасля таго як расказалі гісторыю свайго жыцця, можам адчуць глыбокую радасць ад таго, што ў нас ёсць свая гісторыя і мы жывём!
Святлана РАДЗЬКОВА.