Калатэя — шматгадовая дэкаратыўна-ліставая расліна з падземным карэнішчам, якое ўтварае паверхневую каранёвую сістэму. Ад карэнішча адыходзяць вертыкальныя парасткі з разеткамі лісця, пры гэтым адна разетка змяшчае толькі адзін цалкам развіты ліст. Ліставыя пласцінкі знаходзяцца на доўгіх вертыкальных чаранках ад 30 да 80 см вышынёй. Лісты буйныя, да 30 см, авальныя, нават ёсць і ланцэнталіставыя віды. Іх афарбоўка разнастайная: ёсць калатэі з зялёным, чырвоным, белым лісцем. Усе віды аб’ядноўвае незвычайная стракатасць — на ліставой пласціне выдзяляюцца прожылкі і лініі кантраснага колеру. Цвіце калатэя невялікімі кветкамі, сабранымі ў коласападобныя суквецці.
Калатэя, несумненна, вельмі прывабная расліна. Але каб яе лісце сапраўды ўпрыгожвала інтэр’ер, а не чахла вартым жалю кусцікам, неабходна пастаянна яе даглядаць і захоўваць правілы ўтрымання.
Догляд і перасадка
Калі купілі расліну, яе неабходна абавязкова перасадзіць. Карані калатэі выдзяляюць у зямлю таксічныя рэчывы, таму трэба замяніць вазон і грунт. У далейшым куст патрабуе перасадкі ў вазон большага дыяметра раз у 1—2 гады. Лепшы час для гэтага — люты або сакавік.
Для калатэі неабходна выбраць шырокі неглыбокі вазон, таму што ўся каранёвая сістэма размешчана пад паверхняй грунту. На дне неабходна зрабіць добры пласт дрэнажу з галькі або керамзіту, каб вада не застойвалася.
Грунт можна купіць гатовы (для марантавых) ці зрабіць самастойна ў наступных прапорцыях:
ліставая зямля — 2 часткі;
перагной або кампост — 2 часткі;
торф — 2 часткі;
буйны пясок — 1 частка.
Род Калатэя (лац. Calathea) — самы вялікі ў сямействе марантавых. У натуральных умовах гэтая расліна сустракаецца ў вільготных трапічных лясах Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.
Калатэя не пераносіць вапнавай глебы, таму за складам і якасцю як магазіннага, так і самаробнага грунту неабходна ўважліва сачыць. Ён павінен быць слабакіслым, рН6. У калатэі вельмі кволая каранёвая сістэма, яе можна лёгка пашкодзіць. Таму даставайце расліну для перасадкі асцярожна, паступова, разам з камяком зямлі, павярнуўшы вазон набок. Пры пасадцы нельга шчыльна абтоптваць зямлю вакол карэння. Тэмпературны рэжым павінен быць 18—24°С незалежна ад пары года. Пры гэтым рэзкая змена тэмпературы і скразняк могуць знішчыць калатэю.
Пасля таго як калатэя разрасцецца, яе неабходна перасадзіць, акуратна раздзяляючы карэнішча. Пры гэтым кожная дзялёнка павінна мець кветкавую пупышку.
Патрабавальная да мікраклімату, калатэя не любіць грубага змочвання лісця. Аксамітнае лісце нельга ўвільгатняць распыленнем. У дамашніх умовах догляд калатэі звязаны з прымяненнем спецыяльных спосабаў увільгатнення паветра. У глыбокі паддон, на якім стаіць вазон з калатэяй, насыпаюць гальку, дробныя каменьчыкі, а зверху прыкрываюць сфагнумам, каб вада, якая знаходзіцца ў паддоне, раўнамерна выпаралася. У выніку вакол расліны ствараецца асаблівае паветра. Але нельга, каб дно вазона сутыкалася з вадой, таму што будзе загніваць карэнне.
Размнажэнне
Дзяленнем каранёў
Прасцей за ўсё развесці калатэю дзяленнем куста ў час перасадкі. Дзеляць добра развітыя 2—3-гадовыя кусты. Пакрокава гэты працэс выглядае так:
за дзень да перасадкі вазон з кветкай паліваюць, каб зямля была мяккай;
акуратна дастаюць расліну, вельмі асцярожна страсаюць грунт з карэння;
раздзяляюць карэнішча на 2—3 часткі, у залежнасці ад яго памеру; у атрыманых дзялёнках павінна быць не менш як 3—4 вузлы з пасынкамі;
у вазоны дыяметрам 7—8 см кладуць пласт дрэнажу і запаўняюць земляной сумессю для марантавых;
дзялёнкам распраўляюць карэньчыкі па паверхні грунту, прысыпаюць зямлёй каля 1 см і вельмі акуратна ўшчыльняюць.
Пакуль расліны не пойдуць у рост, іх рэгулярна пакрыху паліваюць і апырскваюць. Падкормку ў гэты час не праводзяць.
Пасынкамі
Для размнажэння пасынкаваннем выбіраюць моцную, здаровую матачную расліну. Крыху разграбаюць зямлю і акуратна зразаюць або выломваюць пасынак каля самай асновы карэнішча. Змяшчаюць яго ў невялікі вазон з гатовай земляной сумессю.
Вазон ставяць на паддон з мокрым керамзітам, накрываюць поліэтыленавым пакетам або абрэзанай пластыкавай бутэлькай. Знімаюць пакет праз 2—3 тыдні, калі расліна пусціць карэньчыкі і пачне расці.
Паліў
Расліна вельмі патрабавальная да паліву. Кволая паверхневая каранёвая сістэма можа пакутаваць як ад перасушвання, так і ад празмернай вільгаці. Калатэю добра паліваюць мяккай вадой пакаёвай тэмпературы па меры падсыхання верхняга пласта грунту. Вада павінна быць адстоенай з тэмпературай на 2—3 градусы вышэй за пакаёвую. Ад халоднай вады лісце і карані губляюць пругкасць і загніваюць.
Пры паліве неабходна арыентавацца на стан расліны. Калі лісце пачынае губляць тургор — увільгатненне спыняюць, прасушваюць зямлю на 2—3 см у глыбіню і чакаюць вынікаў. Калі лісцікі не падымуцца, трэба замяніць глебу і выдаліць загнілыя карані. У гарачае надвор’е трэба паліваць 3 разы на тыдзень, зімой толькі раз.
Для змякчэння вады неабходна ў вядро водаправоднай вады кінуць дзве жмені торфу, размяшаць і пакінуць на ноч. Адфільтраваная вада будзе ўтрымліваць менш кальцыю і магнію.
Асвятленне
Калатэя — расліна трапічнага лесу, таму прамыя сонечныя прамяні, зрэшты, як і глыбокі цень, ёй супрацьпаказаны. На яркім святле лісце губляе афарбоўку і становіцца дробным, а пры недахопе асвятлення расліна блякне і выцягваецца. Самы лепшы варыянт — дастаткова моцнае, але рассеянае святло. Ідэальныя для вырошчвання калатэі ўсходнія і заходнія вокны. У памяшканнях з паўднёвымі вокнамі кветку давядзецца прыцяняць ад прамых сонечных прамянёў.
На рассеяным яркім святле калатэя пышна разрастаецца.
Для паўнацэннага росту расліны неабходны доўгі светлавы дзень у любую пару года, таму ў асенне-зімовы перыяд расліны “дасвечваюць” люмінесцэнтнымі лямпамі.
Падкормка
З сярэдзіны вясны да пачатку восені калатэю падкормліваюць праз 1—2 тыдні комплекснымі ўгнаеннямі для дэкаратыўна-ліставых раслін. Зімой падкормкі скарачаюць да адной у месяц. Угнаенні ўносяць толькі пасля багатага паліву, каб не апячы карэнне. Квітнеючыя гатункі калатэй падкормліваюць угнаеннем для квітнеючых раслін.
Сваю назву кветка атрымала ад старажытнагрэчаскай calathos — “скрыня”, бо з сухіх сцёблаў калатэі са старажытнасці і да нашых дзён плятуць кошыкі.
Шкоднікі
Нягледзячы на тое, што калатэя даволі капрызная, яна вельмі рэдка пакутуе ад хвароб і шкоднікаў, калі стварыць ёй належныя ўмовы. Найбольш распаўсюджаныя праблемы — павуцінны клешч, шчытоўка і белакрылка.
Павуцінны клешч
Павуцінны клешч — шкоднік, які харчуецца сокамі расліны, пераносчык мноства хваробатворных вірусаў, грыбкоў і бактэрый. На калатэі, якая захварэла на павуцінны клешч, можна заўважыць тонкія ніці, якія аплятаюць лісты або іх чаранкі, а таксама дробныя белаватыя кропкі на ніжняй частцы ліставой пласціны. Калі ж працэс распаўсюдзіўся вельмі далёка, расліна літаральна хаваецца пад тоўстым пластам белаватай масы, якая нагадвае павуцінне.
Меры барацьбы:
1. Працірайце лісты растворам гаспадарчага мыла або вадкасці для мыцця пасуды ў цёплай вадзе.
Не абмяжоўвайцеся паверхневым апырскваннем. Павуцінны клешч любіць зацішныя месцы, напрыклад, пазухі лістоў. Таксама карысна апрацаваць вазоны, падстаўкі пад іх і падаконнік.
2. Калі калатэя яшчэ не пашкоджана масава, добра (0,5 л вады) паліце расліну і герметычна накрыйце яе поліэтыленавым пакетам на 2—3 дні. З-за павышанай вільготнасці шкоднікі загінуць. Увесь гэты час сачыце за калатэяй (асабліва летам), каб на лісці не было сонечных апёкаў.
3. У крайнім выпадку дапаможа апырскванне кветкі растворамі прэпаратаў “Карбафос”, “Інта-Вір”, “Фітаверм”, а таксама сродкаў, у склад якіх уваходзіць алей дрэва нім. Адначасова ў глебу можна ўносіць гранулы “Цеміка” або “Алдзікарба”.
4. Акрамя высокай вільготнасці, гэтыя шкоднікі вельмі не любяць ультрафіялет. Калі ў вас ёсць люмінесцэнтная лямпа, апраменьвайце ёй лісце.
5. Можна паспрабаваць наступныя народныя сродкі.
Настой з цыбулі. 10—15 г дробна нарэзанай цыбулі або ў 2 разы меншую колькасць шалупіння заліваюць 1 л вады пакаёвай тэмпературы і настойваюць 8—10 гадзін. Перад прымяненнем настой працэджваюць.
Настой карэння дзьмухаўца: сталовую лыжку дробна нарэзанай сыравіны заліваюць 1 л цёплай вады і настойваюць 2—3 гадзіны.
Часночны настой: кашу з ачышчаных зубчыкаў (12—15 штук) заліваюць 1 л вады і настойваюць 4—5 сутак. Потым старанна перамешваюць і бяруць для апырсквання чайную лыжку настою, зноў разводзячы яе ў 1 л вады.
Каб канчаткова перамагчы шкодніка, рэкамендуецца не менш за 4—5 апрацовак (пажадана рознымі сродкамі) з інтэрвалам каля тыдня.
Шчытоўка
На пашкоджаным лісці з’яўляецца ліпкі празрысты налёт, добра прыкметны на сонцы з-за характэрнага бляску. Шчытоўкі харчуюцца раслінным сокам, а іх мікраэлементы ствараюць святло- і паветранепранікальную плёнку, якая дрэнна ўплывае на нармальны працэс фотасінтэзу і клетачнага дыхання расліны. Калатэя амаль перастае расці, лісце дэфармуецца, жаўцее і сохне. Для прафілактыкі рэгулярна аглядайце расліны на наяўнасць цёмна-бурых, амаль плоскіх наростаў на ніжнім баку лісця, на чаранках і ля карэння. Мінімум два разы ў 2—3 тыдні працірайце калатэю мяккай анучкай, змочанай у цёплай вадзе.
Меры барацьбы:
1. Калі пашкоджана амаль уся расліна, знішчыце яе, вазон або паддон прадэзынфіцыруйце, а падаконнік і акно старанна памыйце гарачай вадой.
2. Калі праблема яшчэ не перайшла ў хранічную стадыю, абліце расліну цёплай (45°С) вадой з лейкі або душа. Потым пратрыце яе ватай, змочанай у 70-працэнтным этылавым спірце. Сачыце за тым, каб размеркаваць спірт тонка — так ён хутчэй выпарыцца. Праз 1—1,5 гадзіны апрацуйце расліну густой пенай гаспадарчага мыла. Апрацоўку пенай паўтараюць праз дзень, а потым праз 3—4 дні (усяго 7—10 разоў) да поўнага знішчэння шкодніка. Другую і наступныя апрацоўкі пенай можна замяніць на стараннае апырскванне растворамі “Інта-Вір”, “Актара”, “Акцелік”, “Фуфанон”, “Ф’юры”, “Базудзін”. Важна, каб лісце перад працэдурай было зусім сухое.
Паколькі некаторыя з пералічаных сродкаў даволі таксічныя, уважліва вывучыце этыкетку і прытрымлівайцеся ўсіх апісаных вытворцам мер бяспекі. Лепш за ўсё праводзіць апрацоўку на балконе, лоджыі або на адкрытым паветры.
Белакрылка
Вельмі дробныя насякомыя з белаватымі крыламі з’яўляюцца на ніжнім баку лісця калатэі. Калі злёгку страсянуць расліну, можна ўбачыць, як яны падымаюцца ў паветра. На лісці, пачынаючы з самых ніжніх, утвараецца бліскучы ліпкі налёт. Белакрылка вельмі любіць спёку і павышаную вільготнасць. Таму зімой для прафілактыкі карысна патрымаць калатэю 3—4 тыдні пры тэмпературы каля 18°С.
У калатэі ёсць адна цікавая асаблівасць. Увечары яе лісце прыпадымаецца ўверх, а раніцай зноў апускаецца і паварочваецца да сонца. Такія паводзіны кветкі звязаны з умовамі яе росту ў натуральным асяроддзі. У сябе на радзіме ў трапічных лясах, сярод зараснікаў іншых раслін, калатэі даводзіцца лавіць кожны промень святла, таму яе лісце і стала такім рухомым.
За здольнасць складваць і выпростваць лісце калатэя атрымала назву “малітвенная кветка”. Ёсць павер’е, што пры паварочванні да сонца калатэя моліцца за дабрабыт і дастатак дома, у якім расце.
Меры барацьбы:
1. З хімікатаў для барацьбы са шкоднікам можна прымяняць з інтэрвалам 7—10 дзён “Верціцылін” і “Пегас” (не больш за дзве апрацоўкі), “Акцелік” (да чатырох апрацовак праз 4—6 дзён), “Канфідор”, “Маспілан”, “Фуфанон” (адна апрацоўка).
2. Народныя сродкі для барацьбы з белакрылкай.
Пасткі. Кавалкі кардону, фанеры, шкла расфарбоўваюць у яркія колеры і размяшчаюць побач з вазонамі, пры гэтым неабходна папярэдне змазаць іх сумессю вазеліну або каніфолі з мёдам, варэннем або цукровым сіропам. Самаробныя пасткі з поспехам заменяць спецыяльныя ліпкія стужкі, якія прызначаны для лоўлі мух.
Настой крываўніку: 3 сталовыя лыжкі лісця і сцёблаў дробна наразаюць і заліваюць 1 л кіпеню. Настойваюць суткі. Перад апырскваннем працэджваюць.
Часночны настой: чайную лыжку дробна нарэзанага лісця або кашу з 2—3 зубчыкаў часнаку заліваюць 1 л вады і настойваюць суткі.
Але любыя народныя сродкі эфектыўныя толькі тады, калі праблема своечасова выяўлена і шкоднікаў яшчэ не вельмі шмат.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.