У групе рызыкі — цяжарныя і немаўляты

У Беларусі ў 2017 годзе былі зарэгістраваны 324 тысячы пацыентаў з захворваннямі шчытападобнай залозы. Паталогіі гэтай залозы, як правіла, не маюць знешніх праяўленняў. А значыць, западозрыць, што ў арганізме збой менавіта на эндакрынным узроўні, могуць дапамагчы агульныя сімптомы, большасць з якіх ігнаруецца. Тым не менш і выпадзенне валасоў, і лушчэнне скуры, а таксама агульная млявасць, беспрычынныя дэпрэсія і агрэсія могуць быць прыметамі сур’ёзных захворванняў.

Сёння пра шчытападобную залозу, найбольш частыя паталогіі ў яе рабоце, а таксама аб прычынах, якія выклікаюць эндакрынныя захворванні, нам расказвае кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай эндакрыналогіі, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ Анжаліка Віктараўна СОЛНЦАВА.

Анжаліка Солнцава — аўтар больш як 350 навуковых прац, манаграфіі, падручніка, патэнта на вынаходніцтва, выдатнік аховы здароўя, член Еўрапейскай асацыяцыі па вывучэнні цукровага дыябету, Еўрапейскай асацыяцыі дзіцячых эндакрынолагаў і інш.

— Анжаліка Віктараўна, з якімі захворваннямі шчытападобнай залозы да вас часцей за ўсё прыводзяць дзяцей? Якія сімптомы могуць быць раннімі прыметамі паталогіі шчытападобнай залозы? І ці праўда, што часцей за ўсё ад эндакрыналагічных захворванняў пакутуюць жанчыны, дзяўчаты?

— Захворванні шчытападобнай залозы — гэта самая частая эндакрынная паталогія. Найбольш часта яна сустракаецца сярод дзяўчынак, дзяўчат і жанчын. Важна ведаць аб тым, што часцей за ўсё захворванні шчытападобнай залозы праяўляюцца менавіта ў дзіцячым узросце.

Даўно вядома, што шчытападобная залоза аказвае значны ўплыў на закладанне і развіццё галаўнога мозга плода, фарміраванне інтэлекту дзіцяці, рост і фарміраванне шкілета. Безумоўна, вялікую ролю адыгрывае шчытападобная залоза і пры фарміраванні палавой сістэмы, уздзейнічае на палавое развіццё, станаўленне менструальнай функцыі ў дзяўчынак, фертыльнасць. У перыяд палавога паспявання функцыя шчытападобнай залозы церпіць пэўныя змены, якія звязаны з адаптацыяй да хуткага росту і развіцця дзіцяці. У пачатку пубертатнага перыяду адбываецца некаторае павелічэнне ўзроўню тырэатропнага гармону (выпрацоўваецца гіпофізам) з наступным павышэннем узроўню гармону шчытападобнай залозы — свабоднага тыраксіну. Гэтыя змены з’яўляюцца фізіялагічнымі і накіраваны на падтрыманне высокага і правільнага ўзроўню абмену рэчываў. Дарэчы, рост аб’ёму шчытападобнай залозы ў падлеткаў звязаны не толькі са стымулюючым уплывам тырэатропнага гармону, але і з іншымі фактарамі. Напрыклад, недастатковае паступленне ёду ў арганізм павышае адчувальнасць клетак шчытападобнай залозы да стымулюючага ўплыву тырэатропнага гармону.

— На працягу доўгіх гадоў на тэрыторыі нашай краіны адзначаўся дэфіцыт ёду, што стала прычынай фарміравання валляковай эндэміі і ёдадэфіцытнай паталогіі. Наколькі актуальныя гэтыя праблемы сёння? Што было зроблена для таго, каб зменшыць іх праяўленні?

— Дэфіцыт ёду існаваў на тэрыторыі нашай краіны на працягу тысячагоддзяў, прычым назіраўся ён не толькі ў глебе, але і ў вадзе. І менавіта гэта стала прычынай фарміравання валляковай эндэміі і ёдадэфіцытнай паталогіі.

Трэба сказаць, што ёд адносіцца да жыццёва важных мікраэлементаў. Акрамя таго, што ён з’яўляецца структурным кампанентам гармонаў шчытападобнай залозы, ёд удзельнічае практычна ва ўсіх метабалічных працэсах, якія адбываюцца ў арганізме чалавека. Безумоўна, ёд аказвае ўплыў на стварэнне гармонаў наднырачнікаў, а таксама на стварэнне мужчынскіх і жаночых палавых гармонаў, уплывае на развіццё плода падчас цяжарнасці, рэгулюе тэмпературны баланс.

Асноўнымі прыроднымі крыніцамі ёду для чалавека з’яўляюцца прадукты расліннага і жывёльнага паходжання, пітная вада і паветра. Канцэнтрацыя ёду ў пітной вадзе адлюстроўвае яго ўтрыманне ў глебе. Зразумела, што большая частка ёду паступае ў арганізм з ежай. Найбольшая колькасць гэтага мікраэлемента (каля 800—1000 мкг/кг) змяшчаецца ў морапрадуктах. Асабліва багатыя на ёд марскія водарасці. Значная колькасць мікраэлемента ёсць у рыбіным тлушчы.

Што тычыцца агародніны, садавіны, а таксама злакавых культур, яны не валодаюць здольнасцю канцэнтраваць, назапашваць ёд. Гэта значыць колькасць ёду, які ў іх знаходзіцца, залежыць выключна ад мікраэлементнага складу глебы.

Згодна з інфармацыяй, якая была агучана напярэдадні Дня эндакрынолага,за апошнія 20 гадоў у Беларусі ў 4 разы радзей пачалі выяўляць такое захворванне шчытападобнай залозы, як просты нетаксічны валляк. Дасягнуць такіх паказчыкаў удалося дзякуючы ёднай прафілактыцы.

Тым не менш, згодна са статыстыкай, колькасць астатніх захворванняў шчытападобнай залозы расце. Самая вялікая колькасць хворых на рахунку ў такой шчытападобнай паталогіі, як гіпатэрыёз — зніжэнне функцыі работы шчытападобнай залозы, зніжэнне ўзроўню яе гармонаў. За апошнія 20 гадоў у дарослых адпаведную паталогію сталі выяўляць у 8 разоў часцей, у дзяцей — у 16 разоў.

Акрамя гэтага, расце колькасць аўтаімунных захворванняў шчытападобнай залозы, сярод якіх дыфузны таксічны валляк, гіпертэрыёз і тырэаідзіты.

Што тычыцца злаякасных захворванняў, урачы штогод выяўляюць 1100 выпадкаў раку шчытападобнай залозы. На сённяшні дзень на ўліку пасля аперацый, звязаных з пухлінамі шчытападобнай залозы, знаходзяцца 22 тысячы пацыентаў, дзяцей сярод іх менш за 35 чалавек.

Дысбаланс мікраэлементаў можа ўзмацняць клінічныя праяўленні дэфіцыту ёду. Недахоп цынку, марганцу, селену, малібдэну, кобальту, медзі, а таксама лішні кальцый адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні ёдадэфіцытнага валляка. Дысбаланс, як правіла, выяўляецца праз парушэнне стварэння і актыўнасці каферментаў, ферментаў, вітамінаў і іншых біялагічна актыўных злучэнняў.

Сёння стаўленне да праблемы ёднага дэфіцыту даволі сур’ёзнае. Звязана гэта не толькі з яго даказаным уплывам на шчытападобную залозу. З-за недастатковага забеспячэння арганізма ёдам зніжаецца інтэлектуальны патэнцыял нацыі.

Дэфіцыт ёду і выкліканы гэтым недахоп гармонаў на этапе ўнутрывантробнага развіцця, а таксама ў раннім дзіцячым узросце прыводзіць да сур’ёзных парушэнняў у фарміраванні нервовай сістэмы дзіцяці. Гэтыя працэсы з’яўляюцца незваротнымі і практычна не паддаюцца лячэнню і рэабілітацыі. Менавіта па гэтай прычыне цяжарных жанчын, а таксама маладых мам, якія самастойна кормяць дзіця, без выкарыстання сумесей, адносяць да той групы насельніцтва, у якой існуе вялікая рызыка развіцця ёднага дэфіцыту.

— Ці часта ў жанчын, якія чакаюць дзіця, дыягнастуецца паталогія шчытападобнай залозы? Як недахоп гармонаў можа паўплываць на ўнутрывантробнае фарміраванне дзіцяці ў выпадку, калі будучай маці своечасова не была назначана замяшчальная гарманальная тэрапія?

— Змяненні ў функцыянаванні шчытападобнай залозы ў жанчын адбываюцца ўжо з першых тыдняў цяжарнасці, гэта значыць у той перыяд, калі ў плода яшчэ не працуе яго залоза і развіццё будучага дзіцяці залежыць ад тыроідных гармонаў маці. У цэлым выпрацоўка гармонаў шчытападобнай залозы падчас цяжарнасці павялічваецца на 30—50%. Што тычыцца дзіцяці, выпрацоўка ўласных гармонаў яго шчытападобнай залозай пачынаецца ў другой палове цяжарнасці. Але нават пасля гэтага гармоны маці не губляюць сваёй ролі.

Такім чынам, любое зніжэнне ўзроўню гармонаў шчытападобнай залозы ў цяжарнай жанчыны будзе мець неспрыяльныя наступствы менавіта на ранніх тэрмінах цяжарнасці. Калі ўзровень гармонаў недастатковы, разумовае развіццё дзіцяці будзе значна зніжана ў параўнанні з узроўнем, прызначаным яму прыродай, і, на жаль, у далейшым ні навучанне, ні збалансаванае харчаванне ўжо не змогуць дапамагчы маленькаму чалавечку. Калі ж жанчыне своечасова была назначана замяшчальная гарманальная тэрапія, з нованароджаным усё павінна быць добра.

— Міжнародны камітэт па кантролі за ёдадэфіцытнымі захворваннямі пасля шматлікіх даследаванняў зрабіў выснову, што наша краіна, у прыватнасці, дзеці, забяспечваюцца ёдам на неабходным узроўні. Ці сведчыць гэта аб тым, што колькасць захворванняў шчытападобнай залозы будзе змяншацца?

— Адразу патлумачу, што ў нашай краіне паспяхова рэалізавана нацыянальная праграма па ліквідацыі ёдадэфіцытнага стану. Найбольш зручным метадам кампенсацыі ёднай недастатковасці з’яўляецца ўжыванне ў ежу ёдаванай солі. Чаму солі? Таму што людзі спажываюць яе практычна ў аднолькавай колькасці на працягу ўсяго жыцця. Соль — танны прадукт, а канцэнтрацыю ёду ў ёй лёгка трымаць пад кантролем. Такім чынам, кантроль адбываецца ў залежнасці ад ступені напружанасці ёдадэфіцыту. У нас у краіне былі зменены заканадаўчая і нарматыўная базы (выкарыстанне ёдаванай солі ў выглядзе ёдату калію), ёсць буйныя нацыянальныя вытворцы ёдаванай солі (“Mазырсоль” і “Беларуськалій”), і менавіта гэта стала асновай ліквідацыі ёднага дэфіцыту ў харчаванні насельніцтва. Сёння харчовыя прадукты вырабляюцца з абавязковым дабаўленнем ёдаванай солі. Яна, між іншым, ёсць у кожным магазіне, а гэта значыць, што праблем з яе набыццём няма, клапаціцца пра сваё здароўе даступна кожнаму.

Міжнародны камітэт па кантролі за ёдадэфіцытнымі захворваннямі ўключыў нашу краіну ў спіс тых дзяржаў, якія дасягнулі мэтавых узроўняў забеспячэння харчавання ёдам. Так, у 2015 годзе было праведзена выбарачнае вывучэнне ёднай забяспечанасці ў дзяцей. Вынікі даследавання прадэманстравалі добрую забяспечанасць згаданым мікраэлементам сярод дзяцей, якія пражываюць у вялікіх індустрыяльных гарадах, а таксама ў сельскай мясцовасці.

У структуры захворванняў шчытападобнай залозы ў дзяцей пераважае эндэмічны дыфузны валляк, дакладней, просты нетаксічны валляк. Важным вынікам правядзення дзяржаўнай праграмы масавай ёднай прафілактыкі за апошнія гады з’явілася памяншэнне паказчыка першасных захворванняў (з 195,33 на 100 тысяч чалавек сярод дзіцячага насельніцтва ў 2015 годзе да 136,31 на 100 тысяч дзяцей у 2017 годзе) і колькасці дзяцей з дысфункцыяй шчытападобнай залозы.

Важны крытэрый, які сведчыць аб тым, наколькі паўнавартасна беларусы забяспечваюцца ёдам, гэта частата колькасці выпадкаў прыроджанага гіпатэрыёзу. У нашай краіне яго выяўляюць у ходзе першаснага скрынінгу падчас цяжарнасці. У кожнай медыцынскай установе, на базе якой знаходзіцца радзільны дом, ва ўсіх даношаных нованароджаных пасля 24 гадзін жыцця бяруць кроў, якую змяшчаюць на фільтравальную паперу. З гэтых узораў у медыка-генетычнай лабараторыі РНПЦ “Маці і дзіця” вызначаецца ўзровень тырэатропнага гармону. Згодна з кансенсусам Еўрапейскага таварыства дзіцячых эндакрынолагаў, для ўдакладнення дыягназу праводзіцца другасны скрынінг для асаблівых катэгорый нованароджаных. Сюды адносяцца неданошаныя дзеці, а таксама тыя немаўляты, якія з’явіліся на свет з нізкай ці экстрэмальна нізкай масай цела. Акрамя гэтага, паўторны скрынінг праводзіцца і ў адносінах да дзяцей, якія нарадзіліся ад мнагаплоднай цяжарнасці. Такім чынам, ранняя пастаноўка дыягназу і назначэнне адэкватнай замяшчальнай гарманальнай тэрапіі дазваляюць прадухіліць інваліднасць дзіцяці.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.