Выбіраем шампунь для малышоў

Сёння рынак дзіцячай касметыкі прапануе велізарны выбар крэмаў, маслаў, шампуняў, пены і ласьёнаў. Дзеці асабліва адчувальныя да шкодных рэчываў, бактэрый і мікробаў, здольных выклікаць раздражненне і алергію на мяккай скуры. Менавіта таму якасныя дзіцячыя сродкі гігіены маюць у сваім складзе супрацьзапаленчыя кампаненты, а таксама элементы, якія ўвільгатняюць, насычаюць скуру і ўмацоўваюць валасяныя цыбуліны.

На што трэба звярнуць увагу пры выбары шампуню малышу?

Па-першае, шампунь павінен адпавядаць узросту дзіцяці — знайдзіце інфармацыю пра гэта на этыкетцы. Калі дзіця зусім маленькае, шукайце не проста дзіцячы шампунь, а сродак, які прызначаны для дзіцяці такога ўзросту. Універсальныя дзіцячыя шампуні для дзяцей старэйшых за тры гады не маюць спецыяльных памет на ўпакоўцы.

Па-другое, пазбягайце падазроных сродкаў невядомых вытворцаў. Выбірайце прадукцыю вядомых фірм і купляйце яе ў фірменных магазінах, аптэках ці ў фірменных аддзелах магазінаў.

Па-трэцяе, не палянуйцеся прачытаць склад шампуню для дзяцей на этыкетцы. Да магчымых небяспечных кампанентаў адносяцца канцэрагенныя фармальдэгід, 1,4-дыаксан, а таксама лаўрыл сульфат натрыю. Звяртайце ўвагу на кансерванты, якія ўваходзяць у склад дзіцячага шампуню. Для дзяцей дапушчальныя толькі такія дабаўкі, як бясшкодны прыродны кансервант феноксіэтанол, экстракт з насення цытрусавых, вітаміны А, С і Е. Наяўнасць дыэтаноламіну ці трыэтаноламіну ў шампунях для нованароджаных недапу­шчальна.

Па-чацвёртае, не варта спакушацца яркім колерам і вельмі выяўленым, няхай і прыемным, пахам. Дакладны склад фарбавальнікаў і араматызатараў на этыкетцы зазначаецца не заўсёды. Набываючы такі шампунь, вы рызыкуеце купіць сродак, які будзе выклікаць алергію і раздражненне. Акрамя таго, нюх малыша адрозніваецца ад успрымання пахаў дарослым, а таму пах яму можа здацца празмерна рэзкім. Выбірайце шампунь з пахам рамонку ці лаванды, якія дзейнічаюць на дзяцей заспакаяльна.

Пад канец наша парада: набывайце шампуні для самых маленькіх з паметай “не выклікае слёз”. Большасць якасных гігіенічных сродкаў выраблены з дабаўленнем мяккіх мыйных сродкаў, якія не шчыплюць вочы.

Для дзетак, якія падраслі, правілы выбару бяспечнага шампуню застаюцца практычна тымі ж. Але ў малышоў ад трох гадоў валасяное покрыва і ахоўныя ўласцівасці скуры ўжо сфарміраваны, таму араматызатары і фарбавальнікі не ўяўляюць вялікай пагрозы.

Святлана КЛІМУК,
урач-лабарант Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.