Пра сонца, вецер і снег

У яслях-садзе № 15 Смаргоні з’явілася свая метэастанцыя. Цяпер з’явы беларускага надвор’я дзеці змогуць вывучыць і нават вымераць самастойна.

Ярка свеціць сонца. Пайшоў дождж. Выпаў першы снег… Як цікава назіраць за зменамі надвор’я! А як цешацца гэтым зменам маленькія дзеці, таму што яны больш дапытлівыя, чым дарослыя, і заўсёды цягнуцца да новых ведаў.

Дзеці дашкольнага ўзросту — прыроджаныя даследчыкі. І пацвярджэнне гэтага — іх дапытлівасць, пастаяннае імкненне да эксперымента, жаданне самастойна знаходзіць рашэнне ў праблемнай сітуацыі. Задача педагога — не спыняць гэтую дзейнасць, а, наадварот, актыўна дапамагаць. Менавіта таму і ўзнікла ідэя стварэння сваёй метэастанцыі.


Метэастанцыя, зробленая сваімі рукамі, уносіць разнастайнасць у штодзённыя прагулкі дзяцей на свежым паветры і знаёміць іх з дакладнымі навукамі, са светам даследаванняў і адкрыццяў. Працэс назірання за з’явамі надвор’я стаў больш цікавым. Метэастанцыя дапамагае пазнаёміць іх з метэаралагічнымі прыборамі і спосабамі іх прымянення на практыцы: сонечны гадзіннік, тэрмометр, дажджамер, флюгер, барометр, ветрапаказальнік, компас.

У дзяцей падчас актыўнай дзейнасці развіваюцца даследчыя ўменні, фарміруюцца элементарныя ўяўленні аб надвор’і і яго значэнні ў жыцці чалавека.


Дзецям вельмі падабаецца метэастанцыя і магчымасць пераўвасобіцца ў метэаролага. А нашы педагогі могуць не толькі ў тэорыі расказаць пра змены надвор’я, але і дапамагчы замацаваць атрыманыя веды на практыцы.

Алена ТРАСКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 15 Смаргоні Гродзенскай вобласці.