Шышкі, шарыкі, хлапушкі

Напярэдадні Новага года кожны дзень ператвараецца ў цудоўны і незабыўны час. Дарослыя ненадоўга вяртаюцца ў дзяцінства, а дзеці атрымліваюць магчымасць пабываць у казцы. Галоўнай прыметай гэтага свята, вядома, з’яўляецца елка. Менавіта зялёная прыгажуня стане той гераіняй, якая падорыць адчуванне казкі і чараўніцтва.


Да Новага года засталося зусім няшмат часу, і, напэўна, ужо многія задумваюцца, як незвычайна, крэатыўна і з густам упрыгожыць елку. Гэта ня-простая задача. На вітрынах магазінаў красуецца мноства яркіх і рознакаляровых упрыгажэнняў, але куды цікавей аздобіць зялёную прыгажуню цацкамі, зробленымі сваімі рукамі.

У выхаванцаў ясляў-сада № 10 Навагрудка цяжкасцей з аздабленнем елкі не будзе. На занятках гуртка “Творчая майстэрня” мы заняліся вырабам упрыгажэнняў з салёнага цеста.

Салёнае цеста з’яўляецца папулярным і даступным матэрыялам для дзіцячай творчасці. Гэтак жа, як з пластыліну, з салёнага цеста можна ляпіць вырабы любога ўзроўню складанасці, таму ствараць іх могуць дзеці рознага ўзросту.


Падчас лепкі развіваюцца дробная маторыка пальцаў рук, уяўленне, фарміруюцца навыкі ручной працы, дзеці вучацца каардынаваць рухі рук, набываюць сенсорны вопыт — пачуццё пластыкі, формы, вагі. Заняткі лепкай адначасова з’яўляюцца і заняткамі па развіцці мовы, таму што падчас абыгрывання сюжэта і выканання практычных дзеянняў з салёным цестам вядзецца бесперапынны дыялог з дзецьмі.

Рэцэпт вырабу салёнага цеста просты. Спатрэбяцца 2 шклянкі мукі, 1 шклянка солі (экстра), 200—250 мл вады і сталовая лыжка алею. Неабходна злучыць муку і соль, дадаць ваду, алей і замясіць цеста.

Ступень яго гатоўнасці можна вызначыць толькі рукамі. Калі цеста крышыцца, дабаўце вады. Калі яно, наадварот, вельмі добра цягнецца і ліпне да рук, значыць вады шмат і неабходна падсыпаць крыху мукі.

Калі цеста гатова можна пераходзіць непасрэдна да лепкі. На гэтым этапе ўключаюцца ўяўленне і фантазія. Можна выразаць розныя фігуркі з пласту цеста пры дапамозе формачак для пячэння або вылепіць фігурку самастойна. Калі няма патрэбнай формачкі, то можна зрабіць трафарэт з кардону і па ім абрэзаць салёнае цеста для вырабу.

Просты і арыгінальны спосаб упрыгожыць выраб — зрабіць на ім адбіткі рознымі прадметамі з цікавай фактурай. Для ўпрыгожвання таксама падыдуць пацеркі, гузікі, бліскаўкі. Цацкі з салёнага цеста пасля высыхання можна размаляваць гуашшу. Надаць святочны выгляд упрыгажэнням дапамогуць рознакаляровыя стужачкі і ніткі.
Вырабы з салёнага цеста, з аднаго боку, простыя ў выкананні, а з другога — канчатковы вынік атрымліваецца вельмі эфектным. А самае важнае, што ў кожную цацку ўкладзены дзіцячыя старанні, любоў і душэўная цеплыня, таму што дзіцячая творчасць вельмі цудоўная.

Ёлка ў нашай дашкольнай установе ўпрыгожана цацкамі, вырабленымі выхаванцамі ясляў-сада. Дзяцей, іх бацькоў і гасцей радуюць рознакаляровыя сняжынкі і зорачкі, пернікавыя домікі, навагоднія алені, снегавікі, казачныя званочкі, лядзянцы і шмат іншых маляўнічых цацак. Святочная атмасфера напаўняе дзіцячы сад, і мы разам чакаем навагодняй казкі.


Вераніка БОГУШ,
педагог сацыяльны ясляў-сада № 10 Навагрудка,
кіраўнік гуртка “Творчая майстэрня”.