Тэатр моды Людмілы Лучыной

Гісторыя школьнага тэатра моды на Гомельшчыне непарыўна звязана з імем Людмілы Лучыной. Два дзясяткі гадоў назад яна арганізавала першы ў вобласці такі тэатр, і вось на працягу гэтага часу дзяўчынкі і хлопчыкі асвойваюць у ім мастацтва дэфіле, вырабу мадэльнага адзення, вучацца ствараць прыгожыя калекцыі.

Школьны тэатр моды бярэ свой пачатак са светлагорскай гімназіі, якая тады яшчэ была сярэдняй школай № 7. Ідэя стварэння падобнага аб’яднання не пакідала настаўніцу абслуговай працы Л.П.Лучыну з самага пачатку педагагічнай дзейнасці, але рэалізаваць яе атрымалася толькі ў 1998 годзе, калі ў Светлагорску стартаваў фестываль юных мадэльераў “Залаты прамень”. Задумкі свайго педагога падтрымаў дырэктар установы. Па сутнасці, ён дазволіў ажыццявіцца самай запаветнай мары Людмілы Пятроўны.

Дзе нарадзілася — там і згадзілася


Іншы раз па-добраму зайздрошчу тым, хто мае талент ствараць сваімі рукамі самыя розныя рэчы — ад нейкіх простых дэкаратыўных элементаў для ўпрыгожвання інтэр’ера да моднага адзення. У мяне не тое каб зусім не было такіх здольнасцей, але ж не хапае ўседлівасці, запалу.

Кожны чалавек народжаны для сваёй справы. І нават калі па розных прычынах трапляе ў іншую сферу дзейнасці, жыццё аднойчы расставіць усё на свае месцы.

На шляху ад калыскі да самавызначэння мы звычайна зменлівыя ў сваіх марах. Так было і ў Людмілы Лучыной, настаўніцы працоўнага навучання гімназіі Светлагорска, трэнера абласной каманды дзяўчат па абслуговай працы. У дзяцінстве яна марыла стаць то доктарам, то балярынай, то настаўніцай. Калі падрасла, з’явілася жаданне аддаць сябе такой навуцы, як біялогія. Праўда, да моманту выпускных экзаменаў перагарэла, у думкі закралася мара быць мадэльерам. Але паступаць у Маскоўскі тэхналагічны інстытут, як хацелася, дзяўчынцы не давялося, нягледзячы на тое, што яна ўжо была дапушчана да экзаменацыйных іспытаў. Бацькі бачылі лёс дачкі іншым і самі зрабілі за яе выбар: яна абавязкова павінна стаць закройшчыцай.

Спрачацца з бацькамі было не прынята, і наступныя тры гады пасля заканчэння школы Людміла правяла ў Гомельскім швейным вучылішчы, якое скончыла з адзнакай, атрымаўшы прафесію закройшчыка мужчынскага верхняга і дзіцячага адзення. Наступнай прыступкай стаў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, які, мабыць, і паклаў пачатак усім поспехам і дасягненням Людмілы Пятроўны. На педагагічную практыку майстрам вытворчага навучання таленавітая дзяўчына была накіравана ў Ленінград. Менавіта там ёй давялося ўскосна дакрануцца да сваёй юнацкай мары.

— Па рабоце мне пашчасціла дапамагаць у арганізацыі і правядзенні рэгіянальных паказаў калекцый, — расказвае настаўніца. — Я зразумела — гэта маё! А тут яшчэ і прапанова размеркавання ў Піцер!


Праўда, лёс чарговы раз падкінуў выпрабаванні. Бацькі разышліся, маці цяжка захварэла. Людміле прыйшлося вярнуцца ў Светлагорск, каб даглядаць матулю і клапаціцца пра малодшую сястрычку.

— Аднак вірус творчасці пранізваў увесь мой розум. І атрымалася тое, што ёсць, — творчасць без меж у прафесіі настаўніка працоўнага навучання, — з усмешкай кажа Людміла Пятроўна.

Настаўніцтва вельмі прыцягнула, прыйшло ўсведамленне, што хочацца рэалізоўваць сябе менавіта ў гэтым. І вышэйшую адукацыю Людміла Лучына ўжо атрымлівала ў Мазырскім педагагічным інстытуце імя Н.К.Крупскай. Прызнаецца, што філалагічныя веды зараз вельмі дапамагаюць у рабоце.

Людміла Пятроўна — чалавек жыццярадасны, адкрыты, шчыры. І хаця лёс падкідваў выпрабаванні, здавалася б, аддаляў ад мары, але сёння ёсць поўнае задавальненне і прафесіяй, і жыццём увогуле. Жанчына да ўсяго адносіцца пазітыўна. Гаворыць, што прыказка “Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся” паказальная ў адносінах да яе. Светлагорск для гераіні гэтага аповеду не проста малая радзіма, а цэлая гісторыя ў біяграфіі. У канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя яе бацькі, як і многія іншыя жыхары вялікай дзяржавы, па закліку камсамола прыехалі будаваць Васілевіцкую ДРЭС. У вёсцы Шацілкі, з якой і вырас малады беларускі горад, ствараліся маладыя сем’і, нараджалася новае пакаленне юных жыхароў — пакаленне, да якога належыць Людміла Лучына. То быў дзіўны час, у які прыходзіла разуменне простых і важных ісцін, закладваліся каштоўнасці.

— Маці навучыла шыць і вышываць, прывіла любоў і да мастацтва, і да працы на зямлі, — успамінае настаўніца светлагорскай гімназіі. — Бацька, электрык па прафесіі, працаваў пазаштатным журналістам у першай у Светлагорску газеце, пісаў вершы, апавяданні, рабіў фота самых цікавых момантаў жыцця маладога горада і майго дзяцінства, браў мяне з сабой на рыбалку і нават паляванне.

Слухаеш гэтыя ўспаміны — і пачынаеш разумець, адкуль у Людмілы Пятроўны гэты незвычайны паток энергіі, актыўнасці і прагі бясконца нешта рабіць. Жанчына лічыць сябе працаголікам, насуперак усяму сцвярджае, што працуе не для таго, каб жыць, а жыве для таго, каб працаваць. Калегі і сябры робяць заўвагі, маўляў, так нельга, а ў яе проста інакш не атрымліваецца. Неаднойчы прыходзілася ёй чуць у свой адрас рэплікі накшталт “Сама не жыве і іншым не дае!”. І ўсё ж многія людзі пасля зносін і сумеснай дзейнасці з гэтай няўрымслівай працаўніцай падсілкоўваюцца энергіяй, зараджаюцца творчасцю.


Праца і эстэтыка


20 гадоў жыццё Людмілы Лучыной запаўняе школьны тэатр моды “Лінія”, які яна ўмела звязала з урокамі працоўнага навучання. Настаўніца аддае сябе творчасці, перадае майстэрства дзецям, зараджае іх сваім пазітывам і любоўю да стварэння прыгожага. У тэатра моды багатая гісторыя. За ўвесь час яго існавання выраблена, захавана і актыўна выкарыстоўваецца каля 90 мадэльных танцавальных калекцый. Цяпер у ім займаюцца ўжо дзеці першых выпускнікоў тэатра.

Асабістыя ўзнагароды Л.П.Лучыной:

— граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2004, 2008 гг.);

— падзяка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за развіццё алімпіяднага руху навучэнцаў па працоўным навучанні (2009 г.);

— ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2012 г.);

— нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” (2015 г.).

У сувязі са зменамі ў праграме прадмета “Абслуговая праца” і скарачэннем часу на яго вывучэнне змястоўная частка навучання ў тэатры за апошнія гады таксама падвяргалася зменам. На думку Людмілы Пятроўны, росквіт школьных тэатраў моды прыйшоўся на першае дзесяцігоддзе гэтага стагоддзя, а зараз тэатры практычна саступілі месца мадэльным агенцтвам і школам моды. Толькі наша Людміла Пятроўна здавацца не збіраецца. Тэатр моды, несумненна, спрыяе эстэтычнаму выхаванню ўдзельнікаў, прафесійнаму самавызначэнню, дапамагае дзецям рэалізаваць свае творчыя здольнасці, а часам — пераадолець нейкія псіхалагічныя бар’еры. І каб усё гэта пайшло ў небыццё? Такому здарыцца яна проста не дазволіць. Тым больш што яе тэатр моды не проста жыве асобна. “Лінію” чуваць на самых розных фестывалях, конкурсах і мерапрыемствах рознага ўзроўню. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў юных мадэльераў. Сярод значных перамог — калекцыя “Адзежка з акенца”, якая стала дыпламантам “Млына моды”. Калекцыя “У Трызялёным царстве” атрымала дыплом III ступені ў Рэспубліканскім конкурсе “Бяспечны пераход”. Дыпломамі I ступені адзначаны калекцыі “Пекінскія вакацыі” і “Подых вясны”. Усе ўзнагароды і пералічыць цяжка.


У пошуках творчай сцежкі


Часцей за ўсё калекцыі распрацоўваюцца як сацыяльна значны заказ для пэўнага конкурсу. Што натхняе на стварэнне мадэлей адзення Людмілу Пятроўну і яе падапечных? Часам усплёск творчай фантазіі выклікае проста колеравая гама тканін, якія раскладзены перад вачыма. Ідэя танцавальных калекцый нярэдка ўзнікае падчас прагляду невялікага фрагмента танца.

Частка калекцый, якія сёння знаходзяцца ў скарбонцы школьнага тэатра моды, распрацавана сумесна з навучэнцамі. Адшывае калекцыі настаўніца таксама разам з дзяўчынкамі, а хлопцы дапамагаюць вырабляць дапаўненні і аксесуары да мадэлей.

— Канечне, дзяўчынкам складана самім ствараць калекцыі, але яны актыўна прымаюць удзел у іх распрацоўцы, прапануюць ідэі, якія мы разам развіваем, і ў далейшым увасабляем у жыццё, — расказвае Людміла Лучына. — Напрыклад, калекцыю “Калі сакура цвіце” амаль поўнасцю распрацавала навучэнка 11 класа светлагорскай гімназіі Настасся Малашкіна. У калекцыі “Подых вясны” ўвасоблена ідэя, выкананая ў тэхніцы гільяшыравання навучэнкай 10 класа Настассяй Даніленка.

У тэатры моды “Лінія” дзяўчынкі займаюцца з 2 па 11 клас. Ніякага кастынгавага адбору кіраўнік не практыкуе, бярэ ўсіх жадаючых. Кажа, што здольнасці выяўляюцца непасрэдна на ўроках працоўнага навучання і на занятках гуртка. Дзецям уласціва шукаць сваю творчую сцежку, і большасць застаецца ў тэатры: частка з іх — дзеля дэфіле, іншыя асвойваюць навыкі канструявання і мадэлявання, вывучаюць тэхналогію пашыву.

Пытаюся ў сваёй суразмоўніцы, ці многія дзяўчынкі хочуць сёння засвойваць майстэрства кройкі і шыцця? На што Людміла Лучына адказвае адназначна: праграма па працоўным навучанні носіць хутчэй вучэбна-азнаямленчы характар.

— Атрымліваецца як у Пушкіна: “…мы все учились по-немногу — чему-нибудь и как-нибудь…”, — жартуе педагог. — Увогуле, мы знаёмім навучэнцаў з рознымі тэхналогіямі, а навучыцца кроіць і шыць можна толькі пры сур’ёзнай падрыхтоўцы да алімпіяды па абслуговай працы альбо на факультатыве.

З тэатраў моды аб’яднанні па інтарэсах трансфармуюцца ў мадэльныя студыі, школы моды, дзе ўдзельнікі аддаюць перавагу таму, каб дэманстраваць сябе і вопратку. Людміла Лучына лічыць, што цікавасць да мастацтва канструявання і мадэлявання згасае, людзі імкнуцца купляць гатовыя рэчы, таму педагог толькі асабістым прыкладам можа падтрымліваць цікавасць да такой творчасці.


Як вырашыў лёс


Сваім талентам і актыўнасцю таленавіты настаўнік дабіваецца шмат, пра што можна меркаваць і па яе асабістых дасягненнях, і па дасягненнях яе вучняў. Цікаўлюся, ці не ўзнікала жаданне кінуць усё гэта і падацца, напрыклад, у мадэльеры? Гэта ж прыносіла б куды большы даход.

— Зараз колькасць мадэльераў і дызайнераў на душу насельніцтва зашкальвае, а якас ць даступнага адзення, у тым ліку і па цэнавай палітыцы, відавочна, пакідае жадаць лепшага, — разважае Людміла Пятроўна. — Дзіцячы асартымент велізарны, моладзь таксама не абдзеленая выбарам. Апранаць дарослых у добрае, якаснае адзенне — сапраўды добрая справа. І тут можна было б знайсці сваю нішу. Аднак, каб ствараць, скажам, адзенне дзелавога стылю для жанчыны сярэдняга або старэйшага ўзросту, недастаткова працавітасці і жадання. Патрэбны спецыяльныя веды і ўменні, каманда творча працуючых мадэльераў, канструктараў, тэхнолагаў. Мой час упушчаны ў юнацтве, калі бацькі не аднесліся да маіх здольнасцей з разуменнем.

Аднак ніякага шкадавання зараз у таленавітай настаўніцы няма. Яна кажа, што хаця і не рэалізавала сябе як мадэльер, затое адбылася ў іншым, як ёй здаецца, не менш важным — некалькім пакаленням сваіх вучняў яна дала пуцёўку ў актыўнае і творчае жыццё, у прафесію. Сярод іх — і дызайнеры, і ўрачы, якія ўмеюць віртуозна зашываць нервы, і стаматолагі, і ваенныя, і эканамісты, і настаўнікі, і праграмісты. Але самае важнае, што ў школе яны навучыліся самаабслугоўванню, арганізацыі свайго часу, гатоўнасці працаваць як індывідуальна, так і ў калектыве. Яны камунікабельныя, здольныя да лідарства, яны ўмеюць шанаваць як сваю, так і чужую працу. Гэта вартыя каштоўнасці.

— Думаю, гэта не я прысвяціла сябе рабоце ў школе, гэта лёс вырашыў за мяне, — вось так лічыць Людміла Лучына і працягвае будаваць планы на дзень заўтрашні і на перспектыву.

Наталля ЛУТЧАНКА.