Знайсці свайго ўрача

Дзеці садаўскага і школьнага ўзросту часта хварэюць на вірусныя інфекцыі і не застрахаваны ад такіх ускладненняў, як атыт ці сінусіт. Тым не менш часта нават банальныя соплі выклікаюць у клапатлівых мам істэрыку. Для таго каб вылечыць дзіця, яны пачынаюць штурмаваць інтэрнэт у пошуках цудадзейнага сродку, які на доўгі час здольны абараніць дзетак ад вірусаў. Але гэта немагчыма. А вось правільна вылечыць і падняць імунітэт можа дапамагчы дасведчаны отарыналарынголаг. Менавіта такім урачом з’яўляецца загадчык гнойна-отарыналарынгалагічнага аддзялення Барысаўскай ЦРБ урач вышэйшай катэгорыі Алег Анатольевіч ЛЫСКАВЕЦ.

На прыём да лора прыязджаюць нават з іншых гарадоў, і гэта не дзіўна. Алег Анатольевіч не толькі разважлівы і таленавіты ўрач, але і добразычлівы чалавек, які да кожнага маленькага пацыента ставіцца, як да свайго дзіцяці.

— Алег Анатольевіч, з якімі інфекцыямі часцей за ўсё прыводзяць маленькіх пацыентаў? Ці ёсць пэўная сувязь хваробы з надвор’ем, сезонам?

— Урачам отарыналарынголагам складана суадносіць сваю работу з сезонам. На працягу года нас атакуюць тыя ці іншыя хваробы. У нейкі перыяд часцей узнікаюць атыты, у іншы час — сінусіты. Калі дзеці пасля летніх канікул ідуць у дзіцячы сад ці школу, трапляюць у калектыў, пачынаецца ўсплёск вірусных інфекцый. Такія інфекцыі, безумоўна, суправаджаюцца насмаркам і яго ўскладненнямі. Летам фіксуецца шмат танзілітаў, знешніх атытаў. Тым не менш у кожнага сезона свае перавагі, а сярод захворванняў ёсць і свае лідары. Адным з такіх захворванняў у дзяцей з’яўляецца атыт. Моцны боль у вушах, які з’яўляецца часцей за ўсё раптоўна, ды яшчэ вечарам ці ноччу, калі медыцынскія ўстановы не працуюць, заўсёды палохае бацькоў і выклікае паніку ў сям’і. Не менш чым атыт турбуе бацькоў і банальны насмарк. Бясконцыя соплі, якія практычна не заканчваюцца ці ўвесь час паўтараюцца, асабліва калі дзіця толькі пайшло ў сад, палохаюць усіх членаў сям’і. Бацькі ўспамінаюць, што з-за насмарку можа быць атыт, сінусіт, і тады з лозунгам “трэба з гэтым нешта рабіць” малога прыводзяць да нас.

— Наколькі разумна паступаюць бацькі, якія пры першых сімптомах прастуды, павышэнні тэмпературы цела даюць дзецям антыбіётык?

— Напэўна, адказ на гэтае пытанне відавочны для ўсіх. У большасці выпадкаў прастуда з’яўляецца праяўленнем віруснай інфекцыі, натуральна, антыбіётык яе не лечыць. Праблема заключаецца ў іншым. Калі мама бачыць, што дзіця захварэла, яе мацярынскі інстынкт, вядома ж, прымушае ратаваць сваё дзіця. Але што рабіць? Намазваць малыша алеем, ставіць гарчычнікі, банькі, паіць травамі? Гэта ўжо не сучасна. Аптэкі мільгацяць назвамі лекаў. У сродках масавай інфармацыі мы бачым рэкламы прэпаратаў, пастаянна чуем пра жахі, якія могуць быць, калі своечасова не лячыцца, а яшчэ і сяброўкі расказваюць аб якіх-небудзь цудадзейных сродках. Відавочна, што маму паглынае страх, менавіта боязь прымушае даць дзіцяці лякарства. А які гэта будзе прэпарат? Відавочна, што самы надзейны — антыбіётык. Мамы аргументуюць такі ўчынак тым, што антыбіётыкам лячылі і ратавалі ў дзяцінстве і нас саміх, а значыць, горш не будзе. На ўсялякі выпадак трэба даць, “таму што тэмпература”, “для прафілактыкі, каб нічога не здарылася”, а потым урач падкарэкціруе лячэнне. Але гэта фатальная памылка! Антыбіётык не можа давацца ад тэмпературы, для гэтага ёсць іншыя прэпараты, антыбіётык не валодае прафілактычным дзеяннем. Даваць яго проста для таго, “каб нічога не было”, бескарысна. Мы павінны разумець: антыбіётык лечыць бактэрыяльную інфекцыю, якая ўжо ёсць у арганізме і мае свае праяўленні.

— Ці заўсёды зялёныя выдзяленні з носа сведчаць пра тое, што ў дзіцяці развіваецца бактэрыяльная інфекцыя і трэба прымаць агульны антыбіётык, каб не дапусціць развіцця ўскладненняў, напрыклад, сінусіту або атыту?

— Адназначна скажу — не. Зялёныя выдзяленні могуць сустракацца і проста таму, што доўга не высмарквалі нос, напрыклад, раніцай, калі дзіця прачынаецца. Выдзяленні з носа могуць быць мутнымі і ў тым выпадку, калі дзіця само не ўмее высмарквацца. У бактэрыяльнай інфекцыі ёсць многа праяўленняў, па адным сімптоме меркаваць не трэба. Акрамя гэтага, калі мы вяртаемся да антыбіётыкаў, то яны не могуць давацца, каб не было атыту або сінусіту. У іх няма прафілактычнага дзеяння. Яны мо-гуць лячыць хваробу, якая ўжо ёсць. Вось будзе атыт ці сінусіт — будуць і антыбіётыкі. Але нават і пры гэтых захворваннях не заўсёды паказаны антыбіётыкі.

— Такім чынам, па якіх прычынах развіваюцца атыт і сінусіт?

— Адразу хачу заўважыць, што сінусіт людзі часта называюць гаймарытам, а гэта няправільна. Гэта выключна бытавая назва. Такім чынам, сінусіт — гэта своеасаблівая трансфармацыя віруснай інфекцыі ў бактэрыяльную. Вірус разбурае і забівае клеткі, а затым сыходзіць. На яго месца прыходзіць бактэрыяльная інфекцыя. А вось менавіта якая інфекцыя, залежыць ад шматлікіх фактараў: ад стану імуннай сістэмы дзіцяці, ад мікрафлоры, якая жыве ў дыхальных шляхах, ад анатамічных і ўзроставых асаблівасцей дзіцяці. Акрамя гэтага, многае залежыць ад спадчыннасці. Часта бачым, што бацькі дзяцей, якія часта хварэюць на атыт, самі ў дзяцінстве пакутавалі ад яго.

Акрамя гэтага, прыводзіць да згаданых захворванняў можа няправільнае выкананне некаторых працэдур. Напрыклад, моцнае і частае высмаркванне можа прывесці да ўзнікнення сінусіту ці атыту, а няправільнае прамыванне носа можа выклікаць атыт.

— Як часта ў дзяцей дыягнастуюцца хранічныя захворванні і на аснове якіх фактараў ставіцца хранічны дыягназ?

— На шчасце, дзіцячы арганізм мае выдатныя аднаўленчыя здольнасці і для яго фарміраванне хранічных захворванняў не зусім характэрна. Дзеці хварэюць часта, але і аднаўляюцца добра. Хутчэй мы маем справу з няправільным бацькоўскім успрыманнем таго, што адбываецца ў арганізме дзіцяці. Часта можна чуць: “у майго дзіцяці хранічны атыт, таму што хвароба паўтаралася 5 разоў”. Гэта няправільна. На атыт можна хварэць і часцей, важна, каб вуха пасля яго анатамічна і функцыянальна аднаўлялася да нормы. Тое ж тычыцца і перанесенага 2—3 разы сінусіту — гэта яшчэ не хранічнае захворванне. З часам дзіця перарастае, гэтыя захворванні застаюцца ў мінулым, у той час як хранічныя захворванні застаюцца з намі на працягу жыцця.

— Сёння ўсё больш дзяцей пакутуюць ад адэноідаў. Раскажыце, калі ласка, чаму ўзнікае гэтая праблема і як яе вырашаць. Што рабіць, калі адэноіды перараслі адэкватную ступень?

— Адэноіды (глотачная міндаліна) ёсць у кожнага дзіцяці. Гэта лімфоідная тканіна, орган імунітэту, які размешчаны ў насаглотцы і абараняе дзіця ад разнастайных інфекцый, якія спрабуюць пранікнуць у яго арганізм з паветрам, якое ўдыхаецца. У дзяцей да 4—5 гадоў сістэма мясцовай абароны, да якіх і адносяцца адэноіды, з’яўляецца вельмі важным і ледзь не адзіным фактарам абароны ад інфекцый. Здавалася б, адзін з найбольш важных органаў мясцовага імунітэту ў галіне насаглоткі ў нейкі момант можа ператварыцца ў крыніцу вялікіх праблем для здароўя дзіцяці і яго бацькоў.

Праблема ўзнікае тады, калі вырастае інфекцыйная нагрузка ў адносінах да дзіцяці (напрыклад, яно пайшло ў дзіцячы сад). Дзіця пачынае часцей хварэць і ў адказ на гэта арганізм, спрабуючы абараніцца ад інфекцый, пачынае нарошчваць органы імунітэту. Развіваецца гіпертрафія лімфоіднай тканіны і разрастаюцца адэноіды. Павялічаныя адэноіды робяць больш цяжкім насавое дыханне, спрыяюць фарміраванню атытаў і зніжаюць слых. Дзіця пачынае сапці, храпці падчас сну, з’яўляецца гнусавасць голасу, больш частымі становяцца насмарк і атыты. Гэта, вядома ж, не можа заставацца незаўважаным.

Бываюць яшчэ і алергічныя адэнаідзіты ў дзяцей з алергічнымі рынітамі, а таксама канстытуцыянальна абумоўленая гіперплазія глотачнай міндаліны — праяўленні імунных дыятэзаў (лімфатычны, гіпаімунны, аўтаімунны).

Выбар метаду лячэння адэноідаў залежыць ад шматлікіх фактараў. Урач павінен вызначыць ступень гіпертрафіі і тое, з’яўляецца яна праўдзівай ці лжывай, а таксама вызначыць, з-за чаго ўзнікла гіпертрафія — ад запаленчага ацёку пры інфекцыях ці па прычыне алергічных захворванняў. Сучасны падыход у лячэнні адэноідаў заключаецца ў правядзенні хірургічнага ўмяшання па строгіх паказаннях (праўдзівая гіперплазія II—III ступені), а таксама ў кансерватыўным лячэнні адэнаідзіту.

Падчас кансерватыўнага лячэння асноўным метадам з’яўляецца мясцовае ўздзеянне на слізістую носа, насаглоткі і міндаліны. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца супрацьзапаленчыя, імунамадулюючыя прэпараты, фізіятэрапеўтычнае лячэнне, клімататэрапія. У апошнія гады шырокае прымяненне ў лячэнні лжывай гіпертрафіі адэноідаў атрымалі гарманальныя прэпараты мясцовага дзеяння ў выглядзе спрэяў. Гэтыя прэпараты аказваюць яўны супрацьзапаленчы і супрацьацёкавы эфект.

— Як вы ставіцеся да народных метадаў лячэння, напрыклад, да выкарыстання каланхоэ ці алоэ ў лячэнні насмарку?

— Нельга даць адназначны адказ наконт адносін да сродкаў народнай медыцыны. Кожны з іх трэба разглядаць асобна. Ёсць метады, якія ў спалучэнні з сучаснымі сродкамі спрыяюць больш хуткаму вылечванню дзіцяці, а ёсць тыя, якія ўжо састарэлі. Напрыклад, выкарыстанне заячага і барсучынага тлушчу ў лячэнні атытаў у часы, калі не было вушных кропель і антыбіётыкаў, маглі выратаваць чалавека. Але сёння ёсць больш эфектыўныя сродкі лячэння. Тым не менш перш чым выбраць тое ці іншае лякарства, неабходна параіцца з урачом. Доктар, як і вы, зацікаўлены ў больш хуткім вылечванні дзіцяці і заўсёды падкажа правільнае рашэнне.

— Наколькі эфектыўнай пры лячэнні лор-захворванняў з’яўляецца інгаляцыйная тэрапія? Ці можа інгаляцыя ў поўнай меры замяніць лекавую тэрапію альбо гэта толькі дапаможны метад лячэння?

— Інгаляцыйная тэрапія з’яўляецца адным з метадаў фізіятэрапеўтычнага лячэння і з’яўляецца добрым дапаможным сродкам у лячэнні шматлікіх інфекцый верхніх дыхальных шляхоў. Відавочна, як і ўсе метады, яна мае свае паказанні і супрацьпаказанні. Правільна падабраная тэрапія з выкарыстаннем небулайзераў дазваляе даволі эфектыўна лячыць шматлікія лор-захворванні. Прынцып інгаляцыі ў тым, што яна дае магчымасць мясцова ўздзейнічаць на слізістыя дыхальных шляхоў, пры няўскладненай інфекцыі гэта дазваляе адмовіцца ад выкарыстання сістэмных антыбіётыкаў. Не трэба перабольшваць вартасці гэтага метаду, але і не трэба прыніжаць яго значэнне з-за няведання прэпаратаў, якія могуць выкарыстоўвацца для лячэння лор-паталогіі. У залежнасці ад захворвання, у лячэнні якога выкарыстоўваецца гэты метад, і ад выбранага прэпарату інгаляцыі могуць выконвацца ад 1 да 5—6 разоў у дзень, прэпараты могуць камбінавацца. Безумоўна, немагчыма выключыць і алергічныя рэакцыі з боку арганізма дзіцяці. Увогуле, з дзецьмі-алергікамі неабходна быць найбольш асцярожнымі. Трэба адразу выключаць прэпараты, якія адназначна могуць выклікаць алергічныя рэакцыі, маю на ўвазе травы.

— У інтэрнэце шмат водгукаў аб бактэрыцыдных лямпах, кварцавых ультрафіялетавых апрамяняльніках. Ці могуць яны аблегчыць жыццё мамам, у якіх часта хварэюць дзеткі? Ці дапамагаюць такія апараты папярэдзіць развіццё, напрыклад, зацяжных бактэрыяльных сінусітаў?

— Часта перад сабой бачу бацькоў, якія гатовы набыць усё што заўгодна, абы іх дзіця перастала часта хварэць. У такіх сітуацыях заўсёды кажу, што цудаў не бывае.

Любы апарат — гэта ўсяго толькі адзін з метадаў фізіятэрапеўтычнага лячэння — са сваімі паказаннямі і супрацьпаказаннямі, які можа выкарыстоўвацца толькі ў камбінацыі з іншымі метадамі. Пакуль дзіця не адаптуецца да калектыву, пакуль не сфарміруецца і не пачне эфектыўна працаваць яго імунная сістэма, яно ўсё роўна будзе хварэць незалежна ад таго, чым дарослыя будуць на яго “свяціць”. Акрамя гэтага, неабходна ўлічваць, што многія з названых метадаў маюць даволі абмежаваную колькасць разоў выкарыстання на працягу года. І можа так атрымацца, што дзіця будзе хварэць часцей, чым вы зможаце карыстацца купленым апаратам.

— Вы не толькі ўрач, але і тата. Якім метадам прафілактыкі аддае перавагу ваша сям’я?

— Гэтае пытанне мне задаюць вельмі часта. Я чую яго і на рабоце, чуў яго і ў дзіцячым садзе, калі забіраў дзяцей, і ад бацькоў у школе. Адказ просты і складаны адначасова. Вядома, мае дзеці хварэюць таксама. Толькі яны хварэюць дома самі, пакуль мама (яна педыятр) і тата лечаць чужых дзяцей. Немагчыма лекамі зрабіць дзіця здаровым. Можна вылечыць чарговую прастуду, а здароўе — гэта тая атмасфера, у якой растуць вашы дзеці.

З самага нараджэння мы забяспечылі дзецям умовы існавання, максімальна набліжаныя да натуральных. Дзіця павінна адчуваць сябе ў сям’і абароненым і падчас хваробы павінна адчуваць вашу ўпэўненасць, а не бачыць паніку. Але нельга дазваляць малышам расслабляцца. Хвароба — гэта, безумоўна, дрэнна, але гэта не падстава занадта доўга лашчыцца і атрымліваць дадатковую ўвагу ад бацькоў.

Для дзяцей важным было і ёсць свежае паветра. Мы заўсёды гулялі з імі на вуліцы. Свежае паветра неабходна для правільнай работы ўсіх сістэм арганізма, асабліва мозга. Паветра ачышчае лёгкія ад пылу і алергенаў, дзякуючы чаму паляпшаецца функцыянаванне слізістай носа і верхніх дыхальных шляхоў. Кантакт дзіцяці з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя (дождж, вецер, мароз, спякота) не даюць загаснуць адаптацыйным механізмам арганізма і гартуюць яго.

Мы заўсёды апраналі дзяцей крыху цяплей, чым сябе. Колькасць адзення на дзіцяці павінна быць умеранай, паколькі патлівасць выклікае прастуды часцей, чым пераахаладжэнне.

Ёсць просты прыём гартавання — хадзіць басанож. Стымуляцыя нервовых канчаткаў, якія знаходзяцца на ступнях, станоўча ўплывае на работу ўнутраных органаў. Дайце дзецям магчымасць дома хадзіць басанож. Не хутайце іх.

Пакой, у якім дзіця праводзіць большасць часу, неабходна штодня прыбіраць ад пылу і пастаянна праветрываць. Тэмпература паветра не павінна перавышаць 22оС. Аптымальная тэмпература для дзіцяці, калі яно не пацее і не мерзне, — 18—20оС. Безумоўна, паўнавартаснае і здаровае харчаванне, якое выключае бясконцыя перакусы салодкім, таксама з’яўляецца важным складнікам здароўя.


Гутарыла Наталля САХНО.