Хутка не значыць лепш?

Аўсяныя шматкі — папулярны і запатрабаваны прадукт як у дарослых, так і ў дзяцей. Бацькі цэняць яго за сытнасць i хуткасць гатавання, а дзеці — за далікатны смак і разнастайныя дадаткі. Шматкі некаторых вытворцаў дастаткова заліць кіпенем — і карысная і апетытная страва гатова да ўжывання.

Авёс змяшчае ў сабе такія карысныя рэчывы, як клятчатка, ненасычаныя тлустыя кіслоты, мікраэлементы (жалеза, кальцый, калій, фосфар і цынк), вітаміны (А, B1, B6, E, К, РР). Аўсяная каша паляпшае страваванне, спрыяе ўмацаванню сасудаў, паніжае ўзровень халестэрыну.

Аднак варта памятаць, што ў працэсе вытворчасці шматкоў хуткага гатавання зерне праходзіць працэс ачышчэння ад абалонак і зародка, шліфуецца, здрабняецца і папярэдне прапарваецца ці праходзіць апрацоўку высокім ціскам. У выніку губляецца мноства карысных рэчываў, якія якраз і ўтрым­ліваюцца менавіта ў абалонцы і зародку збожжа, а вялікая колькасць крухмалу, які хутка засвойваецца арганізмам, застаецца. Прадукты распаду крухмалу ўскладняюць работу падстраўнікавай залозы і павышаюць рызыку развіцця дыябету. Акрамя таго, каларыйнасць стравы са шматкоў вышэйшая, чым з суцэльназерневых прадуктаў, а гэта немалаважна для тых, хто вядзе пільны падлік калорый.

Не варта забываць, што ў кашы хуткага гатавання дадаюць дабаўкі, якія перашкаджа­юць злёжванню, — падсалоджвальнікі і араматызатары.

Калі вы хочаце захаваць у ежы максімум мікраэлементаў, вітамінаў і карысных рэчываў, навучыцеся гатаваць кашы з суцэльных злакаў. Цэльназерневыя кашы маюць прапарцыянальныя суадносіны пажыўных рэчываў і клятчаткі. Дзякуючы гэтаму, вугляводы і тлушчы засвойваюцца павольна і надоўга насычаюць арганізм. Зніжэнне вагі, ачышчэнне арганізма, паступленне карысных рэчываў, павышэнне настрою і павелічэнне энергіі — вось тыя выдатныя якасці, за якія любяць і шануюць суцэльназерневыя кашы.

Вольга ФІНСКАЯ,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.