Магутны антыаксідант

Амаль 50% тэрыторыі нашай краіны адносіцца да біягеахімічнага рэгіёна, у якім узровень селену ў глебе ніжэйшы за крытычны (0,1 мкг/кг), што абумоўлівае распаўсюджанасць у Рэспубліцы Беларусь гіпаселенозу. Для чаго нашаму арганізму патрэбен селен і што рабіць, каб папоўніць яго дэфіцыт?

Селен, паколькі з’яўляецца магутным антыаксідантам, удзельнічае ў сінтэзе глутаціон пераксідазы, якая з’яўляецца важным ферментам для працэсаў, якія абараняюць ліпіды клеткавых мембран ад пашкоджання. Пры рабоце селену разам з іншымі антыаксідантамі іх уздзеянне на арганізм узмацняецца. Напрыклад, пры сумеснай рабоце селену з вітамінам Е арганізму становіцца значна лягчэй змагацца з акісляльным стрэсам.

Гэты мікраэлемент здольны запавольваць працэсы старэння, а таксама, паводле даных шматлікіх даследаванняў, селен эфектыўны для зніжэння рызыкі развіцця раку, асабліва — печані, прастаты, лёгкіх і раку прамой кішкі.

Селен стымулюе ўтварэнне анты­цел — дапамагае правільнаму функцыянаванню імуннай сістэмы, аказваючы дапамогу ў барацьбе з бактэрыяльнымі і віруснымі інфекцыямі.

Селен рэгулюе функцыю шчытападобнай залозы. Вынікі шматлікіх даследаванняў паказваюць, што існуе сувязь паміж метабалізмам шчытападобнай залозы і дэфіцытам селену. Селен дзейнічае як каталізатар для вытворчасці актыўных гармонаў шчытападобнай залозы.

Яшчэ адна функцыя селену заключаецца ў тым, што ён зніжае таксічнасць цяжкіх металаў, утвараючы нерастваральныя комплексы і памяншаючы іх біядаступнасць.

Селен зніжае ры­зыку развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Па даных даследаванняў, нізкія канцэнтрацыі селену звязаны з павышанай рызыкай развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Лічыцца, што селен неабходны для нармальнага функцыянавання сэрца і сасудаў дзякуючы яго здольнасці змагацца з запаленнем, зніжаць свабоднарадыкальны акісляльны стрэс і дапамагаць антыаксідантнай актыўнасці.

Акрамя таго, селен павышае фертыльнасць: ён неабходны для забеспячэння рухомасці сперматазоідаў.

Да праяўленняў гіпаселенозу можна аднесці развіццё сардэчна-сасудзістых захворванняў, анкалагічных захворванняў, парушэнне функцый печані, хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, зніжэнне імунітэту і антыаксідантнай абароны.

Селен неабходны арганізму ў вельмі невялікай колькасці (мкг). Рэкамендавана спажыванне селену ў суткі залежыць ад узросту:

  • дзеці 1—3 гадоў — 20 мкг/дзень;
  • дзеці 4—8 гадоў — 30 мкг/дзень;
  • дзеці 9—13 гадоў — 40 мкг/дзень;
  • дарослыя і дзеці старэйшыя за 14 гадоў — 55 мкг/дзень;
  • цяжарныя жанчыны — 60 мкг/дзень;
  • жанчыны ў перыяд лактацыі — 70 мкг/дзень.

Для прафілактыкі гіпаселенозу рэкамендуецца дадаць у свой рацыён харчавання прадукты — крыніцы селену. А іх не так ужо і мала: гэта ў першую чаргу яйкі, печань (ялавічная, барановая), ныркі, ялавічына, свіное сала, а таксама часнок, насенне сланечніка, какос, фісташкі, бразільскі арэх, вотруб’е, соя.

Таксама варта звяртаць увагу на ­ўзбагачаныя селенам прадукты харчавання масавага спажывання (хлебабулачныя вырабы, малочныя прадукты, яйкі), якія можна знайсці на прылаўках нашых магазінаў.

Сяргей ЧЭПЕЛЕЎ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання
Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.